Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Савіных паслалі ў Турэччыну і Ірак


Андрэй Савіных

Андрэй Савіных

Начальнік упраўленьня інфармацыі — прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных прызначаны Аляксандрам Лукашэнкам амбасадарам Беларусі ў Турэччыне й Іраку.

У размове з карэспандэнтам Свабоды Савіных заявіў, што гэта «адказнае прызначэньне»:

«Наша ўзаемадзеяньне з Турэцкай Рэспублікай ажыцьцяўляецца вельмі дынамічна. Палітычны дыялёг больш інтэнсіўны, чым гандлёва-эканамічныя дачыненьні. Мы бачым тут відавочную неадпаведнасьць. Будзе вельмі цікава паспрабаваць збалянсаваць гэтыя два накірункі. Наперадзе ў мяне шмат канструктыўнай працы, многа кантактаў», — сказаў Савіных.

Савіных паабяцаў, што пры ім нарэшце будзе ўведзены бязьвізавы рэжым паміж Беларусьсю і Турэччынай, «ад 1 студзеня па некаторых ацэнках».

Што да Іраку, то, паводле Савіных, гэта краіна «дынамічна разьвіваецца і падымаецца з руінаў».

«Там насамрэч трэба шмат зрабіць, каб аднавіць нармальны узровень жыцьця. І якраз у гэтых умовах Беларусь многа можа прапанаваць. Мы зацікаўленыя ў гэтым супрацоўніцтве і мы можам значна перакрыць тыя ўзроўні, якія былі да вайны».

Савіных сказаў, што не быў раней ні ў Турэччыне, ні ў Іраку. Цягам месяца ён плянуе накіравацца на новае месца працы.

Ён адзначыў, што праца амбасадарам для любога дыплямата зьяўляецца вянцом дыпкар’еры, прафэсійным прызнаньнем.

Паводле Савіных, яго пасаду ў МЗС зойме «без сумневу кваліфікаваны дыплямат, які будзе адкрыты для кантактаў са СМІ.»
XS
SM
MD
LG