Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Выбары — фарс, але ўдзельнічаць будзем»


Чарговыя мясцовыя выбары пройдуць у Беларусі 23 сакавіка 2014 году. Гэтую дату ўхваліў Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы з кіраўніком Цэнтарвыбаркаму Лідзіяй Ярмошынай. Ці будзе апазыцыя ўдзельнічаць у гэтай кампаніі і на якіх умовах?

Апазыцыя цьвердзіць: справядлівых і сумленных выбараў у Беларусі няма. Аднак адмаўляцца ад удзелу ў чарговай выбарчай кампаніі пакуль не зьбіраецца.

Так, намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін называе мясцовыя выбары «палітычнай кампаніяй»:

Леў Марголін
Леў Марголін
«І ў гэтай палітычнай кампаніі мы безумоўна будзем удзельнічаць, бо наша галоўная мэта — ператварыць такія кампаніі ў сапраўдныя выбары. І ня ўдзельнічаць у гэтым, калі ў нас ёсьць магчымасьць выйсьці да выбарцаў, мы ня можам.

Мы зараз працуем над тым, каб ва ўсёй апазыцыі было агульнае выбарчае пасланьне. Калі мы ня здолеем гэтага зрабіць цягам аднаго-двух бліжэйшых тыдняў, тады ў нас будзе агульнае пасланьне ад нашай „Талакі“. А стрыжань гэтага пасланьня такі: ніякія праблемы ў Беларусі ня могуць быць вырашаныя без сумленных, справядлівых выбараў».

Партыя БНФ будзе вылучаць сваіх кандыдатаў на мясцовыя выбары і назіральнікаў, паведамляе лідэр партыі Аляксей Янукевіч.

Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч
«Мясцовыя выбары мы лічым не настолькі значнай кампаніяй, дзе могуць стаяць глябальныя палітычныя патрабаваньні. Сама па сабе яна не дае амаль ніякіх рычагоў ціску на ўладу менавіта праз выстаўленьне нейкіх умоваў. Аднак гэта кампанія дае новыя магчымасьці агітацыі за нашыя каштоўнасьці, нашыя праграмы, нашае бачаньне таго, як павінна разьвівацца краіна. Таму на сёньняшні момант пра вызначэньне папярэдніх умоваў для нашага ўдзелу гаворкі не вядзецца.

Разам з тым, для таго, каб мы маглі прызнаць вынікі выбараў, трэба выканаць умовы. Яны ясныя і сфармуляваныя раней — увесь выбарчы працэс павінен праходзіць свабодна і адкрыта», — гаворыць Аляксей Янукевіч.

У грамадзкай арганізацыі «Гавары праўду» мясцовыя выбары разглядаюць як частку вялікай стратэгічнай праграмы «Народны рэфэрэндум», сказаў Свабодзе намесьнік старшыні Андрэй Дзьмітрыеў:

Андрэй Дзьмітрыеў
Андрэй Дзьмітрыеў
«Мы плянуем выйсьці да людзей са зборам подпісаў у падтрымку „Народнага рэфэрэндуму“. І бачым, што самае галоўнае для нас зараз — аб’яднаць людзей вакол гэтай ініцыятывы, вакол праграмы большасьці. Улада цяпер не ўяўляе большасьці, бо ў бачаньні будучыні ўлады і бальшыня краіны моцна разыходзяцца. Мы лічым, што мясцовыя выбары — вельмі добрая нагода і вельмі добрая магчымасьць аб’ядноўваць пакрыху гэту большасьць вакол праграмы пераменаў.

Таксама для нас вельмі важна, каб людзі пачалі казаць пра свае праблемы не на кухні, ня ў ней кіх схаваных кутах, а ўголас. І каб зразумелі нарэшце, што ў бальшыні — адны і тыя ж праблемы. Гэта нізкія заробкі, адсутнасьць законаў, якія працавалі б па-сапраўднаму, адсутнасьць магчымасьцяў бараніць свае правы».

Рух «За свабоду» ва ўсіх выбарчых кампаніях займаўся справамі. Так будзе і гэтым разам, — адзначае першы намесьнік старшыні гэтай грамадзкай арганізацыі Юрась Губарэвіч:

Юрась Губарэвіч
Юрась Губарэвіч
«Мы аказваем падтрымку тым кандыдатам, якія падзяляюць погляды руху, альбо тым, з кім мы разам заходзімся ў часовых кааліцыях. Таксама падчас выбарчай кампаніі будзем займацца „Народным рэфэрэндумам“, дзе мы супрацоўнічаем з шэрагам аднадумцаў.

Таксама для кандыдатаў у дэпутаты мы рыхтуем пакет прапановаў у рамках „Народнай праграмы“. На апошніх парлямэнцкіх выбарах больш за 40 кандыдатаў скарысталіся такімі распрацоўкамі. Зараз, мы лічым, іх будзе ў разы больш. Мы абралі тэмы, якія непасрэдна зьвязаныя зь мясцовай праблематыкай. І нашы экспэртныя распрацоўкі дапамогуць кандыдатам у камунікацыі з выбарцамі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG