Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацыянальны гістарычны музэй датэрмінова зачыніў выставу, прысьвечаную 80-годзьдзю Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Адміністрацыя музэя тлумачыць гэта тэхнічнай неабходнасьцю. Пісьменьнікі, аб’яднаныя ў незалежны саюз, выказваюць расчараваньне.

Унікальная выстава абістых рэчаў вядомых беларускіх пісьменьнікаў, а таксама мастацкія фотапартрэты сяброў найстарэйшай пісьменьніцкай арганізацыі была адкрытая 27 лістапада і прысьвечаная 80-годзьдзю Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Выстава мела доўжыцца да 8 сьнежня, але зачынілася датэрмінова. Дырэктар музэю Алег Рыжкоў факт закрыцьця патлумачыў гэтак:

«Тут нейкае непаразуменьне з датай. Гэтая выстава была не заплянаваная паводле каляндарных плянаў. Мы не дамаўляліся, да якой даты яна мусіць працаваць, а паводле магчымасьці. Таму яна прапрацавала два тыдні, а сёньня тут мантажуецца плянавая выстава. Таму з нашага боку былі выкананыя ўсе дамоўленасьці».

Выстава ў гонар 80-годзьдзя Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і прэзэнтацыя календара «Першапачатак» адбыліся пры падтрымцы Міністэрства культуры і Нацыянальнага гістарычнага музэю. Але ўдзелу ў імпрэзе адкрыцьця прадстаўнікі гэтых дзяржаўных устаноў ня бралі. Як паведаміў старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Барыс Пятровіч, напачатку плянавалася пакінуць экспазыцыю да 15 сьнежня, затым скарацілі тэрмін да 8 сьнежня. А ў выніку выстава была зачыненая 3 сьнежня без папярэджаньня і тлумачэньня:

«Мы меркавалі, што выстава будзе працаваць да 8 сьнежня. Менавіта на гэтую дату мы арыентавалі тых, хто нам тэлефанаваў і хацеў пабачыць выстаўленыя экспанаты. Але мы выпадкова даведаліся, што выстава датэрмінова зачынілася. Здарылася гэта нечакана, бо нас ніхто не папярэджваў. Зараз мы забіраем экспанаты і вяртаем тым, хто нам іх даваў, гэта значыць Рыгору Іванавічу Барадуліну, Нілу Сымонавічу Гілевічу, Ірыне Міхайлаўне Быкавай. Тым ня менш, мы ўдзячныя музэю, што гэтая выстава адбылася».
Экспанаты выставы

Экспанаты выставы


У экспазыцыі выставы былі зьмешчаныя рэчы, якія належаць сем’ям пісьменьнікаў: дыпляматычны пашпарт Васіля Быкава, друкарка Рыгора Барадуліна, пісьмовы камплект Максіма Танка, арыгінал «Сказа пра Лысую гару» Ніла Гілевіча і многія іншыя рэдкія экспанаты.
Партрэт Рыгора Барадуліна

Партрэт Рыгора Барадуліна


Паэт Генадзь Бураўкін, які прысутнічаў на ўрачыстасьці адкрыцьця, шкадуе, што ўнікальная выстава завершылася гэтак хутка:

«Шкада, бо выстава была вельмі цікавая, экспазыцыя складзеная вельмі добра. І былі рэчы, міма якіх прайсьці немагчыма чалавеку, які любіць нашую культуру, нашу літаратуру. Бо гэта зьвязана зь імёнамі і Быкава, і Брыля, і Танка. Я лічу, што ў такім музэі і пад такой рубрыкай — да 80-годзьдзя Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, а не чаргінцоўскага — гэта крок вельмі і вельмі неблагі. А ведаючы нашую сытуацыю, я не хачу асуджаць. Магчыма, яны вымушаныя былі гэта зрабіць».

Партрэт Генадзя Бураўкіна ў выяве міфічнага героя-казачніка быў таксама зьмешчаны ў экспазыцыі выставы.
Партрэт Генадзя Бураўкіна

Партрэт Генадзя Бураўкіна


Партрэт яшчэ адзнаго сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, паэта Міхась Скоблы, на якім ён увасоблены ў міфічнага героя-лазьніка, там таксама можна было пабачыць. Пра закрыцьцё выставы Міхась Скобла кажа гэтак:

«Значыць, для кагосьці гэта дывэрсія — дыпляматычны пашпарт Быкава, рукапісы Ніла Гілевіча і Ўладзімера Караткевіча, выдатныя партрэты, на якіх Уладзімер Арлоў, Анатоль Вярцінскі. Зроблена вялікая праца, і шкада, што гэта толькі на тыдзень. Я б на месцы гэтага музэю пакінуў бы гэтую выставу ў пастаяннай экспазыцыі. Шкада, што так адбылося».

Тым часам кіраўніцтва Саюзу беларускіх пісьменьнікаў намерваецца працягнуць мастацкія імпрэзы, прэзэнтацыі і творчыя вечарыны, прысьвечаныя 80-годзьдзю СБП.
XS
SM
MD
LG