Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фільм Кшыштафа Лукашэвіча «Жыве Беларусь!» сёньня прэзэнтуюць у конкурснай частцы Міжнароднага кінафэстывалю на Багамах. Раней фільм паказалі ў Індыі ў Гоа.

Фільм на кінафэстывалі пакажуць у Кінатэатры імя Джона Фіцджэральда Кенэдзі ў сталіцы краіны Насау двойчы — 6-га сьнежня а 7-ай вечара і 7-га сьнежня у 18:15 па мясцовым часе. Фільм бярэ ўдзел у галоўным конкурсе мастацкіх фільмаў «Дух Свабоды».

Паводле арганізатараў, фільм «Жыве Беларусь!» прыцягнуў іх увагу незвычайнай тэматыкай і мастацкай рэалізацыяй

Акрамя «Жыве Беларусь!» за ўзнагароды пазмагаюцца фільм амэрыканскага рэжысэра Томэра Альмагора «9 поўняў», француская стужка «Месца на Зямлі», «Дом» Джона Олівэра з ЗША ды іншыя. Пераможцы будуць аб’яўленыя 8-га сьнежня.



Багамскі Міжнародны кінафэстываль (BIFF) ад 2004 году штогадова адбываецца на пачатку сьнежня. Яго мэта — прэзэнтацыя найлепшых фільмаў апошняга часу з розных частак сьвету і папулярызацыя выспаў для замежных турыстаў. Удзел у фэстывалі традыцыйна бяруць зоркі клясы А. Раней фэстываль наведалі знакамітасьці як Джоні Дэп, Ніклас Кэйдж, Лоўрэнс Фішборн, Алан Аркін, Грэм Хізар і многія іншыя.

25 лістапада фільм «Жыве Беларусь!» быў прэзэнтаваны на Міжнародным кінафэстывалі ў Індыі (IFFI) у сэкцыі «Сусьветная панарама». На паказ прыйшлі больш за сто чалавек, як індусы, так і замежнікі.

Міжнародны кінафэстываль у Індыі — адзін з найбуйнейшых і найбольш прэстыжных кінафорумаў у Азіі. Фэстываль адбываецца кожны год ад 1952 г. Яго мэта — «прэзэнтацыя найлепшых фільмаў з усяго сьвету, абмен паміж культурамі, прамоцыя сяброўства паміж людзьмі ва ўсім сьвеце».



Сьлёганам кінафэстывалю зьяўляецца вытрымка зь ведычных пісаньняў Маха: «Гэта для мяне, а тое для іншага — гэта мысьленне звычайнага абывацеля. Для людзей з шырокім сьветаглядам, лібэралаў і высакародных людзей, увесь сьвет — адна вялікая сям’я».

Галоўную ўзнагароду «Залаты паўлін» на сёлетнім кінафэстывалі ў Гоа ўзяў фільм «Вайна Бэатрыс». Гэта першы мастацкі фільм, зьняты цалкам ва Ўсходнім Тыморы.

Фільм «Жыве Беларусь!» зьняты ў 2012 годзе польскім рэжысэрам беларускага паходжаньня Кшыштафам Лукашэвічам паводле сцэнара, напісанага супольна з Францішкам Вячоркам. У фільме зьняліся беларускія акторы.



Фільм апавядае пра сучасную Беларусь. Маладога рок-музыку Мірона Захарку забіраюць у войска, а гурт трапляе ў чорныя сьпісы. У войску ён пачынае весьці дзёньнік у інтэрнэце, дзе апісвае дзедаўшчыну і ўмовы службы. Дзёньнік перарастае ў адкрытае супрацьстаяньне з рэжымам.

Фільм здымаўся ў лістападзе-сьнежні 2011 году ў Польшчы. Аднак Амбасада Беларусі ў Польшчы рэзка асудзіла фільм і заклікала не паказваць у кінатэатрах

Фільм часткова заснаваны на фактах біяграфіі Францішка Вячоркі.

Фільм быў паказаны на кінафэстывалях у Канах, Бэрліне, польскім Цешыне (Польшча), Леўвардэне (Нідэрлянды), Кіеве (Украіна), Быдгашчы (Польшча), Торуні (Польшча), Сэтубале (Партугалія), Чыкага (ЗША), Таронта (Канада), Празе (Чэхіі), Вільні (Літва) і інш. Фільм уганараваны гран-пры на кінафэстывалях у Вене (Аўстрыя), Варшаве (Польшча), Стамбуле (Турэччына), прызам глядацкіх сымпатыяў — у Гдыні (Польшча), за найлепшы сцэнар — у Брусэлі (Бэльгія), за найлепшую музыку — у Трускаўцы (Украіна).

Музыку да фільму напісаў Лявон Вольскі.

Актору Анатолю Кату за ўдзел у фільму скасавалі кантракт на дзяржаўнай кінастудыі.
XS
SM
MD
LG