Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржсакратаром Савета Бясьпекі прызначылі Мяжуева, а ня Віктара Лукашэнку


Аляксандар Мяжуеў

Аляксандар Мяжуеў

Аляксандр Лукашэнка прызначыў Аляксандра Мяжуева дзяржаўным сакратаром Савета Бясьпекі.

Пра гэта паведаміла афіцыйнае агенцтва БелТА.

Раней з гэтай пасады быў вызвалены Леанід Мальцаў, якога прызначылі кіраўніком Дзяржаўнага памежнага камітэта.

Мяжуеву 54 гады, ён нарадзіўся 11 ліпеня 1959 года ў Ляхавічах на Берасьцейшчыне. Вучыўся ў Кіеўскім вышэйшым агульнавайсковым камандным вучылішчы, Ваеннай акадэміі імя Фрунзэ (Масква), Ваеннай акадэміі Генэральнага штаба Ўзброеных Сіл Расеі (Масква). Мае званьне генэрал-маёра.

Мяжуеў служыў на камандных і штабных пасадах, у тым ліку начальніка штаба — першага намесьніка камандуючага апэратыўнага камандаваньня, камандуючага войскамі апэратыўнага камандаваньня, начальніка Галоўнай ваеннай інспэкцыі Ўзброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

Быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў па Гарадзенскай сельскай акрузе № 52.


Алесін: «Віктар Лукашэнка будзе шэрым кардыналам»


Аляксандар Алесін

Аляксандар Алесін

Вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін пракамэнтаваў прызначэньне Аляксандра Мяжуева дзяржсакратаром Савету бясьпекі.

Раней аглядальнікі меркавалі, што гэтую пасаду зойме Віктар Лукашэнка, старэйшы сын кіраўніка краіны. Аляксандар Алесін зазначыў, што прызначэньне Віктара Лукашэнкі было б «гучным піяр-ходам»:

«Відавочна, што гэта была б занадта адыёзная фігура і што гэта робіцца ў перадвыбарчым кірунку, што Лукашэнка рыхтуецца да выбараў і бярэ пад кантроль сілавікоў. Я думаю, што гэта будзе больш тонкая праца, чым ад пачатку меркавалася. Гэта чалавек абсалютна ляяльны прэзыдэнту, ён не мае ніякай сваёй пазыцыі, служака, яго пазыцыі ў рэчышчы дзяржаўнай палітыкі. Віктар Лукашэнка будзе шэрым кардыналам. А Мяжуеў будзе фігурай, якая будзе ўпрыгожваць усю гэтую канструкцыю і не раздражняць, бо ён ніякі. Гэта свайго роду кансэнсус, які пакуль задавальняе ўсіх».


Якаўлеўскі: «Не перабольшвайце апаратную пасаду»


Раман Якаўлеўскі

Раман Якаўлеўскі

Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі пракамэнтаваў для Свабоды сёньняшняе прызначэньне Аляксандра Мяжуева дзяржсакратаром Савета бясьпекі:

«Па-першае, хачу адзначыць, што дзяржсакратар не ўзначальвае Савет бясьпекі, як часам пішуць. Кіруе Саветам бясьпекі, паводле Канстытуцыі, прэзыдэнт. А дзяржсакратар толькі ажыцьцяўляе апэратыўную працу Савета. Апарат — гэта і ёсьць дзяржсакратарыят.

І другое. У розныя гады аб’ём паўнамоцтваў дзяржсакратара быў розным. Напрыклад, шэраг дзяржсакратароў (Шэйман, Латыпаў) адначасова зьяўляліся і памочнікамі прэзыдэнта ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі. Але пасьля гэтыя пасады разьдзялілі. Быў такі ўказ кіраўніка дзяржавы за нумарам 50 (дарэчы, закрыты) аб прызначэньні памочнікам прэзыдэнта Віктара Лукашэнкі. Натуральна, пасьля гэтага паўнамоцтвы дзяржсакратара зьменшыліся. І зараз, на маю думку, больш уплывовай зьяўляецца пасада памочніка прэзыдэнта ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі.

А калі казаць пра ўплыў Мяжуева як новага Дзяржсакратара, дык тут усё залежыць ад аднаго — якія паўнамоцтвы даў яму Аляксандар Лукашэнка. Але тое, што ён хутка будзе не генэрал-маёрам, а генэрал-лейтэнантам, — можна казаць упэўнена».


Намесьнік Мяжуева: «Ён — чалавек строгі, але і добразычлівы»


Намесьнік старшыні камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бясьпецы Віктар Русак, які зьяўляўся намесьнікам Аляксандра Мяжуева ў камісіі, у размове са Свабодай асабліва вылучыў дзьве рысы новага Дзяржсакратара Савета бясьпекі:

«Ён — чалавек строгі, але і добразычлівы. Раней я Мяжуева асабіста ня ведаў. Але за гэты год сумеснай працы мы сустракаліся амаль штодня. І таму я магу адназначна і аб’ектыўна сказаць: гэта вельмі прыстойны чалавек. Я кажу менавіта аб’ектыўна, бо старшыня камісіі — гэта ня той чалавек, ад якога залежыць твая кар’ера, твая будучыня.

Мяжуеў — высокаадукаваны і шырока эрудзіраваны чалавек. За яго плячыма — дзьве акадэміі і велізарны жыцьцёвы досьвед. А ў нашай камісіі ён сутыкаўся з праблемамі ня толькі Міністэрства абароны, дзе ён глыбока валодае сытуацыяй, але і такіх ведамстваў, як МУС, КДБ, Памежны камітэт... І тут ён паказаў, што можа глыбока ўнікаць у праблемы, разумець іх і ў дастаткова кароткі тэрмін прымаць канкрэтныя крокі.

Пра яго чалавечыя якасьці скажу так: ён вытрыманы, аб’ектыўны, максымальна карэктны. І разам з тым строгі, справядлівы, прынцыповы. І добразычлівы — па сваёй сутнасьці, па-чалавечы».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG