Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Ён памёр. Ён памёр, бо ня быў створаны для жыцьця. Ён памёр так, як паміраюць наглядчыкі за рабамі — сканаў, выконваючы свае ганебныя абавязкі, вылупіўшы чырвоныя вочы, паваліўся пысай у гразь, усёй свай пыхай у дзярмо, упыр з партбілетам, у адной руцэ — бізун, у другой — зашмальцаваная кніжачка, убогі, жорсткі, з асалавелымі вачыма наркамана, даўно прагнілы знутры, паедзены невылечнымі хваробамі, пра якія іншыя саромеюцца гаварыць уголас. Памёр — і калі бывае на сьвеце сьмерць, якая можа выклікаць радасьць, дык гэта была менавіта яна. Ён проста ня меў шанцаў, бо чужая кроў — ня тая субстанцыя, на падмурку зь якой можна танцаваць бясконца.

Вялікі, магутны, савецкі. Сьмешны, пошлы і няўклюдны ў сваім бясьсільлі. Ён быў мёртвы ад самага пачатку, асуджаны з дня свайго заснаваньня. Тое, што адбылося 8 сьнежня 1991-га, усяго толькі задаволіла прагу паперы да знакаў.

Непарушны саюз. Плявок на тваю магілу мусіць быць кароткі, як стрэл, і трапны, як паштовы штэмпэль.

Ён памёр. А што яшчэ магло здарыцца з шытай лялькай вуду, у якой скончылася яе злая, штучная, надзьмутая ў яе сьлінявымі вуснамі бяздарных шаманаў сіла? Тыя некалькі мужчын, якіх гісторыя выпадкова ўзяла ў якасьці судмэдэкспэртаў-патолягаанатамаў, і закінула ў Белавескую пушчу, каб дакумэнтальна зафіксаваць доўгачаканую сьмерць, усяго толькі канстатавалі факт. «З прывідам, які перасьледаваў ваш род, нарэшце назаўжды пакончана», — як патэтычна прамаўляе інспэктар Лестрэйд у «Сабаку Баскервіляў». І словы пра род тут будуць абсалютна дарэчы: гэты ўзброены мярцьвяк у канаве, які так хутка расклаўся на атамы, быццам яго й не было, існаваў як для мільёнаў менавіта як фамільны праклён. Няма сям’і, якой ён не прычыніў бы гора. Ён забіваў, гнаў, зьдзекаваўся, душыў, прыніжаў, запалохваў — ён пазбаўляў гордасьці, прадукаваў лёкаяў і падхалімаў, ён жывіўся нашымі інстынктамі, найперш — інстынктам самавыжываньня. Ён ператравіў у сваіх нутрох столькі чалавечай годнасьці, што спадзяваўся ў апошнія дні прынамсі на дастойныя праводзіны. Наіўнасьць ідыёта. Так што судмэдэкспэртамі ёсьць мы ўсе. Тыя, хто born in the USSR і тыя, хто ня born: ўнукі і праўнукі слуг зьнішчылі такую тэрыторыю і засялілі яе сваімі кашмарамі, ад якіх яшчэ доўга будзе скаланацца пакінутая імі цемень.

Ён памёр. Паласнуў сябе па яйцах у параксізьме самалюбаваньня, стукнуў сябе молатам па цемечку і — «паваліўся нехта». Сьмешная, фарсавая сьмерць. Гэта было самагубства, пасьля якога ўсе адчулі палёгку. Усё стала на свае месцы. Далей — безь яго. А яго больш няма: і ў часе сэканд-гэнд пуста. Апісваць яго — значыць апісваць пустату.

Ён памёр — але абяцаў вярнуцца. Толькі дарогу назад яму ўжо не знайсьці. Хай блукае ў сваім пекле, і забірае з сабой усіх прафэсійных плакальнікаў і плакальніц, хто — а на каго ж ты нас пакінуў, радной!!! — залівае гаручымі сьлязьмі яго сьмярдзючае галіфэ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG