Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ганна Янкута пра замежную гуманітарыстыку па-беларуску


Ганна Янкута
Ганна Янкута
Калі ў беларускім кантэксьце заходзіць гаворка пра пераклад, то амаль заўсёды маецца на ўвазе пераклад мастацкай літаратуры. Аднак і для разьвіцьця вышэйшай адукацыі, і для агульнага разьвіцьця грамадзкай сьвядомасьці неабходна перакладаць таксама літаратуру гуманітарную — дасьледаваньні ў галіне філялёгіі, філязофіі, сацыялёгіі, гісторыі і г.д. Таму сёньня я прапаную паглядзець на апошнія пераклады замежнай гуманітарыстыкі на беларускую мову.


Дамінік Татарка. Культура як зносіны: Выбранае з разваг / пераклад са славацкай М. Кажарновіч. — Менск: “Галіяфы”, 2012

Нельга сказаць, што пераклады гуманітарнай літаратуры выходзяць па-беларуску зусім рэдка, хаця, безумоўна, масавым іх выданьне не назавеш нават з улікам беларускіх рэаліяў. Выключэньне складаюць кнігі, якія выйшлі ў канцы 2012 — пачатку 2013 года і былі прэзэнтаваныя на фэстывалі “Шэнгенка”. У межах гэтага праекту выйшаў шэраг прац, напісаных аўтарамі з краінаў Вышаградзкай групы: “Культура як зносіны” Дамініка Татаркі, “Наш вясёлы апакаліпсіс” Лешка Калакоўскага, “Дысыдэнты права: пра “аксамітныя рэвалюцыі” 1989 году, спосабы легітымацыі, фікцыі легальнасьці і сучасную вэрсію грамадзкае дамовы” Іржы Пржыбаня, “Мысьленьне паводле каштоўнасьцяў” Юзафа Тышнера, “Пра гаротнасьць малых усходнеэўрапейскіх дзяржаваў” Іштвана Бібо, “Нацыя, нацыяналізм, патрыятызм” Анджэя Валіцкага.

Зборнік артыкулаў, ці разваг, славацкага пісьменьніка і публіцыста Дамініка Татаркі ўлучае напісаныя ў розныя гады тэксты, што закранаюць самыя розныя пытаньні, зьвязаныя з разьвіцьцём славацкай культуры. І хаця большасьць з іх датычыць менавіта славацкіх рэаліяў (нацыянальная літаратура, архітэктура, мастацтва), многія з паднятых Татаркам праблемаў (напрыклад, пытаньні нацыянальнай памяці і кіраваньня культурай “зьверху”) застаюцца актуальнымі і для іншых краінаў з камуністычным мінулым. У апісаных Татаркам сытуацыях беларусы знойдуць нямала паралеляў са сваёй рэчаіснасьцю. І ўсё ж гэтая кніга падасца больш цікавай чытачам, якія добра ведаюць гэты рэгіён і цікавіцца менавіта чэска-славацкай культурай: вялікая колькасьць імёнаў і фактаў, што падаюцца аўтарам, лёгка могуць заблытаць чытача неабазнанага.


Эразм Ратэрдамскі. Пахвала дурасьці / пераклад з лацінскай мовы Ў. Шатона. — Менск: Выдавец Колас, 2006

Сэрыя “Галерэя чалавечай думкі”, што выдавалася Зьмітром Коласам (апошняя кніга з гэтай сэрыі — праца Андрэя Воляна “Аб грамадзянскай, або палітычнай свабодзе” — выйшла ў 2009 годзе), прысьвечаная перакладу клясычных гуманітарных прац: у ёй друкаваліся творы Рэнэ Дэкарта і Імануіла Канта, Эразма Ратэрдамскага і Нікало Мак’явэлі. І хаця кніг у гэтай сэрыі выйшла не так ужо і шмат, усе гэтыя пераклады маюць вялікае значэньне: напрыклад, “Уладар” Мак’явэлі — праца, якая часта згадваецца і цытуецца, у тым ліку ў мастацкай літаратуры.

Асабліва рэкамэндаваць “Пахвалу дурасьці” Эразма Ратэрдамскага няма патрэбы. Напісаная падчас доўгага падарожжа з Італіі ў Англію, гэтая сатыра ўспрымалася аўтарам як літаратурная драбяза — і зрабілася ў выніку найважнейшай яго працай, якая цяпер нязьменна ўваходзіць у праграму абавязковага чытаньня філялягічных і іншых гуманітарных факультэтаў. Важна толькі памятаць, што на беларускую мову яна таксама перакладзеная, і па магчымасьці даваць менавіта гэты, а не расейскі пераклад у сьпісах для студэнтаў ВНУ.


Поль Вэйн. Ці верылі грэкі ў свае міфы? Эсэ пра стваральнае ўяўленьне / пераклад з французскай мовы З. Коласа. — Менск: “Энцыкляпэдыкс”, 2000

У кнізе “Ці верылі грэкі ў свае міфы?” Поля Вэйна, сучаснага французскага аўтара, спэцыяліста па антычнай гісторыі, разглядаецца нават не столькі грэцкая міталёгія, колькі само паняцьце праўды, якое ў розныя часы разумелася вельмі па-рознаму. Рознае разуменьне праўды, на думку аўтара, лёгка прасочваецца на прыкладзе гістарычных прац антычнасьці і новага часу: калі цяпер у дасьледаваньнях мы даем спасылкі на ўсіх сваіх папярэднікаў, то старажытнагрэцкаму гісторыку было дастаткова напісаць “паводле атрыманых мной зьвестак” — і чытач усё адно яму паверыць, бо праўда трымаецца на аўтарытэце аўтара. Поль Вэйн аналізуе антычныя крыніцы, аднак часта ад гэтага аналізу пераходзіць да агульных развагаў пра стаўленьне да праўды і гісторыі ў розныя часы.


Пітэр Бэрк. Рэнэсанс / пераклад з ангельскай мовы А. Арловай. — Менск: Беларускі гуманітарны адукацыйна-культурны цэнтар, 1997

Кніга Пітэра Бэрка “Рэнэсанс” выйшла ў сэрыі Беларускага Фонду Сораса “Адкрытае грамадзтва”, якую можна лічыць папярэдніцай згаданай вышэй сэрыі “Галерэя чалавечай думкі” (сярод заяўленых да выданьня ў “Адкрытым грамадзтве” кніг дзьве выйшлі гадоў праз дзесяць у выдавецтве Зьмітра Коласа). Аўтар кнігі, сябра рады каледжа Імануіла, Кэмбрыдж, ставіць сабе за мэту разбурыць тое ўяўленьне пра Рэнэсанс, якое склалася ў ХІХ стагодзьдзі і якое дагэтуль не страчвае пазыцый. Аўтар даводзіць, што кантраст паміж Сярэднявеччам і Адраджэньнем, а таксама кантраст паміж Італіяй эпохі Рэнэсансу і астатняй Эўропай моцна перабольшаны. Рэнэсанс ён разглядае як “сукупнасьць зьменаў у заходняй культуры”, прапануючы ўласную інтэрпрэтацыю гэтых зьменаў і супрацьпастаўляючы такое разуменьне папулярнай канцэпцыі Рэнэсансу як ізаляванай культурнай зьявы, што склалася ў выніку “раптоўнага выбуху навізны”.


Паўла Савіцкая, Марк Эдэльман. У геце было і каханьне / пераклад з польскай мовы Веранікі Бандаровіч і Юрася Барысевіча. — Менск: “Галіяфы”, 2013

У кнізе ўспамінаў аднаго з кіраўнікоў паўстаньня ў Варшаўскім гета 1943 году Марка Эдэльмана, запісаных Паўлай Савіцкай, расказваецца пра асобныя падзеі часоў Другой сусьветнай вайны, а таксама пра асобаў, якія адыгралі важную ролю ў жыцьці Варшаўскага гета. Гэта не навуковае выданьне (хаця і зьмяшчае вялікую колькасьць камэнтароў), аднак цікавае яно будзе перадусім гісторыкам — тым, хто займаецца тэмай Халакосту, а таксама тэмай Варшаўскага паўстаньня 1944 году: Марк Эдэльман узяў удзел і ў ім, перажыўшы такім чынам абедзьве гэтыя трагічныя падзеі. Гісторыя ў гэтых успамінах паказаная праз прызму лёсаў асобных людзей, нават не столькі лёсаў, колькі асобных гісторыяў з іх жыцьцяў. У кнізе прысутнічаюць гісторыі пра каханьне ў гета, кожная з якіх даецца толькі ў агульных рысах: некалькі словаў пра абставіны, герояў, разьвязку, часьцей за ўсё трагічную. Кніга цікавая апісаньнем менавіта дробных эпізодаў, якія могуць губляцца ў навуковым дасьледаваньні, і ёсьць важным сьведчаньнем эпохі, аналягаў якога ў беларускай прасторы няма.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG