Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заходнія мэдыі: Расея нават з Украінай ня стане звышдзяржавай


Міжнародныя выданьні спрабуюць разабрацца ў сытуацыі ў Кіеве, шукаюць матывы ўдзельнікаў працэсу і даюць прагнозы.

Многія выданьні абмяжоўваюцца аглядам падзей. Але аналітыкі, экспэрты даюць і парады, і прагнозы. Яны, сярод іншага, заклікаюць Захад адмовіцца ад клішэ пра «засекі Эўропы» і «ключ да геапалітычнай гульні на Ўсходзе», і прапануюць убачыць Украіну такой, якой яна ёсьць насамрэч — беднай краінай, народ якой марыць стаць часткай Захаду.

У аўторкавым выпуску Washington Post пішуць, што масавыя пратэсты паставілі пад сумнеў здольнасьць Януковіча даць Маскве тое, чаго яна хоча — вернасьць Украіны. «Расея хацела зрабіць Януковіча больш падатлівым, але калі ён слабы, то якая карысьць ад такога партнэру», — цытуе выданьне расейскага палітоляга Барыса Макаранку, які задаецца пытаньнем: «Няўжо Януковіч не разумеў, што расколвае краіну». Макаранка лічыць, што ўкраінцы дзейнічаюць ад усяго сэрца і выступаюць супраць тых, хто хоча забраць у іх мару. Нарэшце і расійскія палітыкі могуць зразумець, што Захад ня мае дачыненьня да гэтых пратэстаў, — кажа палітоляг.

Аднаго сузіраньня з боку Захаду будзе недастаткова, — сьцьвярджае прэзыдэнт недзяржаўнай арганізацыі Freedom House Дэйвід Крэймэр у калёнцы апублікаванай тым жа выданьні. У артыкуле з красамоўнай назвай «Карумпаваны лідэр Украіны» былы амэрыканскі чыноўнік адзначае:

«Пэрсанальныя санкцыі супраць Януковіча і яго сыноў — гэта магчыма адзіны спосаб прадухіліць далейшае кровапраліцьце, дамагчыся вызваленьня Цімашэнкі, разблякаваць законы, якія не даюць Клічко ўдзельнічаць у выбарах прэзыдэнта, і аднавіць надзею ўкраінцаў на інтэграцыю з Захадам». Менавіта гэта будзе рэальным знакам падтрымкі ўкраінцаў, якія спрабуюць сарваць ужо другую спробу Януковіча пахаваць будучыню Ўкраіны, — лічыць Крэймэр. Ён таксама далучаецца да сваіх калег-экспэртаў у закліку да міністраў краін АБСЭ праігнараваць сустрэчу арганізацыі ў Кіеве і даць Януковічу зразумець, што далейшае выкарыстаньне сілы супраць мітынгоўцаў зробіць немагчымымі любыя зьдзелкі з Эўропай. На думку Крэймэра, Януковіч ставіць пэрсанальныя інтарэсы вышэй за інтарэсы краіны і выкарыстоўвае ўладу для ўзбагачэньня. Недапушчэньне другога туру прэзыдэнцкіх выбараў — гэта наступная мэта прэзыдэнта Ўкраіны, — перакананы Крэймэр. — Адзіная магчымасьць для Януковіча застацца ва ўладзе — гэта зьняволеньне апанэнтаў і поўнае адхіленьне іх ад палітычнага працэсу», — лічыць палітоляг.

Эканаміст Марк Адоманіс у нататцы для Forbes заключае, што Расея нават з Украінай разам ня стане звышдзяржавай. «Хочуць украінцы быць у Эўропе, хай будуць, але пункт гледжаньня, што Ўкраіна зьяўляецца ключом да перамогі ў нейкай геапалітычнай гульні — гэта анахранізм». «Аб’ектыўны погляд на лічбы паказвае, што Ўкраіна — гэта ня прыз, а вялікі груз. Краіне спатрэбяцца магутныя інвэстыцыі, каб проста заставацца на нагах», — рэзюмуе экспэрт. Адоманіс ставіць пытаньне, а ці варта ЗША ўмешвацца ў падзеі ў Кіеве, бо, калі Расея ўсё-такі атрымае Ўкраіну, яна ўрэшце стане не мацнейшай, але слабейшай. І дадае: «Сумняваюся, што Расея зможа цалкам паглынуць Украіну, бо Захад Украіны пры такіх умовах, верагодна, проста адколецца».

Цалкам агляд заходняй прэсы можна прачытаць ТУТ.
XS
SM
MD
LG