Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каліноўскі пашкодзіў беларускай мове. Чым пашкодзіў? Тым, што змусіў цара перадумаць. Аляксандар ІІ вырашыў не адкрываць беларускія школкі, а надрукаваныя для іх падручнікі загадаў спаліць.

Аднак ня будзем сьпяшацца, раскладзем усё па паліцах.

У Беларусі праз 150 гадоў сяк-так успомнілі Каліноўскага і паўстаньне. Начальства вялікіх перашкодаў не рабіла, але захоўвала каменны дзяржаўніцкі твар. Нам яшчэ раз нагадалі: Руская праваслаўная царква ў Беларусі супраць Каліноўскага і за Мураўёва-вешальніка, зь ёю ў хаўрусе гэтак званыя ідэолягі на службе ў начальства. Ды некаторыя краязнаўцы несьвядома ліюць па-ранейшаму на іхні млын ваду: Каліноўскі – паляк, антыбеларус. Але калі ня ён, то хто? Больш нікога мы тады ня маем, савецкі Ленін на кожнай плошчы – не ва ўлік.

Дзіўны прысмак пад заслону юбілейнага году пакінула дыскусія пра паўстаньне: пад партрэтам Станіслава Аўгуста Панятоўскага, у Каралеўскім замку ў Варшаве. Польскія гісторыкі нібы затрымаліся ў часе, нібы няма ў прысутных айфонаў і айпэдаў… Напярэдадні паўстаньня палякам важна было сымбалічна «перападпісаць» Люблінскую унію з Русьсю (тлумачыцца, што маюць на ўвазе Ўкраіну) і Літвой (не тлумачыцца нічога). Сказана-зроблена, грамадзкім чынам, зразумела, пацьвердзілі: зноў будзем навекі разам, толькі незалежнасьць адваюем! Тое, што акт 300-гадовай даўніны мог страціць тэрмін прыдатнасьці, да галавы не прыйшло. Ясна, зь «мецяжом» нічога ня выйшла, і цар закруціў гайкі. Не без задавальненьня, трэба думаць.

Пікантнасьць сытуацыі ў тым, што літоўскіх гісторыкаў няма і за «ўсю Літву» мусіць адказваць добра вядомы Алег Латышонак зь Беластоку. Ён і нагадаў, што цяпер у той ранейшай Літве Беларусь, дзе некалі адукаваная кляса лічыла сябе палякамі. Але вялікая частка цяперашніх беларусаў стала праваслаўнай, калі цар скасаваў Унію. І яе эліта ня бачыла сэнсу і нават баялася вяртаньня Рэчы Паспалітай. Навошта? Бо гэта патрэбна збольшага толькі самім палякам… Вызваленьне сялян з-пад прыгону, між іншым, дазволіла сфармавацца ў будучыні беларускаму народу. У гэты час былі надрукаваныя беларускія падручнікі для пачатковай школы, а таксама вызначаныя грошы на газэту на беларускай мове «Друг народу», паведаміў Алег Латышонак.
Гісторыкі падчас дыскусіі

Гісторыкі падчас дыскусіі


Адначасова супраціўны бок пачаў агітацыю за паўстаньне таксама на беларускай мове, што агульнавядомы факт. Цікава, што першым гэта зрабіў паляк Браніслаў Шварцэ, які ў Беластоку выдаў часопіс «Гутарка старога дзеда», затым «Гутарку двух суседаў». Толькі пасьля стаў друкаваць сваю «Мужыцкую праўду» Кастусь Каліноўскі, якога, зазначыў Латышонак, сваім лічаць сёньня беларусы, палякі, а таксама літоўцы. Але яшчэ напачатку ХХ веку «можна было быць адначасова літоўцам, беларусам і палякам», кажа ён: «Клясычным прыкладам стаў Юзаф Пілсудзкі, які быў беларусам, і не таму, што беларусы яго лічаць такім, папросту ён дэкляраваў беларускую нацыянальнасьць, бо нарадзіўся ў беларускамоўнай ваколіцы», але быў таксама літоўцам і быў палякам, «чаго тлумачыць ня мушу», закончыў думку гісторык. Выказваньне прагучала для прысутных палякаў напэўна даволі эпатажна, але пярэчаньняў не было.

260 тысяч царскіх салдат супраць паўстанцкіх партызанаў рабілі выступ «патрыятычнай самадзейнасьцю». Ці варта нагадваць, што ў Польшчы распачалі раней часу, не ўзгадніўшы з Каліноўскім, і яму з паплечнікамі давялося цягнуць з рашэньнем: далучыцца ці не? Паколькі было зразумела, што справа амаль безнадзейная… І вось тут мы можам задумацца: а калі, дапусьцім, Каліноўскі адмаўляецца? Паўстаньне не падрыхтаванае як мае быць, таму ня мае шанцаў, і пачынаць – азначае загубіць людзей! Пазьней цар, разважыўшы, вырашае заахвоціць беларусаў, што не падтрымалі «мяцеж»: хай у школках вучацца па-беларуску, хай выходзіць «Друг народу». І тады беларусы пачынаюць пакрысе пераўтварацца сапраўды ў народ, і напачатку ХХ стагодзьдзя яны ў гэтай справе побач зь літоўцамі, а не далёка ў хвасьце! І тады, сябры мае, Рада БНР будзе адчуваць ня меншую сілу, чымсьці літоўская Тарыба, каб заснаваць сваю дзяржаву! І тады сёньня, нават пажыўшы, скажам, у БССР, мы пасьля 1991-га вяртаемся ў сваю сапраўды наскрозь беларускую няхай БНР!

З гісторыі, аднак, дрэнная настаўніца: ніколі ня вучыць. Ні нас, ні нават нашых сумежнікаў. Крах паўстаньня 1863 году ня вучыць таксама. Суседзі заўсёды былі ня супраць адхапіць кавалак зямлі адзін у аднаго. Але гэта датычыць краінаў, якія ёсьць, стаяць на нагах. Рэч Паспалітая не існавала 120 гадоў, нават калі ў думках яе адмаўляліся хаваць, яна была мёртвай. (Партрэт апошняга караля ня дасьць збрахаць.) Праз такі час з нуля вярнуць усё назад – пражэкцёрства, нават глупота, чым у такіх справах абарочваюцца эмоцыі, хай самыя патрыятычныя. Гэта прынамсі палітычная блізарукасьць. Усё ж-такі існавала пры царах і гэрцагства Варшаўскае, і царства. Цьвярозым было б палякам засяродзіцца на адраджэньні менавіта Польшчы. І на яе ўмацаваньні. Аднак Пілсудзкі пайшоў на Вільню, на Полацак, на Смаленск, на Кіеў. Быў, канечне, посьпех, але ў пэрспэктыве толькі часовы. Гісторыя не даруе нядбайна зробленай працы над памылкамі.
Слухачы ў залі каралеўскага замку

Слухачы ў залі каралеўскага замку


Вельмі шкада таксама, але ў 1995-м Каліноўскі ўжо быў ні пры чым у любым разе. Калі цар перадумаў зь беларускімі школкамі, нашы прадзеды ў значнай ступені былі малапісьменнымі і за іх усё вырашыў менавіта ён, цар-бацюхна. Але ў 1995-м беларусы пазаканчвалі інстытуты і нават акадэміі, з дыплёмамі ў кішэнях. Але як жа ўсьцешыліся, калі прыйшоў іншы Аляксандар і заахвоціў ужо існуючую беларускую школу спляжыць! Так, гісторыя ня вучыць, працу над памылкамі двоечнікі лянуюцца рабіць, і гісторыя паўтараецца ў лепшым разе ў выглядзе трагікамэдыі.

Канечне, беларуская мова «Мужыцкай праўды» ўрэшце выканала сваю станоўчую ролю, але са спазьненьнем на 55-60 гадоў, калі Каліноўскага беларусы прызналі сваім. На жаль, калі ён быў яшчэ жывы, у паўстаньне пайшлі (і трапілі пад рэпрэсіі, аб чым таксама казаў А.Латышонак) паэты, якія ўжо карысталіся беларускай мовай. І самі пазбыліся магчымасьці друкаваць свае творы, і чытачоў будучых страцілі, паколькі цар вырашыў: раз бунтуюць, няхай усё будзе толькі на расейскай мове!

Як знаць: калі б не паўстаньне, ці не ляжала б у шапіках сёньня «Мужыцкая праўда» замест «Советской Белоруссии»?

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG