Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Правесьці пікет у Горадні каштуе больш за 23 мільёны


Віктар Сазонаў, Раман Юргель і Уладзімір Хільмановіч, архіўнае фота

Віктар Сазонаў, Раман Юргель і Уладзімір Хільмановіч, архіўнае фота

23 324 200 рублёў — такую лічбу 4 сьнежня ў Ленінскім судзе Горадні агучыў прадстаўнік Гарадзенскага гарвыканкаму на разглядзе скаргі праваабаронцаў наконт забароны пікету ў Сусьветны дзень змаганьня са сьмяротным пакараньнем.

Паводле гарадзенскага праваабаронцы Ўладзімера Хільмановіча, прадстаўнік гарвыканкаму прадставіў у судзе каштарыс на правядзеньне пікету:

«У ім было падлічана, што ў пікеце, які плянавалася правесьці ў Калоскім парку (практычна бязьлюднае месца), неабходна задзейнічаць аж 31 міліцыянта, прычым за дзьве гадзіны да правядзеньня пікету, на сам пікет — таксама дзьве гадзіны, і яшчэ на гадзіну пасьля пікета. Апрача гэтага дадаліся расходы на абслугоўваньне хуткай дапамогі і службы ЖКГ, якая займаецца прыборкай тэрыторыі».

Хільмановіч кажа, гарвыканкам адмовіў у правядзеньні пікету, бо палічыў, што беспрацоўныя праваабаронцы не змаглі б аплаціць такія выдаткі, але пра суму выдаткаў нават не паведаміў.

Другім важным аргумэнтам на карысьць адмовы ў правядзеньні пікету, паводле Хільмановіча, у гарвыканкаме палічылі тое, што заяўнікі — Уладзімер Хільмановіч, Віктар Сазонаў і Раман Юргель — не пазначылі ў сваёй заяве, ці зьбіраюцца выкарыстоўваць піратэхнічныя і выбуховыя сродкі. Ленінскі суд Горадні падтрымаў довады гарвыканкаму.

Праваабаронцы лічаць рашэньне суду і адмову гарвыканкаму рашэньнем не юрыдычным, а палітычным, якое пазбаўляе іх магчымасьці зьдзяйсьняць свае канстытуцыйныя правы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG