Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 5 сьнежня: «100 выдатных дзеячоў беларускай культуры», дзень нараджэньня Цютчава, Пілсудзкага і Алеся Разанава


Беларусь. Сэзоны. Зіма

Беларусь. Сэзоны. Зіма

Падзеі і даты гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ПАДЗЕІ ДНЯ

Менск. У судзе Першамайскага раёну – разгляд справы былога палітвязьня Васіля Парфянкова, якога абвінавачваюць паводле арт. 421 Крымінальнага кодэксу (невыкананьне патрабаваньняў прэвэнтыўнага нагляду).

Менск. У офісе АГП (вул. В.Харужай, 22-1701) адбудзецца круглы стол «Дасягненьні гендэрнай роўнасьці: удасканаленьне заканадаўства і гендэрнай палітыкі». Пачатак а 10.00.

Менск. У Музэі старажытнабеларускай культуры Цэнтру дасьледаваньняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАНБ адбудзецца адкрыцьцё выставы работ студэнтаў катэдры касьцюму і тэкстылю Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў «Маляванка: традыцыі і сучаснасьць» (вул. Сурганава, д.1, к.2.). Пачатак а 13.00.

Менск. Інстытут беларускай гісторыі і культуры і выдавецтва «Харвест» праводзяць прэзэнтацыю 5-ці чарговых выданьняў з сэры «100 выдатных дзеячоў беларускай культуры». Яны прысьвечаныя Яну Чачоту, Уладзіславу Сыракомлю, Вацлаву Ластоўскаму, Ігнату Канчэўскаму (Абдзіраловічу) і Міхаілу Пташуку. Пачатак а 16.00. Месца правядзеньня «Арт-сядзіба» (зав. Інструмэнтальны, 6).

Менск. У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАНБ (вул. Сурганава, 15) адбудзецца прэзэнтацыя кніг: «Мажэйка Зінаіда Якаўлеўна. Да 50-годзьдзя навуковай і творчай дзейнасьці» (2013), «З.Я.Мажэйка. Экалёгія традыцыйнай народна-музычнай культуры» (2011). Пачатак а 15.00.

Менск. У Дзяржаўным літаратурна-мэмарыяльным музэі Якуба Коласа адбудзецца адкрыцьцё выставы мастацкіх работ Эдуарда Агуновіча, прысьвечанай 75-годзьдзю мастака. Пачатак а 16.00.

Менск. У кінатэатры «Цэнтральны» пройдзе Фэстываль ізраільскага кіно. Фільм «Хлусьня дзеля выратаваньня», удзельнік 62-га Бэрлінскага кінафэстывалю, можна ўбачыць 5 сьнежня ў 19.00. Завершыць праграму 5 сьнежня ў 21.00 рэтра-драма «Пятае неба», намінаваная на 5 узнагарод Ізраільскай Кінаакадэміі.

ЁСЬЦЬ НАГОДА

Міжнародны дзень валянтэраў

ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1484 – Папа Рымскі Інакенцій VIII выдаў булу, якая паклала пачатак паляваньню на ведзьмаў па ўсёй Эўропе.

1492 – Хрыстафор Калюмб дасягнуў вострава Гаіці.

1936 – прынятая сталінская канстытуцыя СССР.

1965 – на Пушкінскай плошчы ў Маскве адбыўся Мітынг галоснасьці – першая публічная акцыя савецкіх дысыдэнтаў.

1994 – на нарадзе кіраўнікоў краінаў АБСЭ Вялікабрытанія, ЗША і Расея гарантавалі Беларусі, Казахстану і Ўкраіне бясьпеку і тэрытарыяльную цэласнасьць.

У гэты дзень нарадзіліся:

1803 – Фёдар Цютчаў, расейскі паэт.

1867 – Юзэф Пілсудзкі, польскі дзяржаўны і палітычны дзяяч, першы кіраўнік адроджанай Польшчы.

1901 – Уолт Дыснэй, амэрыканскі мультыплікатар.

1947 – Алесь Разанаў, беларускі паэт і перакладчык.

У гэты дзень памерлі:

1791 – Вольфганг Амадэй Моцарт, аўстрыйскі кампазытар.

1870 – Аляксандар Дзюма-бацька, францускі пісьменьнік.

1925 – Уладзіслаў Рэймант, польскі пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі.

1926 – Клёд Манэ, францускі мастак, пачынальніка імпрэсіянізму.

1992 – Мікалай Ігнатовіч, першы генэральны пракурор незалежнай Рэспублікі Беларусі. Ігнатовіч падтрымліваў дэмакратычны рух у краіне ў часы перабудовы і сам быў падтрыманы БНФ на выбарах у апошні Вярхоўны Савет СССР.

2008 – Патрыярх Расейскай Праваслаўнай царквы Аляксій ІІ.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ

Як стары мудры вуж
шукае вузкае выйсьце,
каб скінуць старую скуру –
так і я патаемнай вужовай натурай
шукаю сабе перашкоды,
хоць і пярэчыць гэтаму розум.

Алесь Разанаў
XS
SM
MD
LG