Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Пуцін прымусіў Папу Рымскага Францішка чакаць сябе 50 хвілінаў, а Аляксандра Лукашэнку — дзьве гадзіны. Кіраўнік Беларусі спазьняўся на парад да вэтэранаў, а таксама да літоўскіх палітыкаў. Чаму аўтарытарныя лідэры маюць звычку спазьняюцца?

Для расейцаў гэта ўжо частка фальклёру, але сьвет усё яшчэ працягвае зьдзіўляцца: чаму прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін дазваляе сабе пастаянна спазьняцца? Прычым, не ў тэатар ці на вячэру зь сябрамі — крамлёўскі кіраўнік прымушае чакаць самых важных у гэтым сьвеце людзей. Кагосьці — 30 хвілін, кагосьці — 4 гадзіны. Чаму ён гэта робіць? Задае пытаньнем чэская газэта iDNES.cz

Звычка Пуціна зноў аказалася ў цэнтры ўвагі пасьля таго, як расейскі прэзыдэнт у мінулы панядзелак прымусіў чакаць Папу Францішка 50 хвілін. Сам пантыфік, прынамсі, знаходзіўся ў цяпле, але яго людзі ўсё гэтыя 50 хвілін у чаканьні Пуціна правялі на вуліцы. І ім было даволі холадна.

У СМІ потым зьявілася інфармацыя, што Пуціна ў Рыме затрымалі прыхільнікі расійскага гурту Pussy Riot, дзьве ўдзельніцы якога сядзяць у турме за антыпуцінскі «панк-малебен», выкананы ў маскоўскім храме Хрыста Збаўцы ў пазамінулым годзе. Прыхільнікі Pussy Riot, нібыта, арганізавалі акцыю пратэсту перад рымскім гатэлем, дзе спыніўся Пуцін. «Ён ні ў якім гатэлі не спыняўся», — адразу ж паведаміў Крэмль.

Тым ня менш італьянская прэса тое, што адбылося ў цэлым прыняла спакойна, адзначала некалькі дзён таму расейская служба ВВС. Можа быць, таму, што ў тэмпэрамэнтнай італьянскай культуры нейкае там спазьненьне не адыгрывае асаблівай ролі.

Вядома, традыцыйныя спазьненьні Пуціна не заўсёды сустракаюцца з такім разуменьнем. Калі расейскі прэзыдэнт прымусіў 30 хвілін чакаць прэзыдэнта Паўднёвай Карэі, газэта Korea Times выйшла з такім загалоўкам — «Спадар Пуцін, наступным разам прыяжджайце своечасова». Паўднёвакарэйцаў абурыла тое , што Пуцін, хоць ён ужо спазьняўся, на шляху да прэзыдэнта яшчэ заехаў да майстроў усходніх баявых адзінаборстваў.

Пра тое, што Пуцін спазьняецца, за амаль 14 гадоў яго знаходжаньня ва ўладзе даведаліся ўсё. Але чаму ж ён так робіць?

Тлумачэньне першае: проста ён такі. Чалавек, які хранічна спазьняецца. Урэшце і яго (зараз ужо былая ) жонка Людміла кажа, што Ўладзімер Уладзімеравіч і ў маладосьці заўсёды спазьняўся на спатканьні.

Тлумачэньне другое: Пуцін да важных сустрэчаў рыхтуецца настолькі старанна, што часам проста забывае пра іх і прыяжджае позна. У такім кантэксьце расейскай газэце «Маскоўскі камсамолец» гэта тлумачыў член «прэзыдэнцкай сьвіты».

«Перад важнымі сустрэчамі Ўладзімер Уладзімеравіч дэталёва разьбірае пытаньні якія будуць вырашацца. Вельмі часта ён зноў правярае крыніцы інфармацыі, заглыбляецца ў працу, і ў выніку — спазьненьне», — сказала крыніца «Московскому Комсомольцу».

Вядома, ёсьць яшчэ і трэцяе тлумачэньне. Самае частае і самае праўдападобнае. Уладзімер Пуцін важных людзей прымушае сябе чакаць адмыслова. Гэта яго «царская» манэра. Спосаб паказаць другому боку, хто тут важны. Па словах палітоляга Дзьмітрыя Абрамава, Пуцін паводзіць сябе ў адпаведнасьці з правілам: «Пакуль расейскі цар вудзіць рыбу, Эўропа можа пачакаць».

На карысьць гэтай апошняй тэорыі кажа і той факт, што Пуцін зусім не прымушае ўсіх чакаць аднолькава доўга. Да брытанскай каралевы Лізаветы Другой ён прыйшоў з 14-хвілінным спазьненьнем, канцлера Нямеччыны Ангелу Мэркель у мінулым годзе прымусіў чакаць 40 хвілін, дзяржсакратара ЗША Джона Кэры — тры гадзіны. Некалі ўкраінскі прэм’ер Юлія Цімашэнка чакала яшчэ даўжэй.

Больш за тое, Пуцін часам нават не хавае прычын свайго спазьненьня. У мінулым годзе, накіроўваючыся на сустрэчу з прэзыдэнтам Украіны Віктарам Януковічам у Крыме, па дарозе Пуцін спыніўся ў клюбе байкераў «Начныя ваўкі». Вынікам стала спазьненьне на чатыры гадзіны, піша чэская газэта «iDNES.cz ».

Як Пуцін спазьняўся ў Беларусі?


У сьнежні 2007 году Пуцін у Менску спазьніўся на Плошчу Перамогі для ўскладаньня кветак да вечнага агню, і яго чакалі пры моцным марозе.

У траўні 2012 году Пуцін спазьніўся амаль на тры гадзіны. Лукашэнка яго чакаў на лётнішчы. Гэта быў першы афіцыйны візыт Пуціна пасьля абраньня на трэці тэрмін прэзыдэнцтва.

25 кастрычніка Ўладзімер Пуцін спазьніўся на афіцыйную сустрэчу кіраўнікоў краінаў СНД у Менску. Як пісалі СМІ, кіраўнік Беларусі, пакуль не было Пуціна нэрваваўся і глядзеў на гадзіньнік.

Як спазьняецца Лукашэнка?


Як расказваюць журналісты, яшчэ ў 1996 годзе Аляксандар Лукашэнка больш чым на гадзіну спазьніўся на сустрэчу зь Лені Фішэр, тагачаснай старшынёй Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. Потым сустрэчаў з эўрапейскімі палітыкамі ў беларускага краўніка стала ўсё меней. Тым ня менш, у 2009 годзе падчас візыту ў Літву ён спазьніўся на паўгадзіны, на мяжы яго чакалі міністар транспарту і камунікацыі і віцэ-міністар замежных справаў Літвы.

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка ў лютым 2010 году на некаторы час спазьніўся на інаўгурацыю Віктара Януковіча ў Кіеве. А ў 2012 годзе 9 траўня ён прымусіў вэтэранаў чакаць сябе амаль гадзіну, каб пачаць парад.
XS
SM
MD
LG