Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прабачэньня ў ксяндза Лазара не папросяць»


Уладзіслаў Лазар

Уладзіслаў Лазар

Праз паўгоду ўтрыманьня ў СІЗА КДБ вызвалены каталіцкі сьвятар Уладзіслаў Лазар. Пра гэта паведаміла Апостальская Нунцыятура ў Рэспубліцы Беларусь.

У каталіцкім касьцёле не камэнтуюць вызваленьне ксяндза Лазара. Прэсавы сакратар Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў ксёндз Юры Санько спасылаецца на паведамленьне Апостальскай Нунцыятуры ў Рэспубліцы Беларусь, разьмешчаным на афіцыйным інтэрнэт-сайце саtholic.by. Сваімі ўражаньнямі пра навіну падзяліўся ксёндз Юры Барок:

«Натуральна, што гэта выклікае толькі радасьць. Вельмі неспадзявана, але добра, што такія неспадзяванасьці здараюцца. Ведаеце, пасьля таго як затрыманьне зацягнулася — больш як на тры месяцы — дык ужо такіх спадзяваньняў не было. Былі такія меркаваньні, што яго будуць трымаць, будзе цягнуцца сьледзтва. У сьвятарскіх колах да канца ня верылі, што ён будзе асуджаны. Альбо вось гэтую адседку ў КДБ пазьней яму палічаць як нейкі тэрмін. Бо, напэўна, КДБ яго цалкам ня можа апраўдаць, паколькі апынецца ў дзіўнай сытуацыі, гэта значыць сам сябе скампрамэтуе. Таму мне падавалася, што пэўны час яго будуць утрымліваць, да тае пары, пакуль гэтае ўтрыманьне пазьней ня будзе палічанае за адседку прызначанага тэрміну.

Тое, што яго вызвалілі — гэта нечакана, але вельмі прыемна, бо бачна, што падзеі разгортваюцца паводле іншага сцэнару. Але гэтае меркаваньне — доказ таго, пра што я выказваўся месяц ці два таму, як толькі яму афіцыйна інкрымінавалі саўдзел у шпіянажы і гэтак далей. Я і тады казаў, што гэтыя абвінавачаньні сьмеху вартыя, і яны ня змусілі сьвятара ксяндза Лазара прызнаць віну, якую яму хацелі інкрымінаваць».

Вызваленьню ксяндза Лазара папярэднічала сустрэча Апостальскага Нунцыя ў Рэспубліцы Беларусь Кляўдыё Гуджэроцьці з папам Францішкам, падчас якой пантыфік выказаў словы падтрымкі зьняволенаму беларускаму сьвятару. Таксама на заклік касьцёлу за ксяндза Лазара замаўлялі службы і маліліся сотні людзей. Актывісты палітычных партый і рухаў зьбіралі подпісы за яго вызваленьне. Каталіцкі вернік і журналіст Кастусь Шыталь — адзін зь неабыякавых людзей да лёсу сьвятара — пра ягонае вызваленьне кажа так:

Кастусь Шыталь

Кастусь Шыталь

«Як вернік магу сказаць, што тут ёсьць, пэўна, і элемэнт цуду, калі казаць пра абставіны справы ксяндза Лазара. Канечне, тут пэўную ролю мела салідарнасьць, якую праяўлялі і вернікі, і касьцёл, і Апостальская Нунцыятура на чале з арцыбіскупам Кляўдыё Гуджэроцьці. Гэта таксама салідарнасьць і грамадзкіх актывістаў, незалежнай прэсы — што гэтай справе быў нададзены грамадзкі розгалас. Бо, як вядома, у цемры рабіць чорныя справы значна лягчэй».

Ксёндз Уладзіслаў Лазар быў зьняволены прыканцы траўня, але шырокай грамадзкасьці пра гэта стала вядома толькі ў ліпені. Яшчэ пазьней — пра выстаўленае сьвятару абвінавачаньне нібыта аб здрадзе дзяржаве. Адсутнасьць нейкіх іншых падрабязнасьцяў у справе ксяндза Лазара падштурхнула грамадзкіх і палітычных актывістаў дамагацца, каб ён быў прызнаны вязьнем сумленьня. Каталіцкая верніца Ганна Шапуцька сталася адной з арганізатарак «Маратону салідарнасьці» ў падтрымку ксяндза Лазара:

Ганна Шапуцька

Ганна Шапуцька

«Гэта вельмі добрая навіна, бо гэтыя паўгоду, якія сьвятара пратрымалі ў турме КДБ за кратамі, былі вельмі і вельмі жахлівымі. Таму мы вельмі радыя за сьвятара і ягоных родных. Але справа не закрытая, прабачэньня ў яго таксама ніхто не папросіць, а я і многія мае сябры ўпэўненыя, што гэты чалавек ні ў чым не вінаваты і што ён проста стаў закладнікам нечай бруднай гульні. На вялікі жаль, у нашай краіне гэта магчыма, і такое можа здарыцца зь любым чалавекам. І гэта вельмі сумна і вельмі сур’ёзна».

Вернікі-каталікі і грамадзка-палітычныя актывісты ад пачатку заяўляюць, што ня вераць у вінаватасьць ксяндза Ўладзіслава Лазара. Аднак замоўчваньне акалічнасьцяў справы спэцслужбамі, якія адзінаўладна распараджаюцца лёсам сьвятара, пакідаюць грамадзкасьці ўсяго толькі магчымасьць выказваць верагодныя вэрсіі ягонага вызваленьня.

Кастусь Шыталь: «Магчыма, што былі прычыны ўнутрыпалітычныя, бо апошнія гадоў пяць каталіцкі касьцёл і дзяржава спрабуюць трымацца нейкіх спакойных адносінаў і не ісьці на канфлікт. Дзяржаве гэта трэба, каб супольны каталіцкі сьвет, які налічвае больш за мільён чалавек, меў пэўную да яе ляяльнасьць. А касьцёлу гэта трэба, каб дзяржава не замінала яму разьвівацца. Думаю, што ў нейкі момант улады зразумелі, што далейшае ўтрыманьне сьвятара ў вязьніцы прыносіць болей шкоды, чым магчымых палітычных дывідэндаў у шантажы касьцёла, — вядома, што ўлады на такое здольныя, і гэта магло быць адным з матываў арышту.
Памятаем, што колькі дзён таму ён заявіў пра „пераход на дэмакратыю“. Магчыма, што вызваленьне ксяндза Лазара ёсьць адным з такіх крокаў

Другое, што зьвяртае на сябе ўвагу, — што вызваленьне ксяндза адбылося неўзабаве пасьля прызначэньня трох новых біскупаў. Магчыма, што гэта было зроблена, каб не напружваць адносіны адразу з трыма новымі біскупамі і не настройваць іх нэгатыўна адносна гэтага рэжыму.

Ну і яшчэ адным чыньнікам мог стаць зьнешнепалітычны. Бо вядома, што некаторыя замежныя дзяржавы ўздымалі перад беларускім рэжымам пытаньне пра ксяндза Лазара. Магчыма, што такі крок робіць намёкі на магчымы дыялёг з Захадам, якія спрабуе рабіць Лукашэнка. Памятаем, што колькі дзён таму ён заявіў пра „пераход на дэмакратыю“. Магчыма, што вызваленьне ксяндза Лазара ёсьць адным з такіх крокаў».

Уладзімер Мацкевіч

Уладзімер Мацкевіч

Палітоляг і вернік пратэстанцкай царквы Уладзімер Мацкевіч гэтак камэнтуе вызваленьне сьвятара Лазара:

Мацкевіч: «Шчыра вітаю вызваленьне ксяндза Лазара. Гэта вельмі добра, бо ўсе хваляваліся за сьвятара і ня ведалі, чым гэта ўсё скончыцца ў руках нашай бязглуздай улады ў зьвязку з абвінавачваньнем у шпіянажы і гэтак далей. А вось гадаць, што гэтаму паспрыяла, вельмі цяжка. Бо хутчэй за ўсё гэтаму былі нейкія прычыны, зьвязаныя зь ня вельмі публічнымі стасункамі з Ватыканам альбо з гандлем з Масквой. Будаваць свае вэрсіі, ня маючы інфармацыі, вельмі цяжка. А інфармацыя ёсьць, пэўна, толькі ў спэцслужбаў. Адкуль мы ведаем, што заверне ў галаву гэтым людзям, што яны спачатку схопяць і пасадзяць за краты сьвятара, а пасьля яго адпускаюць. Бо вядома, што ніякіх злачынстваў ён зрабіць ня мог».
XS
SM
MD
LG