Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Найбуйнейшым пратэстам ва Ўкраіне з 2004 году выразна не хапае постаці з харызмай і арганізатарскімі здольнасьцямі Юліі Цімашэнкі, гераіні Аранжавай рэвалюцыі.

Тым ня менш некалькі фігураў у цяперашні час становяцца дэ-факта палітычнымі лідэрамі пратэстаў, аб’ядноўваючы ўсіх удзельнікаў Эўрамайдану вакол закліку да адстаўкі прэзыдэнта Віктара Януковіча. У першую чаргу каардынацыю дзеяньняў на Эўрамайдане ўзялі на сябе Віталь Клічко, Арсеній Яцанюк, Пятро Парашэнка, Алег Цягнібок.

Прапануем вам кароткія даведкі пра гэтых чатырох палітыкаў, якія могуць адыграць вялікую ролю ў найноўшай гісторыі Ўкраіны.

Віталь Клічко

Віталь Клічко

Віталь Клічко (42 гады)

Шасьціразовы чэмпіён сьвету па кікбоксінгу; чэмпіён сьвету па боксе ў цяжкай вазе паводле версій WBO, WBC, The Ring. Старэйшы брат прафэсійнага баксэра Ўладзіміра Клічко. Лідэр партыі УДАР ( Украінскі Дэмакратычны Альянс за Рэформы ) Віталя Клічко, якая, маючы 42 дэпутаты ў Вярхоўнай Радзе, зьяўляецца там трэцяй па значнасьці палітычнай сілай.

Віталь Клічко разглядаецца ва Ўкраіне як найбольш прабіўная альтэрнатыва Віктару Януковічу на пасадзе прэзыдэнта. Паводле апытаньняў, ён даволі лёгка можа выйграць прэзыдэнцкія выбары 2015 году ў другім туры, калі яму будзе дазволена ўступіць у прэзыдэнцкую гонку. Нядаўна кіроўная Партыя рэгіёнаў прыняла заканадаўства, якое можа забараніць Клічко, юрыдычнаму жыхару Нямеччыны, зарэгістравацца ў якасьці кандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах.

Віталь Клічко – кандыдат навук з фізычнага выхаваньня і спорту, гаворыць на чатырох мовах.

Арсеній Яцанюк

Арсеній Яцанюк

Арсеній Яцанюк (39 гадоў)

Юрыст і эканаміст па адукацыі Арсеній Яцанюк, нягледзячы на свой адносна малады ўзрост, зьяўляецца адным з самых дасьведчаных украінскіх палітыкаў. Яцанюк працаваў ва ўкраінскім урадзе міністрам эканомікі ды міністрам замежных справаў, быў старшынём Вярхоўнай Рады. Цяпер кіруе Партыяй «Бацькаўшчына» Юліі Цімашэнкі, якая, у складзе Аб’яднанай апазыцыі, зьяўляецца сілай нумар два ў Вярхоўнай радзе. Апошнія апытаньні паказваюць, што і ён можа перамагчы Януковіча ў другім туры, але не з такой перавагай, як Віталь Клічко.

Пятро Парашэнка

Пятро Парашэнка

Пятро Парашэнка (48 гадоў)

Бізнэсмэн і палітык Пятро Парашэнка лічыцца адным з самых уплывовых людзей ва Ўкраіне. Быў міністрам замежных справаў і кіраўніком Нацыянальнага банку падчас прэзыдэнцтва Віктара Юшчанкі ды міністрам эканомікі і гандлю падчас прэзыдэнцтва Віктара Януковіча. Зараз зноў схіляецца да апазыцыі. Адзін з наймацнейшых прыхільнікаў інтэграцыі Ўкраіны з Эўразьвязам. У цяперашняй сытуацыі разглядаецца ў якасьці кампраміснай фігуры на пасаду прэм’ер-міністра пасьля магчымай адстаўкі Міколы Азарава.

Алег Цягнібок

Алег Цягнібок

Алег Цягнібок (45 гадоў)

Лекар па адукацыі Алег Цягнібок зьяўляецца лідэрам Усеўкраінскага аб’яднаньня «Свабода», нацыяналістычнай партыі з базавай падтрымкай у Заходняй Украіне. На выбарах 2012 году яго партыя стала галоўнай сэнсацыяй выбарчай кампаніі, атрымаўшы 37 мандатаў у Вярхоўнай Радзе і заняўшы другое месца ў Кіеве. І хоць многія кіяўляне не падзяляюць нацыяналістычныя погляды Алега Цягнібока, яго вельмі дысцыплінаваная партыя дае моцную арганізацыйную падтрымку сёньняшнім пратэстам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG