Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чавусаў: «Для ўладаў гэтыя мясцовыя выбары — звычайная адміністрацыйная працэдура»


Юры Чавусаў

Юры Чавусаў

У якіх умовах пройдзе гэтая выбарчая кампанія, што можна ад яе чакаць? Як апазыцыя ставіцца да мясцовых выбараў, якія сілы выступаюць за байкот, а якія — за ўдзел?

Аляксандар Лукашэнка, прымаючы старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну, ухваліў прапанову правесьці выбары ў мясцовыя саветы дэпутатаў 23 сакавіка наступнага году. Выбарчая кампанія павінна стаць «дэманстрацыяй сапраўднай дэмакратыі», — заявіў Лукашэнка. У якіх умовах пройдзе гэтая выбарчая кампанія, што можна ад яе чакаць? Як апазыцыя ставіцца да мясцовых выбараў, якія сілы выступаюць за байкот, а якія — за ўдзел? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Юры Чавусаў.

— На якім палітычным фоне пройдзе выбарчая кампанія ў мясцовыя саветы? Як ацаніць словы Лукашэнкі, што кампанія павінна стаць «дэманстрацыяй сапраўднай дэмакратыі»?

— З боку Лукашэнкі гэта традыцыйная рыторыка. Яе можна ацаніць як неагрэсіўную і ў ягоным кантэксьце больш прымірэнчую. Але варта прыгадаць мінулы год, калі былі абвешчаныя прапановы пра палітычную рэформу, якія выліліся ў скарачэньне дзяржаўнага апарату і нават згортваньне такіх элемэнтаў непасрэднай мясцовай улады як сельскія саветы.

Што да апазыцыі, дык для яе ўжо 2 кампаніі мясцовых выбараў — 2007 і 2010 гадоў — былі другаснымі. То бок апазыцыя выкарыстоўвала іх дзеля падрыхтоўкі да нейкіх наступных кампаніяў. У адрозьненьні, напрыклад, ад 2003 году, калі дзясяткі і сотні апазыцыянэраў ставілі мэту ўвайсьці ў мясцовыя саветы і станавіліся дэпутатамі.

Выкарыстаньне дэмакратычнай рыторыкі з боку Лукашэнкі наўрад ці сьведчыць пра намер рабіць нейкія рэформы ў бок дэмакратыі. Бо гэта лукашэнкаўскае разуменьне, якое не прадугледжвае асноўных прынцыпаў дэмакратыі — свабодных выбараў і зьмяняльнасьці ўлады.

Так што для ўладаў гэтыя мясцовыя выбары — звычайная адміністрацыйная працэдура, якую трэба правесьці як належыць. У адрозьненьні ад прэзыдэнцкіх ці парлямэнцкіх выбараў, калі ёсьць таксама задачы палітычныя і рэпрэсіўныя«.
Байкот 2012 году не атрымаў разьвіцьця ані ў сваім радыкальным варыянце, ані ў варыянце вылучэньня і пасьля зьняцьця кандыдатаў

— Чым зьяўляецца гэта кампанія для апазыцыі? Хто пойдзе, хто будзе байкатаваць—якія настроі пераважаюць?

— Паўтаруся, для апазыцыі мясцовыя выбары — гэта ў першую чаргу падрыхтоўчая кампанія, якая займае сваё месца ў нейкай больш агульнай тактыцы. Тыя кааліцыі, якія цяпер аформіліся — «Народны рэфэрэндум» — кажуць, што будуць дзейнічаць з прыцэлам на будучыя прэзыдэнцкія выбары. Што датычыць кааліцыі «Талака», дык не відаць, каб у іх была нейкая прынцыповая альтэрнатыўная стратэгія на мясцовыя выбары. Патрабаваньне справядлівых выбараў — гэта ёсьць у абедзьвюх кааліцыяў.

Пакуль мы бачым, што байкот 2012 году не атрымаў разьвіцьця ані ў сваім радыкальным варыянце, ані ў варыянце вылучэньня і пасьля зьняцьця кандыдатаў. На пазыцыі байкоту зараз застаецца толькі эміграцыйная частка беларускай апазыцыі, традыцыйна — КХП БНФ і, магчыма, «Беларускі рух». Так што гэтая выбарчая кампанія альбо замацуе сёньняшнія супярэчнасьці паміж дзьвюма апазыцыйнымі кааліцыямі, альбо наадварот, будзе спрыяць кансалідацыі на глебе агульнай задачы назіраньня і кантролю за выбарамі.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG