Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве дэманстранты блякуюць урад і пікетуюць Раду (трансьляцыі)

абноўлена

Супрацьстаяньне дэманстрантаў і міліцыі ля будынку Вярхоўнай Рады
Супрацьстаяньне дэманстрантаў і міліцыі ля будынку Вярхоўнай Рады

А сёмай гадзіне раніцы калёна дэманстрантаў з Майдана незалежнасьці рушыла пікетаваць будынак Кабінэту міністраў. Свабода працягвае жывую відэатрансьляцыю з кіеўскага Эўрамайдана.

Калёну дэманстрантаў павёў экс-міністар унутраных спраў былы палітвязень Юры Луцэнка, які перад тым выступіў на сцэне на Майдане Незалежнасьці:

«Агульны плян — фармуем калёну, якая заблякуе ўрадавы квартал».

Палітык паведаміў, што калёну ўзначаляць апазыцыйныя палітыкі Тарас Стэцькіў, Раман Бясьсьмертны і сам Луцэнка. Менавіта гэтыя тры палітыкі былі «палявымі камандзірамі» пад час Аранжавай рэвалюцыі 2004 году.

У аўторак апазыцыянэры ад 7:30 плянуюць пікетаваць Кабінэт міністраў, ад 9:30 — Вярхоўную Раду, якая мае разгледзець пытаньне аб недаверы ўраду.


Трансьляцыя «Радыё Свабода»



Трансьляцыя зь Вярхоўнай Рады



Трансьляцыя «Грамадзкай тэлевізіі»



Трансьляцыя з майдану Незалежнасьці

Трансьляцыя Spilno.tv


Профільны камітэт Рады па пытаньнях дзяржаўнага будаўніцтва і мясцовага самакіраваньня напярэдадні падтрымаў рэзалюцыю, а кіраўнік гэтага камітэту, які пакінуў шэрагі кіроўнай Партыі рэгіёнаў, Давыд Жванія, заявіў учора журналістам, што большасьць дэпутатаў прагаласуе за адстаўку ўраду на чале зь Міколам Азаравым.

Тым часам, улады заклікаюць сваіх апанэнтаў сесьці за стол перамоваў. Апазыцыя заяўляе, што можа пагадзіцца на такі дыялёг пасьля пакараньня ўсіх вінаватых за жорсткі разгон Эўрамайдана 30 лістапада ў Кіеве і адстаўкі ўраду.

Пасьля Віленскага саміту Ўсходняга партнэрства, на якім Украіна не падпісала пагадненьне аб асацыяцыі з Эўразьвязам, Віктар Януковіч нідзе публічна не зьяўляўся, увесь гэты час ён заставаўся ў сваёй загараднай рэзыдэнцыі «Межыгор’е».

Увечары ў панядзелак Януковіч заявіў журналістам некалькіх украінскіх тэлеканалаў, што ацэнку драматычным падзеям апошніх дзён павінен даць суд пасьля завяршэньня расьсьледаваньня, а палітыкам парэкамэндаваў не сьпяшацца і дачакацца чарговых выбараў. Прэм’ер Мікола Азараў на сустрэчы з амбасадарамі краін Эўразьвязу абвінаваціў апазыцыю ў спробе дэстабілізаваць сытуацыю ў дзяржаве, заявіўшы, што тое, што адбываецца ў цэнтры Кіева «мае прыкметы дзяржаўнага перавароту».

Захоплены дэманстрантамі будынак Кіеўскай гарадзкой дзяржаўнай адміністрацыі, на якой відны надпіс «Штаб рэвалюцыі»
Захоплены дэманстрантамі будынак Кіеўскай гарадзкой дзяржаўнай адміністрацыі, на якой відны надпіс «Штаб рэвалюцыі»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG