Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Матэрыялы мінулага тыдня на сайце Радыё Свабода, якія варта пачытаць на выходныя.

Зь дзясяткаў нашых паведамленьняў з Украіны ў самых розных жанрах і стылях немагчыма вылучыць штосьці адно, як з ракі Інфармацыі нельга вылучыць адну толькі хвалю, бо нішто ня скончылася, бо галоўнае на майдане – наперадзе. Асноўныя падзеі анансуюць на нядзелю 8 сьнежня, калі мае адбыцца Ўсеўкраінскае веча.

Але вось варта паглядзець на такія людзкія, зразумелыя і карысныя ў якасьці досьведу – нашы ўласныя фотарэпартажы:

1. Што ў рэвалюцыі ўнутры і Кухня Эўрамайдану – карэспандэнты Радыё Свабода ў Кіеве паказалі нам закулісу Эўрамайдану: як людзі там ядуць, адпачываюць, уцяпляюцца і проста жывуць.

2. Ян Максімюк пра дыгітальную сьмерць моваў – мала што цікавы, дык яшчэ й карысны матэрыял у рубрыцы «Варта», які ўтрымлівае канкрэтныя рэкамэндацыі. Вы беларускі патрыёт, але ня ведаеце, якім чынам выявіць свой патрыятызм? А хоць бы вось так: карыстайцеся беларускай вэрсіяй (вэрсіямі) Вікіпэдыі, інсталюйце беларускамоўныя вэрсіі кампутарных праграмаў і аплікацый, карыстайцеся беларускай мовай у пошукавай сыстэме Google... І ўяўляйце, што такіх, як вы, могуць быць сотні тысяч.

Наступныя тры тэксты – кожны пра свайго героя нашага часу:

3. Гуркоў: Які толк ад спартоўца, калі ён не прапагандуе мову, гісторыю сваёй краіны? – здавалася б, цалкам агульназразумелыя рэчы кажа дзесяціразовы чэмпіён сьвету ў тайбоксе, амаль банальнасьці. Але ж паглядзіце вакол сябе, паглядзіце далей, паглядзіце на дзяржаўныя тэлеканалы: ці шмат вы пабачыце спартоўцаў, якія б прапагандавалі мову і гісторыю?

4. Сяргей Андросенка: Гомасэксуальнасьць ёсьць натуральнай зьявай – праблема гамафобіі на нашым сайце асьвятляецца рэгулярна. Але гэтым разам зьявілася новая якасьць. Сяргей Андросенка, раней проста актывіст ЛГБТ руху, літаральна падчас нашай онлайн-канфэрэнцыі вырас да ўзроўню адказнага публічнага дзеяча, які прадстаўляе праблему ў маштабах краіны. Разавыя пратэсты ператвараюцца ў Тэму для Беларусі. Адначасова ваяўнічыя «харугваносцы» застаюцца на сваім узроўні дробнага перасьмешніцтва, лаянкі ды выпырскваньня сьліны.

5. Ціхан Чарнякевіч вярнуў мінкульту ягоную грамату – тут ня столькі матэрыял, колькі падзея, учынак, прыклад таго, што і ва ўмовах, калі паводзіцца прыстойна немагчыма, усё ж магчыма менавіта паводзіцца прыстойна. Інфармацыя зьявілася ў ЖЖ Ціхана Чарнякевіча, а Свабода стала першым СМІ, які гэта надрукаваў.

6. Новы беларускі рок: па-за палітыкай? – тэма дыскусіі адначасова і бясконцая і бясконца цікавая, што здараецца рэдка. І асабліва рэдка гэтая тэма адкрыта абмяркоўваецца ў беларускіх СМІ. Ну прыгадайце папярэднюю такога кшталту дыскусію?

А вось і ўражвальнае відэа да гэтай тэмы:

7. Беларусы ў Вільні – «Глядзіце, колькі нас!». Відэа Свабоды – столькі, што цяжка паверыць. І хто пасьля гэтага будзе казаць пра эўраныцікаў ці пра тое, што: эх, ну чаму ж беларусы – не ўкраінцы.

P.S. Але ўсё ж пералічанае збольшага – для «прабежкі вачыма», пры ўсёй вартасьці гэтых матэрыялаў. Для тых жа, каму мілей узяць у рукі кнігу, а не газэту, раю «Падарожжы» Зьмітра Бартосіка і «Каляндар» Альгерда Бахарэвіча. Я не ўключаў іх у сямёрку, бо вартасьць тэкстаў там нязьменная і не залежная ад абранага тыдня.
XS
SM
MD
LG