Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ААН паскардзіліся на катаваньні Мікалая Статкевіча


У Камітэт па правах чалавека ААН накіраваная скарга ад імя былога кандыдата на прэзыдэнта, палітвязьня Мікалая Статкевіча.

У скарзе — пералік парушэньняў беларускай дзяржавы ў справе Мікалая Статкевіча.

У прыватнасьці, як сьцвярджаюць аўтары скаргі, падчас падзей 19 сьнежня 2010 году дзяржаўнымі органамі Беларусі былі парушаныя правы Мікалая Статкевіча на свабоду сходаў, выраз свайго меркаваньня і асабістую недатыкальнасьць.

Падчас сьледзтва над палітыкам да яго ўжываліся катаваньні, а ягоную справу разглядаў залежны ад ўлады суд, зазначаюць аўтары скаргі.

Інтарэсы Мікалая Статкевіча ў камітэце правоў ААН прадстаўляе ягоная жонка Марына Адамовіч.

Скаргу, якая накіраваная ў Жэнэву, падрыхтавала праваабарончая ўстанова «Беларускі дакумэнтацыйны цэнтр» сумесна з міжнароднай праваабарончай арганізацыяй «Freedom now» і шэрагам адвакацкіх кампаніяў ЗША.

Гэта ўжо другая спроба праз ААН дамагчыся вызваленьня Мікалая Статкевіча. У 2011 годзе скаргу на арышт палітыка і бесчалавечнае зь ім абыходжаньне ў вязьніцы накіравала ў Працоўную групу па адвольных затрыманьнях ААН дачка Статкевіча Кацярына Статкевіч. Тады камітэт па правах чалавека запатрабаваў вызваліць Статкевіча, выплаціць яму кампэнсацыі

«Беларускія ўлады гэтае рашэньне праігнаравалі, але для нас гэта не азначае, што мы спынім свае намаганьні па адстойваньні правоў палітвязьня Мікалая Статкевіча», — адзначае кіраўнік «Беларускага дакумэнтацыйнага цэнтру», праваабаронца Раіса Міхайлоўская.

Былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч асуджаны на 6 гадоў зьняволеньня нібыта за арганізацыю беспарадкаў 19 сьнежня 2010 году. Пакараньне адбывае ў Магілёўскай «крытай» турме.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG