Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя папярэдзіла былога палітвязьня Зьмітра Дашкевіча, што прэвэнтыўны нагляд за ім можа стаць больш жорсткім.

«Кожны першы, трэці і чацьвёрты чацьвер месяца я хаджу адзначацца ў міліцыю Першамайскага раёну Менску. Інспэктар уручыў мне пастанову, у якой гаворыцца, што калі я буду і далей аказваць супраціў супрацоўнікам міліцыі, прэвентыўны нагляд у дачыненьні да мяне будзе працягнуты і стане больш жорсткім», — заявіў Дашкевіч БелаПАН вечарам 5 сьнежня.

6 лістапада Дашкевіча арыштавалі на трое сутак. У той дзень каля ГУМу ён зьбіраў подпісы за вяртаньне менскай вуліцы Леніна яе гістарычнай назвы — Францішканскай. За гэта яго супрацоўнікі міліцыі і затрымалі. У судзе сьведкі-міліцыянты заявілі, што Дашкевіч «упіраўся, сядаў на зямлю і не падпарадкоўваўся іх законным патрабаваньням».

Дашкевіч патлумачыў інспэктару, што быў асуджаны на падставе сфальшаванага пратаколу.

Пастанову міліцыі Першамайскага раёну ён расцэньвае як «працяг курсу на перасьлед іншадумцаў».

Пад прэвэнтыўным наглядам Дашкевіч будзе знаходзіцца цягам паўгоду пасьля вызваленьня. Сустаршыні «Маладога фронту» забаронена пакідаць месца жыхарства з 20 да 6 гадзінаў.

28 жніўня Дашкевіч выйшаў на волю з гарадзенскай турмы № 1 пасьля амаль трохгадовага зьняволеньня. Ён быў арыштаваны напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году і асуджаны спачатку за «асабліва злоснае хуліганства», а пасьля за «злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы».
XS
SM
MD
LG