Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грыб: Уся Беларусь сочыць за падзеямі ва Ўкраіне


Мечыслаў Грыб

Мечыслаў Грыб

Пратэсты ва Ўкраіне засьведчылі, што народ ня хоча ў Мытны саюз, перакананы Мечыслаў Грыб.

Былы старшыня Вярхоўнага Савету, генэрал-лейтэнант міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб лічыць, што падзеі ва Ўкраіне маюць непасрэдную сувязь з тым, што адбываецца ў Беларусі.

«Уся Беларусь сочыць за тымі падзеямі, якія сёньня адбываюцца ва Ўкраіне. Што там з гэтага атрымаецца, цяжка сказаць. Але неяк усё ўтрасецца, супакоіцца і ўсе застануцца на сваіх месцах і пасадах. Я ня думаю, што там будзе нейкі цяжкі перасьлед тых, хто быў на Майдане. Гэта неяк спусьцяць на тармазах, зробяць незаўважным для ўлады. І людзі крыху супакояцца бачачы, што нічога не атрымаецца. Але гэта будзе часова.

Самы галоўны вынік, што народ Украіны паказаў, што ён ня згодны ісьці на ўсход. І разьлік кіраўніцтва Расеі на тое, што яму ўдалося схіліць на свой бок урад Украіны нічога не дае. Бо калі людзі так актыўна выйшлі на Майдан за тое, што ўрад адмовіўся падпісаць пагадненьне пра асацыяцыю з Эўразьвязам, то можна прадбачыць, як людзі адрэагуюць, калі гэты ўрад падпіша пагадненьне аб Мытным саюзе. Гэта ж стала немагчыма. Таму ўзьнікае пытаньне, а навошта тады гэта было патрэбна Расеі? Там не было ніякай перамогі, Украіна не пойдзе на ўсход».

Карэспандэнт: «Афіцыйны Менск пакуль не выказваўся адносна падзеяў ва Ўкраіне. Які ён атрымаў урок?»

Грыб: «Будуць ці ня будуць улады Беларусі камэнтаваць гэтыя падзеі, магчыма, нават і ня будуць. Але ўрок для іх таксама ёсьць, што да людзей трэба прыслухоўвацца. І не трэба іх проста так браць і ламаць праз калена, як гэта спрабавалі зрабіць ва Ўкраіне».
XS
SM
MD
LG