Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Украінская апазыцыя абвясьціла Януковічу ўльтыматум


Сяргей Собалеў

Сяргей Собалеў

Прадстаўнік фракцыя партыі «Бацькаўшчына» ў Вярхоўнай Радзе дэпутат Сяргей Собалеў абвясьціў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі ў Штабе нацыянальнага супраціву ў Кіеве пра далейшыя пляны ўкраінскай апазыцыі.

«Учора мы абвясьцілі Януковічу ўльтыматум. У яго ёсьць два дні, каб адправіць урад у адстаўку. Далей мы гатовыя абмяркоўваць фармаваньне ўрада нацыянальнага даверу, разварот курса на інтэграцыю з Эўразьвязам.

Калі Януковіч не адпраўляе ўрад у адстаўку, мы пачынаем кругласутачнае пікетаваньне рэзыдэнцыі прэзыдэнта, адміністрацыйнага кварталу, патрабуючы прызначэньня даты датэрміновых выбараў украінскага прэзыдэнта».

«Украіна — гэта не Расея і не Беларусь,— заяўляе Собалеў. — Калі яны спадзяваліся, што яны разгоняць студэнцкую акцыю і на гэтым усё, то гэтага ня будзе».



Віталь Клічко

Віталь Клічко

Старшыня Партыі «Ўдар» Віталь Клічко заявіў пад час прэсавай канфэрэнцыі лідэраў Эўрамайдану:

«У краіне крызыс. Няма ніякіх пэрспэктываў. Гэта вымусіла людзей прыяжджаць у Кіеў з пратэстам. Сёньня ў Вярхоўнай Радзе сустрэліся лідэры апазыцыйных фракцый. Мы абгаварылі шляхі выхаду з палітычнага крызысу. Мы пачалі размову, яна ня скончаная, будзем працягваць яе заўтра.

Улада не зьбіраецца рэагаваць. Яна не адправіла ўрад у адстаўку.

Прэзыдэнт паляцеў у Кітай і робіць выгляд, што ў краіне нічога не адбываецца. Мы зьвярнуліся да кіраўніцтва КНР і ведаем, што ўзровень сустрэчаў з прэзыдэнтам паніжаны.

Нашы патрабаваньні — гэта адстаўка ўраду. Нашая ясная пазыцыя — поўная перазагрузка ўлады»,— заявіў Віталь Клічко.



Арсеній Яцанюк

Арсеній Яцанюк

Лідэр фракцыі «Бацькаўшчыны» ў Вярхоўнай Радзе Арсеній Яцанюк заяўляе, што з боку ўлады рыхтуецца правакацыя:

«Плянуюць падкінуць мёртвыя целы людзей і тым самым справакаваць супрацьстаяньне. Мы афіцыйна зьвяртаемся да генэральнага пракурора Ўкраіны і патрабуем выявіць, дзе знаходзяцца каля 10 зьніклых людзей».

Яцанюк заяўляе, што акцыя па Кіеве пашыраецца — будуць пікетавацца суды, Міністэрствы і іншыя важныя будынкі. Гэтаксама пашыраецца акцыя па ўсёй Украіне:

«Мы хочам, каб улада пабачыла, што гэта не палітычны пратэст, а народны пратэст супраць дзейнай улады».

Яцанюк зазначыў, што апазыцыя мае намер працягнуць міжнародны дыялёг.

Палітычны пакет апазыцыі, па словах Яцэнюка, гэта: адстаўка ўрада, арышт і крымінальны перасьлед членаў «Беркута», якія зьбівалі пратэстоўцаў, прыняцьце акту, які не дае магчымасьці прыцягнуць да адказнасьці ўдзельнікаў пратэсту.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG