Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магістар Жалезьнічэнка вяртацца ў Беларусь ня хоча


Зьміцер Жалезьнічэнка

Зьміцер Жалезьнічэнка

Зьміцер Жалезьнічэнка, раней адлічаны з Гомельскага ўнівэрсытэта былы палітжаўнер, стаў магістрам у Нідэрляндах. Ён не выключае, што стане міністрам у роднай краіне, але пакуль вырашыў застацца ў Амстэрдаме.

Зьмітра Жалезьнічэнку адлічылі за апазыцыйную дзейнасьць з трэцяга курсу матэматычнага факультэту Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Францішка Скарыны. Прычынай сталася ягоная актыўнасьць у арганізацыі «Моладзь БНФ» і затрыманьні міліцыяй.

Пасьля тэрміновай службы ў войску, якую Зьміцер адбыў, так і не прыняўшы прысягу, ён скончыў тэхнічны ўнівэрсытэт у Амстэрдаме. На некалькі дзён Зьміцер прыехаў у родны Гомель, дзе зь ім гутарыў карэспандэнт Свабоды.

— Зьміцер, у Гомельскім унівэрсытэце ты меўся атрымаць дыплём інжынэра-праграміста. У Нідэрляндах ты працягнуў адукацыю ў гэтым кірунку?

— Можна сказаць і так. Я навучаўся праграмаваньню — па сутнасьці, аналягічнай спэцыяльнасьці. Зараз маю запрашэньне ад фірмы на сталую працу — у гэтай фірме я стажыраваўся й падпрацоўваў, калі вучыўся ў магістратуры.

— Значыць, у Беларусь не зьбіраесься вяртацца?

— Не, вяртацца пакуль не зьбіраюся. А там — час пакажа. Зараз я вырашаю візавыя й сямейныя пытаньні — і паеду назад у Амстэрдам.

— А сямейныя — гэта ажаніцца сабраўся?

— Так. Нявеста — мянчанка. Я сапраўды вырашыў уладкаваць сваё сямейнае жыцьцё.

— Віншую! У Нідэрляндах ты кантактуеш з выхадцамі зь Беларусі?

— Нейкай асобнай беларускай суполкі, зямляцтва ў Амстэрдаме я ня ведаю. Больш нашых суграмадзянаў, наколькі мне вядома, жыве ў суседняй Бэльгіі. Кантактуюць паміж сабой у Нідэрляндах выхадцы з постсавецкай прасторы — Беларусі, Украіны, Расеі, іншых краінаў СНД.

— Ці сочыш за падзеямі ў Беларусі?

— Так. І ў Беларусі, і ва Ўкраіне, асабліва цяпер. Мяне, нядаўняга студэнта, усьцешыла тое, што рэктараты некаторых украінскіх унівэрсытэтаў заклікалі студэнтаў выйсьці на Майдан, каб адстойваць эўрапейскі шлях разьвіцьця. Нашыя рэктары, наадварот, выйшлі б хіба пастаяць разам з амапаўцамі, каб студэнтам панадавалі. Бачна, што людзі ва Ўкраіне не даюць зьдзекавацца зь сябе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG