Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Начальнік Кіева і жыхары спальнага раёну пра Майдан


Лягер пратэстоўцаў на Майдане незалежнасьці

Лягер пратэстоўцаў на Майдане незалежнасьці

Не Майданам адзіным жыве Кіеў — адпраўляючыся да мэтро «Сьвятошын» я хацела адначасова праверыць гэтую вэрсыю і на ўласныя вочы пабачыць кіраўніка гораду Аляксандра Папова.

Пасьля таго як кіеўскую мэрыю захапілі пратэстоўцы і зрабілі ў ёй штаб нацыянальнага супраціву, Папоў стаў начальнікам-вандроўнікам. Але, кажуць кіяўляне, працы сваёй не спыніў.

«Ён някепскі гаспадарнік, — распавядала мне ўкраінская калега, адпраўляючы на прэсавую канферэнцыю Папова. — Калі пачаўся Майдан, ён прыйшоў да людзей, спытаўся, што ім трэба. Проста не пашанцавала чалавеку».

Наколькі Папову не пашанцавала, звонку сказаць цяжка. У ягонай біяграфіі сяброўства ў прэзыдэнцкай «Партыі рэгіёнаў», дэпутацкая кар’ера і міністэрскі партфэль. Пасаду міністра жыльлёва-камунальнай гаспадаркі ва Ўкраіне стварылі «з нуля» і аддалі Папову па прадстаўленьні тады яшчэ прэм’ер-міністра Віктара Януковіча. А калі Віктар Януковіч стаў прэзыдэнтам, дык хутка прызначыў Папова кіраўніком кіеўскай адміністрацыі.

Пра сілу «народнай любві» да Аляксандра Папова можа сьведчыць надпіс на будынку той самай адміністрацыі, які зьявіўся ўжо падчас пратэстаў.



Сёньня ў раскладзе дня кіеўскага кіраўніка была інспэкцыя рэканструкцыі праспэкту Перамогі. У чаканьні прыбыцьця Папова я аглядаю новы прыпынак грамадзкага транспарту. Шкляна-мэталічная будыніна мае нават тэлевізар і лаўку з падагрэвам.

«Дык гэта паказуха, тут праз пару гадзінаў нічога не застанецца, — тут жа на сьвежаўсталяваным прыпынку тлумачыць мне дзяўчына. — Гэта бандыцкі раён, я ж тут жыву. Вось па тых вуліцах нават хадзіць страшна», — і яна махае рукою за помнік першаму прэзыдэнту Ўкраінскай акадэміі навук Ўладзімеру Вэрнадскаму.



Папоў зьяўляецца ў суправаджэньні чыноўнікаў і ахоўнікаў. Журналістаў, якія сабраліся на яго паглядзець, прынамсі ў два разы болей. Кіраўнік гораду энэргічна даведваецца, колькі каштуе прыпынак (150 тысяч грыўняў), выслухоўвае тлумачэньні інжынэра, бадзёрым крокам спускаецца ў новы падземны пераход, а на другім баку праспэкту яго ўжо чакае пераносная трыбуна для прэсавай канферэнцыі.

Рэканструкцыя журналістаў не цікавіць. «Калі вы вернецеся ў свой кабінэт, — перабіваючы адзін аднаго пытаюцца яны.

«Я пляную вярнуцца ў кабінэт, калі пройдуць сьледчыя дзеяньні па захопу будынку. З майго пункту гледжаньня былі зробленыя неправамоцныя дзеяньні. Апроч вакон, мэблі, аргтэхнікі, былі разьбітыя пульты кіраваньня сыстэмы аховы будынку, на які выводзілася ўпраўленьне відэакамэрамі, асьвятленьня і іншае».

Мэр Аляксандар Папоў (у цэнтры) адказвае на пытаньні журналістаў.

Мэр Аляксандар Папоў (у цэнтры) адказвае на пытаньні журналістаў.



«Што тычыцца ялінкі на Майдане, я спадзяюся, што да новага году палітыкі гэтае пытаньне вырашаць, — адказвае Папоў на пытаньне, што будзе з галоўнай ялінкай краіны.

Цяпер ялінка на Майдане выглядае так:


А кіяўляне каля мэтро «Сьвятошын» — людзі занятыя. Зь дзясятак проста адмаўляюцца адказваць на пытаньні, бо «вельмі сьпяшаюцца» ці проста «не». Але ў адзінаццаці ўсё ж удаецца запытацца, як яны ставяцца да таго, што адбываецца на Майдане:

Пётр

Пётр



Спадар Пётр самы гаваркі. Адразу кажа, што журналісты ўсе заказныя і пішуць толькі няпраўду. «Я не падтрымліваю! Я люблю, каб парадак быў. Любая ўлада мусіць сябе абараняць. Хто туды выйшаў? Я ня ведаю, адкуль іх панабіралі! Гэта падрыхтаваныя людзі ад гэтых аранжавых, якіх яны ў лягерах падрыхтавалі, дзякуй богу, што не ўзброілі... Гэты "Удар" (партыя Клічка), гэты прыдурак у акулярах... як яго.. Яцанюк! Улада мусіць увесьці надзвычайнае становішча!».

Падтрымлівае спадар Пётр «рэгіяналаў» («Партыя рэгіёнаў» — партыя Віктара Януковіча).

Сьвятлана

Сьвятлана



Сьвятлана пасыпае пяском прыступкі ў пераход: «Я на Майдан не хаджу. Баюся. Чаго я туды пайду. Хай палітыкі самі вырашаюць свае пытаньне. А я свае дворніцкія пытаньні буду вырашаць. Чаго мне туды лезьці».

Фатаграфавацца Сьвятлана ня хоча.

Ірына

Ірына


Ірына кажа, што на Майдане яшчэ не была, бо толькі вярнулася ў горад: «Я добра стаўлюся. Падтрымліваю на 100 працэнтаў. Малайцы — што яшчэ сказаць. Так трымаць! І дзеці, і ўнукі ўсе ў нас падтрымліваюць, уся сям’я».

Кацярына

Кацярына



Кацярына на Майдане была і працуе там валянтэрам: «Пазытыўна стаўлюся. Людзі адстойваюць свой пункт гледжаньня».


Алег

Алег



Меркаваньне Алега нельга аднесьці ані да адназна пазытыўнага, ані да нэгатыўнага. «Я вельмі патрымліваю тое, што адбываецца. Але зь іншага боку — я, шчыра кажучы, баюся, каб гэта не перарасло ў масавыя хваляваньні. Бо гістарычны досьвед падказвае, што такія пратэсты могуць перарасьці ў "бі, напрыклад, капіталістаў", да нейкай крыві прывесьці. Гэтага я баюся.
Мяне моцна не задавальняе цяперашняя ўлада. Гэта рабаўнікі і несумленныя людзі, якія раскрадаюць краіну. Але баюся, каб не скончылася крывёю.
Я спадзяюся, што ўсё будзе добра. Кожны дзень пра гэта думаю».

У выніку — 6 чалавек падтрымліваюць і вітаюць, аднаму — усё адно, 3 не падтрымліваюць з розных прычынаў. А Алег спадзяецца, што ўсё будзе добра.
XS
SM
MD
LG