Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усё больш імкліва старыя беларускія шляхецкія сядзібы прыходзяць у заняпад. Усё часьцей іх выкупляюць прадпрымальныя людзі. Як правіла, з Расеі. З чым сутыкаюцца расейскія прадпрымальнікі ў Беларусі найперш? Мы едзем у маёнтак Паўлінава, што пад Баранавічамі.

Хуткасную трасу ад Менску да Берасьця падарожнікі звычайна пралятаюць, не спыняючыся амаль нідзе. Хоць на працягу ўсёй магістралі ад вачэй аўтамабілістаў схаваныя сапраўдныя архітэктурныя шэдэўры. Да якіх літаральна рукой падаць — варта толькі збочыць на пару кілямэтраў. За Баранавічамі, у раёне павароту на Слонім, раю знайсьці ўказальнік на Паўлінава. Вас чакае сапраўднае адкрыцьцё. Спачатку дарога, што ідзе празь лес, упрэцца ў разваленае савецкае вайсковае КПП. За гэтай спарудай вы заўважыце дзьве хрушчобы, у якіх жывуць вайскоўцы, і абслугу недалёкай вайсковай часткі.

Але варта зазірнуць за гэтыя савецкія будынкі, як перад вамі адкрыюцца руіны сапраўднага гатычнага палацу. Зь вежамі, зь фігурнымі вокнамі, з рэшткамі старога парка і некалі дагледжанай сажалкай. Нават у сёньняшнім выглядзе палацава-паркавы ансамбаль уражвае. Дзяўчынка, дачка афіцэра, якая гулялася ў двары, тое-сёе ведае пра гэтыя муры.

— Там жыў пан, і ў яго была жонка. Яе клікалі Паўліна. І калі пан паміраў, пасьля сьмерці сваёй жонкі, ён папрасіў свайго сына назваць вёску Паўлінава. І магілка Паўлінкі там ёсьць. У лесе.

Дзяўчынка толькі не ўзгадала імя стваральніка гэтай прыгажосьці. Клікалі яго Ян Антон Бохвіц. Паўстанец 63-га году. Асуджаны да расстрэлу, але памілаваны. Пасьля доўгай ссылкі ён вярнуўся на радзіму, пабудаваў гэтую сядзібу, якую назваў у гонар нябожчыцы маці Паўлінава. Вёў гаспадарку, вывучаў пладовыя расьліны, пісаў агранамічныя кнігі і заклаў на беразе рэчкі Качарыжкі гэты парк. Ягоны сын Тадэвуш быў бібліяфілам, сябраваў з самой Элізай Ажэшкай, якую памятаюць гэтыя сьцены. Але наколькі незвычайна было знайсьці ў савецкай вайсковай хрушчобе асобу, якая памятае самога Тадэвуша Бохвіца. Больш за тое, Бохвіц выратаваў ад сьмерці сям’ю маёй суразмоўцы. Хрысціна Лукінічна Бічэўская нарадзілася ў 37-м годзе ў Паўлінаве і ўсё жыцьцё жыве тут.

— Мама мая кароў даіла, тата працаваў садоўнікам у Бохвіцаў. Я памятаю яго. Нас, маму з тамам і сёстраў вялі расстрэльваць. І гэта Бохвіц нас вызваліў. Ён выратаваў нас. А чаго вялі? Ішоў нямецкі эшалён, і яго ўзарвалі партызаны. І падозраньне пала на тату. Ён, Бохвіц, сам невялікага росту, поўненькі. І ён нас выручыў. Нікога не расстралялі. А мы ішлі плакалі. І разумелі і не разумелі. Яшчэ скажу. Мы тут жылі падчас вайны. Не дазвалялі на вуліцу выходзіць. Мама мая насіла нямецкую кулю ў назе. І дзяцей нараджала. І ўрачы нямецкія яе вылечылі.

— Тут вельмі прыгожа было. Была каплічка на другім паверсе. Пасьля ўнізе, калі заходзіш, вельмі прыгожы камін быў.

— І Вы нарадзіліся тут.

— Так. І мама з тамам ажаніліся ў пана і жылі тут. Але немцы і маму, і сястру лячылі. Ня зьдзекаваліся з нас.

— Але ж яны маглі расстраляць.

— Запраста.

Прадпрымальнік Віктар жыве і працуе ў сталіцы. На радзіму наведваецца кожныя выходныя. І на палац бяз болю глядзець ня можа.

— Тут мае дзяды, бацькі, і сам я дзяцінства правёў тут. Я памятаю, якой сядзіба была раней і якой яна зрабілася цяпер. Раней, пасьля панскай сядзібы, тут быў санаторый лётнага саставу. Да 63-га году. Пасьля быў шпіталь. І ў 95-м яму прыйшоў канец. І пасьля было шмат жадаючых забраць будынак. «Аграбуд», сур’ёзная арганізацыя, зьбіралася забраць. Пасьля хацелі зрабіць Чарнобыльскі рэабілітацыйны цэнтар. Прыяжджалі два чалавекі зь Японіі. Але тады раённыя ўлады хацелі з гэтага нешта займець. І нічога не атрымалася. Перадавалі з рук у рукі. Аддалі на балянс ЖКГ. Яны ўсё тут разрабавалі. Бралі ўсё, што хацелі. Дошкі, бэлькі. Усё прадавалася. Я змагаўся з гэтым, як мог, бо балюча глядзець на гэта. Я тут нарадзіўся, тут усё маё дзяцінства прайшло. Пасьля ўсё гэта выкупіў недзяржаўны Інстытут правазнаўства і па частках гэта ўсё распрадае. Вось тут расейскі прадпрымальнік хоча адкрыць конефэрму.

Насамрэч расейскі прадпрымальнік Аляксандар Шныроў, падцягнуты, сівы спадар з афіцэрскай выпраўкай, хоча тут адкрыць ня конефэрму, а школу верхавой язды. Натхніла яго на ідэю кінуць Маскву і заняцца адраджэньнем старой Бохвіцавай стайні ягоная жонка Аксана, ураджэнка Баранавічаў.

— Ідэя харошая яшчэ тым, што ў дзеда Аляксандра Мікалаевіча прозьвішча было Разжывін. Таму наша прыватнае ўнітарнае прадпрыемства будзе называцца «Школа верхавой язды Разжывіна». Мы працуем для таго, каб жылі мы і добра жылі коні. Коні зарабляюць, а гатэль — гэта падтрымка фінансавая.

Ужо амаль тры гады яны адбудоўваюць стайню і будучы гатэль. І, гледзячы на тэмпы будаўніцтва, усё ідзе ня так проста.

— Тэхніка здабываецца якім чынам? Просіш за грошы, а табе адказваюць: «Нам трэба траншэю рыць. А тут сьвяты». Ну, хай у сьвяты тэхніка папрацуе. «Не, людзям трэба адпачыць». Дайце людзям зарабіць. «Не, у нас так не паложана». Мы год не маглі экскаватар дабыць.

У размову ўступае сам пан Аляксандар. Я прапускаю ветлівыя словы пра чысьціню нашых гарадоў і прыгажосьць нашых жанчын. Цікава, што ў Беларусі ўразіла расейскага прадпрымальніка зь непрыемнага боку.

— Праблема з рабочымі. Велізарная. Што ў Беларусі ўсе п’яніцы і падманшчыкі? Прычым незалежна ад таго, рабочыя яны ці начальнікі. Усе дураць і вымагаюць грошы. Такая дробязь. Крыўдна нават за людзей. Як можна? Па дробязі падманваць. А далей што?

— Нанялі будаўнікоў. Здаецца, нармальныя людзі. Прывезьлі. А 12-й гадзіне паперадзе сябе лапату штурхае, язык на барадзе.

— Абкрадаюць. Летась на дзьве тысячы скралі. Сёлета ізноў абакралі. Мужыкі, што вы хочаце? Як жыць зьбіраецеся? Ды гэта і не мужыкі нават.

— Нармальных можна знайсьці?

— Яны ўсе нармальныя. Проста іх трэба дысцыплінаваць неяк.

— Стаяць над імі з пугай.

— У іх няма інтарэсу ці чаго ў іх няма?

— Вы застаяцеся аптымістамі ці змагаецеся зь ветранымі млынамі?

— Я столькі разоў узбрыкваў, але дзякуючы жонцы я яшчэ тут і нешта працягваю рабіць.

— Я беларуска і я тут вырасла. Я ведаю, што такое бюракратыя. Бюракратыя ёсьць махровая, ёсьць лагодная. Ёсьць непрабівальная. А ёсьць такая, калі людзі займаюцца на сваёй працы працай. Дапамагаюць.

— А якой бюракратыі ў Беларусі болей?

— Прыходзіцца сутыкацца з такім: ты прыйшоў, а табе — «Чаго ты прыйшоў?» альбо «Ізноў Вы да мяне прыйшлі». Крыўдна.

Плянаў у сям’і Шныровых шмат. І гіпатэрапія для дзяцей хворых на цэрэбральны паралюш, і спаборніцтвы па конным пола. Але мне найбольш спадабалася ідэя з культываваньнем пароды «Беларускай запражной». Пароды, якая ў Беларусі ідзе на кілбасу.

— Коні добрага радаводу, добрага экстэр’еру. Добрыя ў выхаваньні. Яны ўраўнаважаныя. І яны прадказальныя. Яны ня скінуць дзіця. Бо не было каманды. У іхным характары няма злосьці. Памяркоўны беларус.

— Гэта можа быць фішкай.

— У нас шмат розных ідэй. Але яны не павінныя застацца ідэямі ў паветры.

— Але ці хопіць жыцьця, каб усё гэта выканаць.

— Жыцьця павінна хапіць. Мы не старыя людзі.

— Колькі мы ўжо займаемся?

— Два гады мы займаемся гэтым будаўніцтвам.

— І колькі будзем біцца яшчэ — невядома.

— Крыўдна тое, што ты нешта робіш, а некаторыя лічаць: о, масквічы ўсё захапілі. Расіяне ўсё скупілі. Рэстаран бы пабудавалі — бабкі бы касілі. Людзі не разумеюць, што ёсьць нейкая духоўная частка.

Добра, што знаходзяцца людзі, якія ў такіх умовах рызыкуюць укладаць свой час і грошы ў тое, на што беларуская дзяржава махнула рукой. У далёкіх плянах Шныровых і ачыстка сажалкі, і прывядзеньне ў парадак парку. Ня думаю, што Бохвіцы былі б супраць. Вось толькі Паўлінава ўсё ж павінна застацца Паўлінавым.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG