Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падчас фінансавага крызісу гомельскія чыноўнікі скуплялі кватэры


Віктар Піліпец

Віктар Піліпец

У Гомелі падчас фінансавага крызісу 2011 году мясцовая ўправа капітальнага будаўніцтва прадавала дзяржаўным службоўцам і іхным сваякам кватэры па цэнах, ніжэйшых за рынкавыя. З гэтага скарысталіся супрацоўнікі ўправы і чыноўнікі гарвыканкаму.

Справу з кватэрнымі махінацыямі разглядае Магілёўскі абласны суд. У злоўжываньні службовым становішчам і незаконным разьмеркаваньні кватэраў абвінавачваюцца былы старшыня гомельскага гарвыканкаму Віктар Піліпец, а таксама супрацоўнікі упраўленьня капітальнага будаўніцтва: Ігар Адарчанка, Валер Барысевіч, Антаніна Зелянок ды Ала Нізкоўская.

5 сьнежня на судовым пасяджэньні сьведка, брат адной з абвінавачаных, паведаміў, што цана набытай ім кватэры склала 160 мільёнаў рублёў. Паводле дзяржаўнага абвінаваўцы Дзяніса Кічыгіна, валютны эквівалент гэтай сумы складае 20 тысяч даляраў. Набыць кватэру па заніжанай цане яму прапанавала сястра. Пасьля таго як кватэрным пытаньнем зацікавілася кампэтэнтныя органы і яго пачалі выклікаць на допыты ў КДБ, ён адмовіўся ад набытай кватэры. Сьведка стаяў у чарзе на паляпшэньне жыльлёвых умоваў.

Адна з супрацоўніц управы, якую таксама дапыталі сёньня, прызнала, што яна набыла дзьве кватэры — для сваіх дачкі і сына. Пра магчымасьць іх прыдбаць даведалася ад калегаў. Продаж кватэраў выклікаў ажыятаж. Паводле сьведкі, людзі начавалі, каб аформіць дамовы на кватэры.

У матэрыялах справы згадваюцца каля трох дзясяткаў кватэраў, якія ў пэрыяд фінансавага крызісу ўпраўленьне капітальнага будаўніцтва прадало праз заключэньне дамоваў на долевае будаўніцтва. У той час спынілі льготнае крэдытаваньне, і, як сьцьвярджалі службоўцы, кватэры засталіся незапатрабаванымі. Каб прыцягнуць дадатковыя інвэстыцыі, было вырашана іх прадаваць.

Раней у судзе начальнік юрыдычнага аддзелу гарвыканкаму Вольга Марозава ў сваіх паказаньнях прызнала, што пастанова, паводле якой кватэры разьмяркоўваліся праз заключэньне дамоваў на долевае будаўніцтва, не адпавядала заканадаўству. Такія дамовы, даводзіла юрыстка, належала заключаць, калі дом яшчэ будаваўся, а не тады, калі яго ўжо ўзьвялі. Паводле Марозавай, упраўленьне капітальнага будаўніцтва павінна было прадугледзець нястачу фінансаваньня і зрабіць пэўныя захады, каб пазьбегнуць гэтай праблемы.
Віктар Піліпец, паводле матэрыялаў справы, зацьвярджаў дакумэнты па незаконна разьмеркаваных кватэрах і не прадухіляў злачынстваў, ведаючы пра іх

Віктар Піліпец, паводле матэрыялаў справы, зацьвярджаў дакумэнты па незаконна разьмеркаваных кватэрах і не прадухіляў злачынстваў, ведаючы пра іх. Ён таксама ўдзельнічаў у набыцьці кватэраў.

Кіраўнік гарадзкой вэртыкалі і былая начальніца плянава-дамоўнага аддзелу ўпраўленьня капітальнага будаўніцтва Ала Нізкоўская — у судовай залі на закратаванай лаве падсудных. Нізкоўская сёньня намагалася давесьці суду неабходнасьць перагляду для яе меры стрыманьня. Аргумэнтавала гэта тым, што яна адказчык па грамадзянскай справе, якую разглядаюць у Гомелі. Паводле яе, яна ня можа належным чынам рыхтавацца да ўдзелу ў справе, бо ў магілёўскі ізалятар часовага ўтрыманьня не прапускаюць неабходных для яе матэрыялаў.

Акрамя фігурантаў справы ды адвакатаў, у залі суду прысутнічаюць і сваякі абвінавачаных. Сёньня маці аднаго зь іх абрынулася з праклёнамі на адрас Віктара Піліпца. Жанчыну супакоілі. Піліпец моўчкі вытрымаў эмацыйны выпад жанчыны.

Фігуранты справы сваёй віны не прызнаюць.

Суд крымінальную справу пачаў разглядаць месяц таму. Дапытаныя больш за шэсьцьдзесят сьведак. Сярод іх былі тыя, хто, як вызначыла сьледзтва, набываў кватэры а таксама супрацоўнікі гарвыканкаму і ўпраўленьня капітальнага будаўніцтва, якія маглі ведаць пра сытуацыю зь незаконным разьмеркаваньнем жылплошчы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG