Лінкі ўнівэрсальнага доступу

6 сьнежня ў хрысьціянскім сьвеце адзначаецца Дзень сьвятога Мікалая. За савецкім часам у Беларусі хрысьціянскага сьвятога замянілі на пэрсанажа славянскай міталёгіі Дзеда Мароза, якога шануюць і цяпер. Тым часам беларускія рыма-каталікі і ўніяты адраджаюць культ сьвятога Мікалая, адзначаюць Мікалайкі.

Дзень сьвятога Мікалая — першае зімовае сьвята, яно дае мне настрой на наступны месяц — да самага, вельмі любімага ў нашай сям’і, дня Трох Каралёў, які прыпадае на 6 студзеня. Прыемна, калі за вакном падае сьняжок, увечары можна сабрацца дома за сьвяточнай вячэрай, запаліць сьвечкі, паразмаўляць пра прыемныя падзеі мінулага году, успомніць родных. Можна ўжо слухаць калядную музыку, адкаркаваць прызапашаную бутэльку, дапусьцім, партугальскага «порта», цёплага густачырвонага віна з паўднёвай каталіцкай краіны. Плюс да гэтага можна ўключыць польскае тэлебачаньне, дзе будзе панаваць сьвяточны настрой.

У Польшчы менавіта з гэтага дня пачынаецца калядны пэрыяд. Сёньня ў Варшаве ў Віляноўскім палацы і былых каралеўскіх садах запаліцца новая ілюмінацыя: 150 тысяч рознакаляровых лямпачак, на Нацыянальным стадыёне пройдзе канцэрт.

Беларуска Аліна, якая жыве ў Варшаве, кажа, што ў Польшчы сьвята адчуваецца найперш у крамах. У іх пачынаюцца зьніжкі: на касмэтыку, вопратку, на дзіцячыя рэчы. Гэта найперш нагода прадаць пабольш, кажа Аліна. І таксама гэта сьвята, якое нагадвае дзень сьвятога Валянціна: палякі дораць адзін аднаму невялікія прэзэнты. Можна яшчэ дадаць, што «мікалайкі» ўзьнімаюць настрой, калі да Калядаў і Новага году яшчэ ня так блізка.

На Дзень сьвятога Мікалая ў Горадні якраз выпаў першы сьнег, а на плошчах паставілі навагоднія яліны. Аднак сьвяты Мікалай не ўшаноўваецца ў горадзе, як і ва ўсёй краіне, з савецкіх часоў. Мікалайкі адзначаюць толькі ў некаторых сем’ях. На першым пляне ў нас, як заўжды, Дзед Мароз. На другую палову сьнежня заплянаваны нават забег Дзедаў Марозаў на стадыёне «Нёман»...
Першы сьнег у Горадні

Першы сьнег у Горадні


Грэка-каталіцкі сьвятар з Горадні айцец Андрэй Крот мяркуе, што сьвяты Мікалай і Дзед мароз — гэта розныя пэрсанажы. Таму што апошні зь іх —проста казачны чараўнік, які прыносіць дзецям, якія сябе добра паводзяць, падарункі. А сьвяты Мікалай — гэта хрысьціянскі дабрадзей.

«У нашай парафіі такая традыцыя: сьвяты Мікалай прыносіць падарункі ня толькі нашым дзецям, але найперш тым дзецям, якіх мы ахінаем нашай дабрачыннай дапамогай, дзецям-інвалідам. Мы тлумачым ім, што гэта быў чалавек, які меў вялікія багацьці, але раздаў іх тым, хто быў у патрэбе. І што мы таксама павінны імкнуцца да гэтага, каб стаць такімі, як сьвяты Мікалай, дзяліцца тым, што ў нас ёсьць», — зазначае айцец Андрэй.

Сьвятар ня лічыць патрэбным «рабіць нейкую вайну паміж Дзедам Марозам і сьвятым Мікалаем», у сваёй парафіі яны проста стараюцца ўводзіць старую традыцыю, і дзеці ўжо ведаюць сьвятога Мікалая і радыя яму.
Яліна на плошчы перад гарвыканкамам на фоне камяніц часоў караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага

Яліна на плошчы перад гарвыканкамам на фоне камяніц часоў караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага


Ушаноўваць сьвятога Мікалая альбо Мікулаша — старая славянская традыцыя. Як згадваюць старыя жыхары Заходняй Беларусі, у гэты дзень сьвятар абавязкова наведваў хаты парафіянаў, абыходзіў хутары, якіх было мноства, каб спаткацца з кожнай сям’ёй. Для дзяцей меў цукеркі.

Сёньня гарадзенскія газэты паведамляюць пра «сядзібу Дзед Мароза» ў Белавескай пушчы, пішуць, што туды возяць школьнікаў. Пушча, як вядома, падзеленая калючым дротам мяжы паміж Беларусьсю і Польшчай, — у другой яе частцы шануюць традыцыю «Мікалаек».
Cьвяточная яліна на Каралеўскім пляцы ў Варшаве

Cьвяточная яліна на Каралеўскім пляцы ў Варшаве

  • 16x9 Image

    Сяргей Астраўцоў

    Нарадзіўся 11 красавіка 1959 г. у Менску. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускага пэн-цэнтру, выдаў сем кніг прозы і публіцыстыкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG