Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Вось і скончылася інтрыга наконт вакантнай пасады дзяржсакратара Рады Бясьпекі. Каля месяца гэтае месца было вакантным. Што дало падставу для самых розных, часам экзатычных прагнозаў і вэрсій.

Сапраўды, пасада дзяржсакратара Рады Бясьпекі у беларускай дзяржаўнай іерархіі даволі важная. Рада курыруе сілавыя і праваахоўныя органы, якіх сёньня ў Беларусі каля дзесятка. Увогуле, сілавыя структуры — любімая цацка ўсіх дыктатараў, ім заўсёды надаецца асаблівая ўвага ў недэмакратычных рэжымах. Тым болей напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, ва ўмовах складанай сацыяльна-эканамічнай сытуацыі, на тле кіеўскіх падзеяў. Таму лягічна было меркаваць, што гэтую пасаду павінна заняць надзвычай набліжаная да кіраўніка дзяржавы асоба. І, натуральна, першым кандыдатам у прагнозах быў сын прэзыдэнта Віктар Лукашэнка.

Але ўсё атрымалася з дакладнасьцю да наадварот. Ніколі раней пасаду дзяржсакратара Рады Бясьпекі не займаў чыноўнік з такой нізкай апаратнай вагой. Звычайна туды прызначаўся чалавек, які ці то працаваў кіраўніком нейкай сілавой структуры, ці займаў іншую высокую пасаду.

Аляксандар Мяжуеў — вайсковец, генэрал-маёр, працаваў далёка не на першых ролях у Міністэрстве абароны. Яшчэ больш уражвае ягоная апошняя пасада — кіраўнік камісіі Палаты прадстаўнікоў. Вядома, што ў беларускай сыстэме ўлады так званы «парлямэнт» — гэта кадравы адстойнік. Туды ссылаюць беспэрспэктыўных у сэнсе кар’еры чыноўнікаў перад пэнсіяй.

Што гэта ўсё азначае? Мая вэрсія палягае ў тым, што статус пасады дзяржсакратара Рады Бясьпекі рэзка паніжаны. Ён ператвараецца ў чыста тэхнічны.

Рэальныя паўнамоцтвы Рады Бясьпекі пераходзяць да памочніка прэзыдэнта па нацыянальнай бясьпецы. То бок да Віктара Лукашэнкі. Ён атрымаў дэ-факта паўнамоцтвы дзяржсакратара, застаючыся дэ-юрэ на сваёй цяперашняй пасадзе. А Аляксандар Мяжуеў будзе «зіц-старшынёй».

У такую канфігурацыю асоба былога дзяржсакратара Рады Бясьпекі Леаніда Мальцава ня ўпісвалася. Ён — заслужаны дзеяч, генэрал-палкоўнік, восем гадоў быў міністрам абароны, меў вялікі аўтарытэт сярод вайскоўцаў і сілавікоў. Сытуацыя, калі Мальцаў вымушаны быў падпарадкоўвацца Віктару, зьяўлялася няёмкай для ўсіх.
Калі аўтарытэтны чалавек, цяжкавагавік займае адказную пасаду ў сілавой структуры — гэта ў пэўным сэнсе небясьпека для ўлады Лукашэнкі

Зь іншага боку, калі аўтарытэтны чалавек, цяжкавагавік займае адказную пасаду ў сілавой структуры — гэта ў пэўным сэнсе небясьпека для ўлады Лукашэнкі. Бо ў крытычны момант ён можа павесьці сябе непрадказальна. Напрыклад, адмовіцца кінуць войска на дэманстрантаў. Менавіта таму напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году Мальцаў быў нечакана звольнены з пасады міністра абароны і прызначаны дзяржсакратаром Рады Бясьпекі. На гэтым новым для яго месцы яму патрэбен быў час, каб агледзецца, зразумець мэханізмы кіраваньня, рычагі ўплыву і іншае. І цяпер, калі ён гэта зразумеў, яго адправілі кіраваць памежнікамі. Такая ганаровая ссылка. Такім чынам, у выніку гэтай апэрацыі адначасова адбылася нэўтралізацыя небясьпечнага аўтарытэтнага Мальцава і расчыстка дарогі да ўзмацненьня пазыцыі Віктара.

Калі б сын прэзыдэнта заняў важную ў дзяржаўнай сыстэме пасаду дзяржсакратара Рады Бясьпекі, Аляксандра Лукашэнку вінавацілі б у сямейнасьці. Маўляў, дзяцей робіць высокімі начальнікамі. Народ ня любіць, калі вялікія чыноўнікі цягнуць за сабой сваіх нашчадкаў. Дык навошта яму лішнія размовы?

У выніку Віктар Лукашэнка займае малазразумелую для абываталя пасаду памочніка прэзыдэнта па нацыянальнай бясьпецы, асабліва ня сьвеціцца ў мэдыях. І адначасова рэальна кантралюе сілавыя структуры пры «зіц-старшыні» Мяжуеве. І тым самым забясьпечвае надзейнасьць кантролю над сілавікамі, што вельмі важна для дзейнага валадара.

Віктара Лукашэнку трэба было б выводзіць зь ценю толькі ў адным выпадку: калі становіцца актуальнай праблема пераемніка. Тады яго неабходна было б прызначаць на нейкую зразумелую для насельніцтва пасаду (міністра, кіраўніка вобласьці), забясьпечваць яму посьпех. Як зрабілі піар-карьеру для Дзьмітрыя Мядзьведзева, калі канструявалі зь яго будучага прэзыдэнта Расеі.

А паколькі Аляксандар Лукашэнка нікуды сыходзіць не зьбіраецца, праблема пераемніка не актуальная, то і мітусіцца няма чаго.
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG