Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску «Limp Bizkit» віталі бел-чырвона-белымі плякатамі


У Менску даў адзіны канцэрт культавы амэрыканскі мэтал-гурт «Limp Bizkit», які ў сваёй творчасьці ўдала выкарыстоўвае самыя розныя стылі.

Сёлета ў сьнежні калектыў адзначае 20-гадовы юбілей ад моманту свайго ўтварэньня, і якраз з гэтай нагоды быў арганізаваны ўсясьветны тур у падтрымку хітоў з усіх папярэдніх альбомаў.

У беларускую сталіцу амэрыканцы прыехалі з ахопленага хваляваньнямі Кіева, дзе адразу акрэсьлілі сваё стаўленьне да тамтэйшых падзеяў. Так, саліст Фрэд Дзёрст наўпрост са сцэны зьвярнуўся да прысутных: «Украінцы, ня сьпіце! Вы пішыце самі сваю гісторыю!». Чым выклікаў ухвальны роў натоўпу.

Адрозна ад Украіны, палітычных заклікаў у менскім Палацы спорту музыкі «Limp Bizkit» не рабілі. Але пад гучныя аплядысмэнты неаднаразова скандавалі: «Be-la-rus! Be-la-rus!». Таксама ацанілі высілкі гледачоў, якія віталі куміраў бел-чырвона-белымі плякатамі з выявамі ўдзельнікаў гурту, стылізаваных пад кампутарныя гульні. Паказальна, што міліцыянты, якія стаялі літаральна на кожным кроку, «крамолу» не заўважылі.


Фота Юлія Паляшчук, kp.by

Літаральна зь першых жа акордаў усе пяць зь лішкам тысяч гледачоў кінуліся ў скокі і не спыняліся наступныя дзьве гадзіны. Некалькі дзяўчат музыкі запрасілі на сцэну, дзе тыя з задавальненьнем танчылі да канца вечара. Кульмінацыяй выступу стала супольнае выкананьне хіту «Behind Blue Eyes» — бадай, адзіны раз, калі заля на тры хвіліны спынілася і пад ілюмінацыю ўключаных мабільных тэлефонаў разам зацягнула прыгожую мэлядычную песьню.

Зрэшты, некаторым паход на канцэрт «Limp Bizkit» запомніцца ня толькі шалёнымі танцамі, але і разьбітымі галовамі. Асноўнай забавай некалькіх тысяч маладых людзей, які акупавалі танцпадлогу, было ўтварэньне своеасаблівага «водазвароту», куды паступова сьцягваліся ўсё новыя танцоры. Але звычайна гэта сканчвалася вялікай кучай, якую, каб людзі не падушыліся, давялося расьцягваць. У выніку некалькі чалавек атрымалі траўмы галавы і грудной клеткі. Але ад шпіталізацыі параненыя адмовіліся.

Пад канец музыкі разнастаілі праграму, выканаўшы ва ўласнай імправізацыі кавэры іншых славутых амэрыканскіх калектываў — «Nirvana», «Metallica», «Guns-n-Roses».
XS
SM
MD
LG