Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Азараў прапярэджвае пра захоп Рады. Януковіч загаварыў пра «худы мір»


Мікола Азараў

Мікола Азараў

Прэм’ер-міністар Украіны Мікола Азараў заяўляе, што ва ўраду ёсьць інфармацыя пра падрыхтоўку да захопу будынка Вярхоўнай Рады.

Пра гэта Азараў заявіў на сустрэчы з амбасадарамі краінаў ЭЗ, ЗША і Канады ў Кіеве.

«З аднаго боку, мы не здымаем віны праваахоўных органаў, з другога боку, палітыкі, якія далучыліся да гэтай акцыі, рэзка радыкалізавалі сытуацыю. Масавы характар акцыі перайшоў у некіраваны характар, а дакладней кіраваны з боку пэўных палітсілаў», — заявіў Азараў.

Азараў заклікаў амбасадараў краінаў ЭЗ і ЗША паўплываць на ўкраінскую апазыцыю, каб не дапусьціць гвалту з боку мітынгоўцаў.

На майдане Незалежнасьці ў Кіеве праходзіць мірная акцыя пратэсту з патрабаваньнем адстаўкі ўраду і эўраінтэграцыі Ўкраіны. Частка мітынгоўцаў пікетуюць Кабінэт міністраў.


Януковіч: дрэнны мір лепш за добрую вайну


Віктар Януковіч

Віктар Януковіч

Прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч падкрэсьлівае, што ўсе бакі павінны выковаць законы ў часе масавых акцыяў.

«Я перакананы ў тым, што любы, нават дрэнны, мір лепш ад любой добрай вайны» , — заявіў ён у інтэрвію тэлеканалам.

«Калі мы гаворым, што мы будуем дэмакратычную дзяржаву, дэмакратычнае грамадзтва, — а мы ўсе грамадзяне адной краіны, — важна, каб удзельнікі гэтага грамадзтва і працэсаў, якія адбываюцца, прытрымліваліся законаў. Ня мае значэньня — ці то прадстаўнікі ўлады, праваахоўных органаў, ці то ўдзельнікі гэтых акцый. Усе павінны абавязкова выконваць законы нашай дзяржавы», — заявіў Януковіч.

«Любое волевыяўленьне людзей, любыя акцыі — гэта пацьвярджае, што кожны чалавек мае ня толькі права, але і магчымасьць выказаць свой пункт гледжаньня. Але вельмі важна, каб гэтыя акцыі заўсёды насілі мірны характар» , — дадаў прэзыдэнт Украіны.

21 лістапада па ўсёй Украіне пачаліся масавыя акцыі пратэсту грамадзянаў. Пасьля жорсткага разгону «Беркутам» Эўрамайдану ў ноч на 30 лістапада ў Кіеве акцыі пратэсту па ўсёй краіне аднавіліся і ўзмацніліся.
XS
SM
MD
LG