Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Законапраект «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2014 год» дагэтуль не паступіў у Палату прадстаўнікоў.

Тым самым беларускія ўлады парушаюць законы, якія ж самі рыхтуюць і прымаюць: згодна зь «Бюджэтным кодэксам Рэспублікі Беларусь» бюджэт на наступны год павінен прымацца не пазьней за 1 сьнежня бягучага году.

У кулюарах Палаты прадстаўнікоў можна было пачуць: затрымка зьвязаная з тым, што вышэйшыя ўлады яшчэ ня вызначыліся з асноўнымі паказьнікамі бюджэту. Болей за тое, нібыта ідуць спрэчкі: рабіць бюджэт з прафіцытам, калі прыбыткі большыя за выдаткі, альбо дэфіцытным, калі траты пераважаюць над прыбыткамі.

Сябра бюджэтнай камісіі Палаты прадстаўнікоў кандыдат эканамічных навук Валеры Барадзеня выказаў Свабодзе сваё бачаньне гэтай праблемы:

«Афіцыйна законапраект яшчэ ня ўнесены ў Палату прадстаўнікоў. Урад спрабаваў пазьбегнуць дэфіцыту. І калі бюджэт будзе з прафіцытам, дык гэта — падстава для радасьці. А калі мы пойдзем на дэфіцытны бюджэт, дык тут трэба разумець адну рэч: дзе мы знойдзем крыніцы для пакрыцьця дэфіцыту? Можа, мы перакладзем гэтыя страты на наступны год. Але ці будуць у нас, як кажуць, яркае сонейка і прыгожае надвор’е ў 2015 і 2016 гадах? А можа тады яшчэ больш жорсткія ўмовы будуць? Магчыма, урад робіць стаўку на пасьпяховую мадэрнізацыю? У мадэрнізацыю мы ўклалі вялікія грошы. І яна павінна даць аддачу».

Міхась Залескі

Міхась Залескі

«Затрымка з разглядам бюджэту зьвязаная выключна з адной асобай — Аляксандрам Лукашэнкам», — лічыць эканаміст Міхась Залескі. ​— ​Бюджэт у нашай краіне — даволі фармальная справа. У тым пляне, што рыхтуюць яго нармальныя тэхнічныя спэцыялісты, пераважна зь Міністэрства фінансаў, Міністэрства эканомікі, Нацыянальнага банку. Яны прадстаўляюць праект, а дэпутаты могуць яго зацьвердзіць за 10 хвілінаў, хоць у 15 чытаньнях. Гэта не праблема для Беларусі. Тым больш пасьля падпісаць прэзыдэнту — тут нават далёка насіць ня трэба.

Але праблема ў тым, што Лукашэнка зганіў іхныя распрацоўкі. І таму зараз ідзе чыста тэхнічная праца. Трэба ж усё пералічваць, а бюджэт — гэта вялізны дакумэнт. З усімі дадаткамі да яго — гэта стос папераў таўшчынёй у паўмэтра. Зразумела, што тут і затрымка ўзьнікла».

Леанід Заіка

Леанід Заіка

«У Беларусі няма бюджэтнай палітыкі на працяглы пэрыяд», — адзначае кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка. І гэта таксама прыводзіць да затрымак.

«Тут — як атрымаецца. Справа ў тым, што на 2014 год зьмяніліся погляды на асноўныя пазыцыі — перапрацоўку нафты, экспарт, ВУП ды іншае. Таму і „малююць“ новы бюджэт. Нічога страшнага. Я ня думаю, што насельніцтва гэта заўважыць. Гэта — ня Злучаныя Штаты і не Абама. Там бюджэт не зацьвярджаюць — і людзі не атрымліваюць заробак альбо атрымліваюць часова», — кажа Леанід Заіка.

Летась законапраект «Аб рэспубліканскім бюджэце» быў прыняты Палатай прадстаўнікоў у другім чытаньні яшчэ 8 кастрычніка.
XS
SM
MD
LG