Лінкі ўнівэрсальнага доступу

2 мільёны лістоў за вязьняў сумленьня


«Напішы чалавеку» - найбуйнейшая кампанія салідарнасьці з вязьнямі сумленьня ва ўсім сьвеце, якую ўжо 12 гадоў ладзіць міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International.

Штогод арганізацыя вызначае 12 асобаў у розных краінах сьвету, чые правы былі парушаныя. І з 6 па 14 сьнежня пачынаецца сусьветны маратон — людзі пішуць лісты, адпраўляюць смс, факсы і паведамленьні электроннай пошты, пішуць у сацыяльных сетках, падпісваюць пэтыцыі. Адрасаты — і самі людзі, чые правы былі парушаныя, і іх сем’і, і прадстаўнікі ўлады адпаведных краінаў. Гэта — і форма падтрымкі, і спосаб ціску на ўлады.

Паводле Amnesty International кампаніі даюць плён, ў некаторых выпадках умовы ўтрыманьня вязьняў сумленьня былі палепшаныя^; былі нават выпадкі іх вызваленьня.

Ня менш важны момант, адчуваньне людзей, якія церпяць ад несправядлівасьці, што яны не самотныя. Amnesty International прыводзіць лісты падзякі ад іх.

«Я быў пакрыты лявінай лістоў і паштовак. Яшчэ пасьля Новага году я працягваў чытаць сотні лістоў і паштовак. Я магу шчыра сказаць, што я не прапусьціў ні аднаго з іх. Гэта быў неапісальны Новы год» — Алесь Бяляцкі, беларускі праваабаронца, 2013 год.

«Любоў цячэ з усяго сьвету і сябры з усяго сьвету далі мне мне неверагодную сілу. Словы не могуць выказаць маю падзяку да кожнага. Дзякуй!» — Цю Хо Шан, тайваньскі вязень, які сядзіць у камэры сьмяротнікаў з 1989 году.

«Пасьля маратону лістоў, наладжанага Amnesty International і дзякуючы дзеяньням міжнароднай супольнасці, наша сям’я атрымала магчымасьць сустрэцца з Гао,» — Гэн Ён, жонка кітайскага вязьня сумленьня, праваабаронцы Гао Чжышэна.

«Я шчасьлівы быць ізноў з маімі сябрамі, з маёй сям’ёй» — азэрбайджанскі вязень сумленьня Джабар Савалан, які быў памілаваны і вызвалены ў 2011 годзе пасьля маратону «Напішы чалавеку» Amnesty International.

«Я атрымала лепшы калядны падарунак за тры гады з моманту зьнікненьня майго мужа — ўсе гэтыя паштоўкі і віншаваньні. Дзякуй за тое, што памятаеце Хуана. Я хацела б падзякаваць усім, хто падзяліў мой боль» — Гана Манцілья, жонка праваабаронцы з Дамініканскай Рэспублікі Хуана Альмонтэ Эрэра, які «зьнік» у 2009 годзе.

Сёлета Amnesty International агучыць 12 выпадкаў, у якіх кампаніяй падтрымкі і салідарнасьці можна дасягнуць посьпеху.

XS
SM
MD
LG