Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улада адчапілася ад прадпрымальнікаў — да новага года


Урад Беларусі адклікаў свае заявы аб увядзеньні новых правілаў гандлю для прыватных прадпрымальнікаў зь 1 сьнежня 2013г. і пакінуў пераходны пэрыяд да 1 ліпеня 2014 году.

Тым ня менш, прадпрымальнікі не выключаюць магчымасьць зьменаў умоваў аплаты падатку зь 1 студзеня 2014 году і заяўляюць, што гатовыя да пратэстаў.

Напярэдадні 1 сьнежня гандляры многіх рынкаў, незадаволеныя намерамі ўладаў увесьці новыя правілы гандлю, пагражалі нясплатай падаткаў і страйкам. Так, у нядзелю «сталі» рынкі ў Барысаве, Жодзіне і Рагачове. Бальшыня ж падаткі сплаціла і працягвала працаваць, як, напрыклад, гандляры ў Салігорску. Адна з прадпрымальніц Тацьцяна Кучынская тлумачыць гэта адсутнасьцю салідарнасьці ў асяроддзі дробных гандляроў:

«Няма, няма — увогуле салідарнасьці няма. Хтосьці працуе — па-наплявацельску да ўсяго ставіцца, а бальшыня падатак заплаціла і працуе „на авось“. Усе ведаюць, што патрэбныя дакумэнты суправаджальныя; некаторыя паехалі ў Маскву і прывезьлі „ліпавыя“. Але ж гэта крымінальная справа, калі ўсё раскрыецца. Словам, на свой страх і рызыку. Кажуць, што калі распачнуцца праверкі — усе зачыняцца і будуць адбіваць тавар, да сутычак будзе даходзіць. Але галоўнае — уладу мяняць трэба, гнаць гэтага ў тры шыі — тады і парадак будзе».

Паводле Тацьцяны Кучынскай, пра адмену абвешчаных зьменаў многія гандляры ня ведаюць і сёньня. Бяз пэўнасьці таксама працавалі гандляры ў Капылі, кажа мясцовы прадпрымальнік Генадзь Вожык. Прадпрымальнікі Баранавічаў сталіся больш дасьведчанымі. Яны таксама сплацілі падаткі за сьнежань, але гатовыя страйкаваць ужо ад студзеня, кажа мясцовы прадпрымальнік Мікалай Чарнавус:

«Быў у нас сход, прадпрымальнікаў было чалавек 600, і з гарвыканкаму, райвыканкаму былі, і я ім заявіў, што калі будзеце „драконаўскія меры“ ўжываць да гандляроў — усё, зь 1 студзеня не аплочваем падатак, пойдзем да ёлкі гарадзкой на карагод. Гэта ўсіх гандляроў тычыцца, і ўсе гатовыя не аплочваць падатак — пачакаем 1 студзеня».

Паводле прадпрымальніка Аляксандра Макаева, які працуе на Ракаўскім рынку Менску, бальшыня гандляроў ведала, што зьменаў у працы зь 1 сьнежня не адбудзецца. Але вядома таксама, што зь 1 студзеня рыхтуюцца іншыя зьмены ў падатковыя нормы, якія будуць ствараць новыя праблемы. Таму прадпрымальнікі працягваюць працаваць і адначасна рыхтуюцца да пратэстаў, кажа спадар Макаеў:

Аляксандар Макаеў

Аляксандар Макаеў

«Прадпрымальнікі ведаюць, што робяцца зьмены ў Падатковы кодэкс, які будзе прыняты зь 1 студзеня 2013 году і якім гандляроў абавяжуць мець увесь пакет дакумэнтаў па падаткаабкладаньні. Гэта значыць, што прадпрымальнікі бальшыні рынкаў краіны ня змогуць працаваць. Адначасна рыхтуецца ўказ прэзыдэнта аб прадпрымальніках. Гэта робіцца таемна, невядома якія там будуць нормы, таму прынятае рашэньне зь 1 студзеня не плаціць падатак і выходзіць на плошчы да галоўных ёлак. У Менску гэта Кастрычніцкая плошча, а таксама ў абласных цэнтрах і гарадах, дзе ёсьць рынкі».

Паводле Аляксандра Макаева, індывідуальныя прадпрымальнікі краіны прынялі рашэньне гуртавацца падчас сустрэчы, якую яны арганізавалі ў Менску 25 лістапада. Зараз яны ствараюць каардынацыйную групу з прадстаўнікоў усіх рэгіёнаў краіны, каб пратэстныя акцыі мелі арганізаваны характар. Гаворыць адзін зь сяброў аргкамітэту сьветлагорскі прадпрымальнік Анатоль Зьмітровіч:

«Калі мы аналізавалі ўсе гэтыя выказваньні чыноўнікаў у СМІ, дык прыйшлі да высновы, што ўлады рыхтуюць пастку для прадпрымальнікаў. Каб зьмяніць умовы працы, неабходна прыняць закон, а час на ягонае прыняцьце — ня менш за тры месяцы. Мы разумеем, што гэткім чынам ідзе наступ буйных гандлёвых цэнтраў на дробных прадпрымальнікаў — падзел дробнага гандлю. Таму мы сказалі прадпрымальнікам, каб не хваляваліся, выходзілі на працу і працавалі — так і атрымалася. Іншая рэч, што мы ўсё яшчэ ў напрузе, бо ня ведаем, якія зьмены будуць у Падатковым кодэксе зь 1 студзеня. Калі ўмовы працы для гандляроў будуць невыносныя, дык, натуральна, яны працаваць і ня будуць. Калі ўлады спрабуюць нам зьмяніць умовы працы, дык чаму мы ня можам зьмяніць умовы для самой улады?. Як кажуць, не чапай ліха, пакуль яно ціха».
XS
SM
MD
LG