Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вось дык гулі — і пана разулі, як кажуць у Цэнтральнай Афрыцы. Праўда, пану было ўсё роўна, ён звыкся хадзіць басанож, а грошы — грошы для яго не былі праблемай. За гулі плацілі былыя ненавісныя калянізатары, а цяпер — дарагія эўрапейскія сябры і партнэры. Якія былі зусім ня супраць, каб пан Бакаса, былы сяржант, а цяпер галава незалежнай краіны, пагуляўся ў імпэратара: абы не было вайны.

4 сьнежня 1977 году гулі пачаліся і нарабілі шуму на ўвесь сьвет. Парыскі ювэлір Бэртран на замову зрабіў адмыслова да гэтага дня карону з брыльянтам на 58 карат. Дзесяць тысяч срэбраных лыжачак, сем тонаў кветак, дваццаць пяць тысяч бутэлек бургундзкага, сорак тысяч бутэлек шампанскага, пяць тысяч ліўрэяў і шэсьцьсот смокінгаў ад Кардэна, сямнаццаць жонак і парыскі аркестар са ста дваццаці чалавек і сам Жан П’ер Дзюпон у якасьці загадчыка цырымоніі — у такой сьвяточнай атмасфэры Цэнтральная Афрыка атрымала сабе манарха. Пры гэтым на ўсю імпэрыю быў толькі адзін стаматоляг. Але пры чым тут зубы? Хіба на шыю павесіць ці на паліцу пакласьці.

Сам манарх быў, аднак, задаволены не да канца: Папа не прыехаў. Якая каранацыя бяз Папы?.. Вось Напалеон — ці прыняў бы ён карону з чыіхсьці іншых рук?..

О, Напалеон Банапарт быў яго кумірам. Такі самы непрыкметны, нічым на першы погляд не выбітны, нізенькі, лядашчы... А які дух, якая душа, які розум, якая сіла! Праўда, біёграфам францускага імпэратара Жан Бэдэль Бакаса ня надта верыў. Ня можа быць, каб такі вялікі чалавек ніколі ў жыцьці не пакаштаваў чалавечынкі, разважаў Бакаса, робячы ранішні мацыён вакол свайго палаца ў Бангі.

...Вось, напрыклад, што зрабілася з герцагам Энгіенскім? Ня мог жа правадыр французаў дазволіць проста так закапаць ворага і здрадніка ў зямлю. Зьеў, напэўна, Банапарт таго герцага на абед, і Жазэфіну пачаставаў, і запіў варожае мясцо сатэрнам або шаблі. А Кадудаль з гэтым, як яго, Пішэгру? Загадаў, хутчэй за ўсё, запячы нягоднікаў у цесьце і паліць перад падачай на стол журавінавым соўсам. Інакш адкуль у Напалеона ўзялася б такая сіла?..

Цяпер белыя толькі робяць выгляд, што яны моцныя. Будучыня — за Афрыкай.

Савецкі доктар Яўген Чазаў прыгадвае, як імпэратар Бакаса прыяжджаў у Маскву лячыцца ад халецыстыту. «Гэты быў нічым не запамінальны чалавечак, які ўвесь час усьміхаўся і выбачаўся. Рэкамэндаваўшы звычайнае ў такіх выпадках лячэньне і дыету, мы разьехаліся па дамах, бо была нядзеля... Пазванілі са шпіталя, дзяжурны доктар папрасіў тэрмінова вярнуцца. Высьветлілася, што з Бакасам прыехалі ягоны кухар і слуга, якія прывезьлі звыклую для яго ежу... Маленькія зьмейкі кшталту яшчарак і бруднае мяса незразумелага паходжаньня. Я папрасіў Бакасу выкінуць усё гэта на сьметнік».

Бакаса пагадзіўся, але ўзамен папрасіў выпісаць яму ў Бангі савецкага кухара. Якога-небудзь тоўстага, здаровага, ружовенькага... Кухар прыехаў, але праз тры месяцы ўцёк назад у СССР. Кажуць, пасьля таго, як пабачыў у лядоўні імпэратарскай кухні замарожаную чалавечыну. У Бакасы была на гэты конт свая вэрсія: савецкі кухар паспрабаваў спакусіць целаахоўніка Бакасы. Бакаса быў кансэрватар і прыхільнік народных традыцый. Якія б яны ні былі. Вось, напрыклад, давіць дзяцей на грузавіку — чым ня добры народны звычай? Чым не пэдагагічны прыём?

«Мой народ — народ злодзеяў!» — казаў імпэратар. — «Іх трэба выхоўваць і караць. Так, часам я забіваю. Але на Вялікдзень на дарогах Францыі гіне ў дзесяць разоў больш людзей, чым зьнішчана за ўвесь час майго кіраваньня. На вашым месцы я б пра гэта падумаў!»
XS
SM
MD
LG