Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хачу, каб тое, што адбывацца цяпер у Кіеве, адбылося ў Менску»


Каця

Каця

Гэтак кажуць беларусы, якія выйшлі на Эўрамайдан. Карэспандэнтка Свабоды на пратэстах у Кіеве сустрэла беларусаў пад нацыянальнымі бел-чырвона-белымі сьцягамі.

Павел, які ўжо шэсьць гадоў жыве ў Кіеве, кажа, што сьвядома прыйшоў на Майдан Незалежнасьці: «Я хачу, каб тое, што адбывацца цяпер у Кіеве, адбылося ў Менску».

Беларуска Каця была падчас штурму адміністрацыі Януковіча на Банкавай вуліцы. Каця кажа: «Мне тут ня так страшна, як у Беларусі».

Учора вечарам на Эўрамайдане было прынамсі тры беларусы. Андрэй, перакладчык і прадпрымальнік. Каця — грамадзкая актывістка. І іх сябар Павал, які ўжо шэсьць гадоў жыве ў Кіеве.

У Каці з Андрэем — адзін вялікі бел-чырвона-белы сьцяг на флагштоку і другі яшчэ ў Каці на плячах.

Андрэй: «Прыехалі, каб падтрымаць украінцаў. Ведаеце, я ня быў у Кіеве ў 2004-м, калі была Аранжавая рэвалюцыя. І для мяне гэта была такая траўма, я ніяк ня мог сабе дараваць. І вось зараз я тут».

У Кіеве яны ўжо некалькі дзён. На Банкавай, калі адбываліся сутыкненьні пратэстоўцаў зь міліцыянтамі, яны апынуліся проста ўнутры натоўпу.

«Хацелася быць побач зь людзьмі, — тлумачыць Андрэй. — Падчас Аранжавай рэвалюцыі людзі патрабавалі новага туру выбараў, а тут жа ідзе гаворка проста пра зьмену злачыннай улады. Гэта грамадзкае дзеяньне».

Каця апавядае, што на Банкавай было страшна:

«Было вельмі нечакана, што пачнуцца нейкія дзеяньні з боку „Беркута“. Калі мы пабачылі, што шмат людзей пачало бегчы, то вельмі спалохаліся. Гэта хутка скончылася. Але вельмі шкада, што шмат параненых. Мы бачылі гэтых людзей з разьбітымі галовамі».

Андрэй кажа, што пасьля яны хадзілі за «Беркутам» і паведамлялі пратэстоўцам, куды ён накіроўваецца:

«Але ў Беларусі, — кажа Каця, — нашмат страшней. Тыя вулічныя акцыі, якія ў нас былі, іх заўжды разганялі, і было больш параненых, саджалі ў турму на некалькі сутак».
Мне тут зусім-зусім ня так страшна, як у Беларусі

«Мне тут зусім-зусім ня так страшна, як у Беларусі», — кажа яна.

«Але ўсю мінулую ноч мы вельмі баяліся, бо прачыталі, што будзе штурм КМДА (будынак гарадзкой адміністрацыі, у якім цяпер знаходзіцца штаб Майдану), — працягвае Каця. — Мы самі знаходзіліся побач, але вельмі перажывалі за тых людзей, што там. Там шмат жанчын, шмат падлеткаў. Хтосьці проста зайшоў туды пагрэцца. Было вельмі страшна. Пад раніцу мы прачыталі, што дамовіліся, што штурму ня будзе, то вельмі ўсьцешыліся».

Пытаюся ў Андрэя, ці не крыўдуе, калі ўкраінцы кажуць, што ня хочуць жыць, як у Беларусі. Андрэй адказвае, што нас тут паважаюць яе сяброў, як суседзяў:

«А ўвесь нэгатыў ад іхнага стаўленьня ідзе Лукашэнку», — сьмяецца ён.
Павал

Павал


Павал, сябар Андрэя і Каці, пераехаў зь Беларусі ва Ўкраіну шэсьць гадоў таму. Жыве ў Кіеве. Цяпер на Майдане.

Павал: «Я вельмі паважаю ўкраінскі народ, бо ў яго ёсьць сьвядомасьць. Гэта калі параўноўваць беларусаў і украінцаў. У нас разам ёсьць шмат плюсаў. Але ёсьць у нас мінус: беларусы трохі інэртныя ў параўнаньні з украінцамі... І я хачу сказаць свайму народу, сваёй нацыі, што трэба раўняцца на ўкраінцаў».

У гэты момант Майдан пачынае скандаваць «За намі сіла! За намі праўда!» Павал кажа: «Украінцы — нацыя. За імі — праўда! Гэта так і ёсьць. Я хачу, каб тое, што зараз адбываецца ў Кіеве, было ў Менску».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG