Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Майдан кліча лідэра: 13 дзень – ад нашага карэспандэнта


Пасьля таго, як Вярхоўная Рада не адправіла ўрад у адстаўку, лідэры апазыцыі зьвярнуліся да тых людзей, якія сёньня ад ранку стаялі перад парлямэнтам.

Там былі тысячы людзей і яны гатовыя былі да рашучых дзеяньняў, але іх усіх папрасілі перайсьці на Майдан і там адбыўся мітынг. На ім лідэры апазыцыі заявілі, што патрабаваньні застаюцца ранейшымі. Пры гэтым яны папрасілі людзей пайсьці пікетаваць будынкі адміністрацыі, Вярхоўнай Рады і Кабміну. Не штурмаваць, не блякаваць, а менавіта пікетаваць. Плошча падзялілася на тры калёны, якія накіраваліся кожная да «свайго» будынку.

Я наведала ўсе гэтыя тры месцы. Людзей тут ня так шмат у параўнаньні з тым, што было раніцай. Найбольш – на вуліцы Банкавай, каля адміністрацыі прэзыдэнта. Гэта крывавае месца, дзе на мінулым тыдні былі жорсткія сутычкі. Зараз тут стаіць некалькі тысяч людзей, гучыць музыка, выступаюць прамоўцы, дэманстранты б'юць па баках, каля якіх яны звычайна грэюцца. Вакол будынкаў ёсьць ахова, але сутычак не адбываецца. Віталь Клічко, выступаючы на Майдане, вельмі моцна прасіў людзей не пачынаць боек.
Лідэр партыі «Свабода» Алег Цягнібок заклікаў студэнтаў ісьці пікетаваць таксама міністэрства адукацыі.

Паколькі зараз афіцыйныя будынкі пустыя, чыноўнікі разышліся па дамах. Толькі заўтра будзе зразумела, ці зьбіраюцца пікетоўцы перашкаджаць чыноўнікам прыходзіць на працу.

У мяне адчуваньне, што гэта своеасаблівая паўза ў падзеях. У шэрагах маніфэстантаў назіраецца пэўная разгубленасьць. Зараз лідэры апазыцыі будуць вырашаць, што рабіць далей.

Увечары калёны ізноў вернуцца на Майдан.

* * *

Я вярнулася на Майдан і бачу, што ён, як і ў ранейшыя дні, поўны людзей. Людзі, відаць, пахадзілі і вярнуліся на тое месца, якое для іх зьвязанае з сёлетнім пратэстам. Са сцэны па-ранейшаму гучаць заклікі да адстаўкі ўраду і да імпічмэнту Януковічу. Мітынгоўцы зараз вельмі апэлююць да палітыкаў, кажуць, што палітыкі мусяць іх накіраваць. Я ўпершыню пачула ад пратэстоўцаў меркаваньне, што ім патрэбныя лідэры.

Я мяркую, што лідэры зараз вызначаюць, што рабіць, шукаюць ці нейкага кампрамісу і шляху, як дамагчыся адстаўкі ўраду. Арсэні Яцанюк, старшыня партыі «Бацькаўшчына» заявіў, што ад Януковіча будуць дамагацца ўказу пра адстаўку ўраду і аб прызначэньні датэрміновых выбараў прэзыдэнта і парлямэнту. Я мяркую, што Мікалай Азараў, кіраўнік ураду, зрабіў моцны крок, калі выступаючы ў Вярхоўнай Радзе, выбачыўся за дзеяньні міліцыі на Майдане ў ноч з 29 на 30 лістапада. Тут людзі кажуць, што калі б «дзяцей» тады не пабілі, то столькі людзей ня выйшла б на вуліцу. Азараў выбачыўся, узяў адказнасьць і на сябе і, ня выключана, што такім чынам захаваў сваю ўладу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG