Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Янчэўскага прызначылі кіраваць інтэрнэт-мэдыямі


Усевалад Янчэўскі, архіўнае фота

Усевалад Янчэўскі, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка прызначыў свайго памочніка, начальніка галоўнай ідэалягічнай управы сваёй адміністрацыі Ўсевалада Янчэўскага кіраўніком сфэры інфарматызацыі.

Ён жа будзе каардынаваць дзейнасьць сродкаў масавай інфармацыі, якія распаўсюджваюцца праз тэлевяшчаньне і інтэрнэт, гаворыцца ва ўказе Аляксандра Лукашэнкі ад 2 сьнежня.

Дырэктар буйнога беларускага інтэрнэт-парталу tut.by парталу Людміла Чэкіна заявіла з гэтай нагоды Свабодзе, што ўказам надаецца больш паўнамоцтваў памочніку прэзыдэнта:

«Найбольш трывожнае не тое, што Янчэўскі будзе кіраваць. А тое, што з тэксту гэтага ўказу вынікае, што пытаньне пра рэгістрацыю інтэрнэт-сайтаў у якасьці СМІ фактычна зьяўляецца вырашаным. Гэта больш трывожыць. А ў прынцыпе Ўсевалад Янчэўскі, напрыклад, падчас абмеркаваньня парадку прымяненьня ўказу № 60 паказаў сябе даволі прагрэсіўным кіраўніком. Напрыклад, ён выказаўся адносна таго, што ня трэба рэгістраваць скрыні электроннай пошты і ня варта рабіць рэгістрацыю сайтаў платнай. Наколькі мне вядома, ён лабіяваў гэтае пытаньне. То бок я не магу сказаць, што гэта горшая кандыдатура».

Карэспандэнт: «На якой падставе вы робіце выснову, што практычна вырашанае пытаньне пра рэгістрацыю інтэрнэт-СМІ?»

Чэкіна: «З тэксту ўказу. Калі некаму даручаецца кіраваць інтэрнэт-СМІ, можна меркаваць, што яны зьявяцца неўзабаве. А калі яны будуць, то, хутчэй за ўсё, будзе вырашанае пытаньне пра парадак рэгістрацыі. Толькі пытаньне палягае ў тым, будзе гэты парадак дабравольным ці прымусовым? Улічваючы некаторыя выказваньні службовых асобаў Міністэрства інфармацыі, плянуецца прымусовы парадак рэгістрацыі інтэрнэт-СМІ. Хаця пакуль нічога не вядома.»

Карэспандэнт: «Чаму так трывожыць рэгістрацыя інтэрнэт-СМІ?

Чэкіна: «Па той простай прычыне, што рэгістрацыя ў якасьці СМІ — гэта дадатковая магчымасьць кантролю з боку дзяржорганаў над інтэрнэт-сайтамі. Бо магчымае вынясеньне папярэджаньня СМІ і спыненьне яго выпуску. У прынцыпе гэта трывожная інфармацыя».
XS
SM
MD
LG