Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вясна» і БХК лічаць Парфянкова палітвязьнем


Васіль Парфянкоў

Васіль Парфянкоў

Праваабарончы цэнтар «Вясна» і Беларускі Хэльсынскі камітэт патрабуюць неадкладна вызваліць грамадзкага актывіста Васіля Парфянкова і спыніць яго крымінальны перасьлед.

Праваабаронцы заявілі, што асуджэньне Парфянкова да пазбаўленьня волі зьяўляецца палітычна матываваным перасьледам.

6 сьнежня Першамайскі суд Менску паўторна асудзіў Парфянкова на адзін год пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму за парушэньне прэвэнтыўнага нагляду.

Праваабаронцы лічаць, што гэты прысуд накіраваны на тое, каб перашкодзіць грамадзка-палітычнай актыўнасьці Васіля Парфянкова.

«Разьбіральніцтва па гэтай справе не адпавядала стандартам справядлівага судовага разьбіральніцтва, а вынесенае пакараньне зьяўляецца відавочна не сувымерным і не прапарцыйным тым парушэньням, у якіх абвінавачвалі Парфянкова», — адзначаецца ў распаўсюджанай заяве.

Таксама праваабаронцы адзначаюць, што рознага кшталту абмежаваньні — ад прафіляктычнага ўліку да прэвэнтыўнага нагляду — устаноўленыя адносна 32 чалавек, асуджаных за Плошчу 19 сьнежня 2010 году. Яны былі вызваленыя з турмаў без пагашэньня судзімасьці. Прэвэнтыўны нагляд устаноўлены таксама адносна нядаўна вызваленых палітвязьняў Зьмітра Дашкевіча і Аляксандра Францкевіча.

«Гэтыя абмежаваньні зьяўляюцца элемэнтам кантролю ўладаў над грамадзкімі і палітычнымі актывістамі. Крымінальны перасьлед за парушэньні раней устаноўленага прэвэнтыўнага нагляду ў дачыненьні Васіля Парфянкова, Уладзя Яроменка, устаноўлены прэвэнтыўны нагляд у дачыненьні да Паўла Вінаградава зьяўляюцца яскравым прыкладам такога кантролю», — адзначаецца ў заяве.
Гэтыя абмежаваньні зьяўляюцца элемэнтам кантролю ўладаў над грамадзкімі і палітычнымі актывістамі

Праваабаронцы заклікаюць спыніць практыку крымінальнага перасьледу палітычных і грамадзкіх актывістаў і зьняць судзімасьці з раней вызваленых палітзьняволеных.

У лютым 2011 году Васіля Парфянкова асудзілі да чатырох гадоў турмы за ўдзел у акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў, а ў жніўні таго ж году яго памілавалі згодна з прэзыдэнцкім указам.

Пасьля вызваленьня Парфянкоў працягваў грамадзкую дзейнасьць, яго неаднаразова затрымлівалі за ўдзел у акцыях падтрымкі беларускіх палітвязьняў.

У 2011 годзе пасьля ўдзелу ў мірным сходзе салідарнасьці з палітвязьнямі актывіста арыштавалі на 12 сутак. 5 студзеня 2012 году суд Першамайскага раёну Менску ўстанавіў прэвэнтыўны нагляд за Парфянковым на адзін год. Паводле праваабаронцаў, гэта было зроблена, каб прадухіліць яго грамадзкую дзейнасьць і ўдзел у мірных сходах.

Летась 29 траўня Васіля арыштавалі на 6 месяцаў за парушэньне ўмоваў прафіляктычнага нагляду, устаноўленага судом. Праваабаронцы прызналі гэты прысуд палітычна матываваным, а Парфянкова палітвязьнем.
XS
SM
MD
LG