Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Леанід Смоўж: «Маек на рынку хапае, а трафарэт я не выкідаў»


Леанід Смоўж

Леанід Смоўж

3 сьнежня ў Менскім гарадзкім судзе разглядалася скарга грамадзкага актывіста Леаніда Смоўжа, які адбыў 5 сутак на Акрэсьціна за тое, што 10 лістапада на дазволеным мітынгу ў Лошыцы апрануў майку з надпісам «За Беларусь без Лукашэнкі». Скаргу Леаніда Смоўжа судзьдзя Аляксей Бычко не задаволіў.

«Надзвычайнай падзеі не адбылося — скаргу не задаволілі. Маім словам пра тое, што я не аказваў супраціву міліцыянтам пры затрыманьні, за што мяне фармальна пакаралі, судзьдзя не паверыў. Прычым цікава, што гэтак і не ўручылі мне пастанову аб затрыманьні. Як не было тады ў Ленінскім судзе, гэтак не далі і зараз», — пракамэнтаваў суд Леанід Смоўж.

Леанід Смоўж працуе машыністам на чыгунцы ў Стаўпецкім раёне. Якія наступствы на працы меў для яго арышт, адбыты ў менскім ізалятары на Акрэсьціна?

Смоўж кажа, што тады быў у адпачынку, і таму прэтэнзій да яго адносна страчаных працоўных дзён не было. «І ўвогуле да мяне з адміністрацыі ніхто не падыходзіў і размоў пра мой учынак ня вёў. Там, відаць, разумеюць, што запалохаць мяне немагчыма. Я машыніст, працоўны чалавек. Калі звольняць, дык працу сабе знайду, а вось з кім яны застануцца? Машыністаў у нас не хапае. Праца цяжкая, а заробкі невялікія, і навучыцца на машыніста складана: паўгода трэба вучыцца ў Магілёве, потым год працаваць памочнікам машыніста за капейкі, потым яшчэ год стажорам. Атрымліваецца, што толькі праз 3 гады можна разьлічваць на сапраўднага машыніста, але яшчэ фактычна бяз досьведу. Таму за працу я спакойны, калі здароўе дазволіць. Але галоўнае: хіба я ня маю рацыю, калі выказваю сваю думку, што Беларусь мусіць жыць без дыктатуры і без Лукашэнкі?», — кажа Леанід Смоўж.

У Леаніда Смоўжа дзьве дарослыя дачкі, некалькі ўнукаў. Актывіст кажа, што ў сям’і падзяляюць ягоныя погляды, а адзін зь зяцёў яго падтрымлівае настолькі, што таксама ўдзельнічае ў акцыях. Увогуле, паводле актывіста, пасьля ягонага ўчынку да яго часьцей падыходзяць людзі з пытаньнямі ды каб падзяліцца сваімі думкамі, у тым ліку пра парадкі, якія пануюць у цяперашняй Беларусі. «Людзей шмат незадаволеных, і гэта адчуваецца ўсё больш », — дзеліцца назіраньнямі Леанід Смоўж.

У якія матэрыяльныя страты выліліся прыгоды Леаніда Смоўжа? Паводле грамадзкага актывіста, за 5 дзён арышту на Акрэсьціна зь яго ўзялі 195 тысяч рублёў за харчаваньне.

Гэтым каштарысам Леанід Смоўж незадаволены: «Два дні ежы не давалі, а ўвечары ніколі не давалі чаю. Вячэры і сьняданкі былі такія, што есьці амаль немагчыма. Атрымліваецца, што 195 тысяч — гэта за тры абеды. Неапраўдана дорага, калі ўлічыць, што якасьць тых абедаў была ніжэй абеду ў самай дрэннай працоўнай сталоўцы».

Ці будзе чыгуначнік надалей апранаць майку з «крамольнымі» надпісамі? Леанід Смоўж нагадаў, што тую майку, у якой ён быў на мітынгу 10 лістапада, міліцыянты ў яго адабралі і не вярнулі. «Але на рынку яшчэ хапае белых маек, а рынкі Лукашэнка пакуль зачыніць ня змог. Фарбу можна набыць, а трафарэты ў мяне засталіся», — кажа Леанід Смоўж.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG