Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Што ў рэвалюцыі ўнутры: рэпартаж з Кіеўскага штаба


Вокны маёй кватэры ў Кіеве выходзяць наўпрост на памяшканьне Кіеўскай адміністрацыі. Скарочана называецца КМДА, так гэты будынак завуць усе. КМДА – Київська міська державна адміністрація.

Цяпер тут – штаб рэвалюцыі. Так і напісана на адной з калён. На другой надпіс – Попов – м…к.

Адзін з кіраўнікоў штабу распавядае, што людзі тут знаходзяцца ад 1 сьнежня. Занялі памяшканьне «ў працэсе пешай хады і народнага сходу».

Але калега-журналістка, карэнная кіяўлянка, пераконвае: занялі будынак з пачуцьця грамадзкай справядлівасьці:

«У Кіева ўжо паўтара года няма мэра, бо папярэдні пайшоў у адстаўку з-за праблем з карупцыяй, – кажа яна. Пасьля доўгая гісторыя адміністрацыйных пэртурбацыяў, вынік якой – горадам кіруе прызначаны Януковічам Аляксандар Папоў.

Гэта пра яго невядомы прадстаўнік грамадзкасьці выказаўся на калёне.

А каб трапіць у штаб, трэба адстаяць чаргу: ахвочых пабачыць «смольны» на свае вочы вельмі шмат. Праўда, чарга ідзе хутка. Ахова стаіць паўсюль, а на першым паверсе – запіс валянтэраў у народную самаабарону.

Штаб запоўнены вельмі стомленымі, вельмі занятымі і вельмі натхнёнымі людзьмі.

Тут вядуць прыём народныя дэпутаты – ад апазыцыйных партый «Удара», «Батьківшчына» і «Свобода». Юрысты аказваюць дапамогу тым, хто пацярпеў ад дзеяньняў міліцыі падчас пратэстаў.

Штаб пабіты на сэктары, і ў кожнага свая функцыя.

Тут можна падабраць сабе цёплае адзеньне, якое прынесьлі кіяне для ўдзельнікаў Майдану.

Так арганізаванае харчаваньне. Намагаюцца засьцерагчыся ад інфэкцый.

Тут адпачываюць прыежджыя і проста тыя, каму трэба адпачынак. На сьценах вісяць папяровыя аркушы з назвамі месцаў – каб людзі лягчэй знайшлі сваіх.

Раней за гэтым сталом засядаў праславуты «Папоў». Цяпер тут сядзіць намесьнік камэнданта штаба.

Подпісы зьбіраюць за: імпічмэнт Януковічу, адстаўку ўраду, вызваленьне Юліі Цімашэнкі і, напэўна, яшчэ за нешта.

А гэта фота – каб паказаць шчыльнасьць народазасяленьня.

Колькі я ў Кіеве, амаль кожную гадзіну чую, што КМДА будзе «браць „Беркут“». Але кіраўнікі штабу перакананыя, што знаходзяцца ў будынку законна, бо ён грамадзкі. «Чуткі такія ёсьць, праваахоўныя органы да нас агулам зьвяртаюцца кшталту, мы мусім яго вызваліць. Але мы тут знаходзімся на законных падставах і ніхто яшчэ нам не давёў, што гэта ня так».

А дзе засядае цяпер мясцовая адміністрацыя, яны дакладна ня ведаюць.
XS
SM
MD
LG