Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
3 сьнежня 1926 году жыхарка гораду Санінгдэйл у Бэркшыры, жонка палкоўніка Арчыбальда Крысьці Агата прыняла ванну, пацалавала сваю дачку, пагладзіла па сьпіне сабаку, села ў машыну і роўна а 21.45 зьехала ў невядомым напрамку.

Магчыма, калі б на разьвітаньне яна зрабіла ўсё наадварот: пагладзіла дачку, пацалавала сабаку і паспрабавала зьехаць, седзячы ў ваньне, дык ніхто асабліва не пераймаўся б яе раптоўным зьнікненьнем — ці мала чаго можна было чакаць у дваццатыя гады ад кабеты, якая ўявіла сябе пісьменьніцай. Чорт яе ня возьме, як любіў казаць пра сваю жонку палкоўнік. Аднак місіс Крысьці паводзілася ў той вечар, як цалкам прытомны чалавек. «У мяне разломваецца галава і я больш не магу заставацца ў гэтым доме» — такую цыдулку пабачыла пакаёўка гаспадыні на стале ў гасьцёўні, калі вярнулася дахаты.

Назаўтра, 4 сьнежня, машына Агаты Крысьці была знойдзеная на краі вапнавага кар’еру за некалькі дзясяткаў кілямэтраў ад Санінгдэйлу. Месца было змрочнае і пустэльнае... «нармальная жанчына ніколі б ня выправілася туды адна» — пракамэнтавала знаходку адна зь мясцовых газэт. Фары былі ўключаныя, а сам аўтамабіль — пусты, як дом зь вядомага апавяданьня Конана Дойла. За стырном сядзела толькі футэрка пісьменьніцы, зь якога, нягледзячы на шматгадзінныя допыты, праведзеныя ў той дзень у гілфардзкім пастарунку, паліцыя так і ня здолела выбіць ані слова.

Затое сьледзтву сталі вядомыя новыя факты адносна зьнікненьня: місіс Крысьці пакінула яшчэ адну цыдулку, для свайго мужа, а палкоўнік спаліў тое пасланьне адразу пасьля прачытаньня. Паліцыя капнула крыху глыбей — і палкоўнік адразу ж трапіў пад падазрэньне. Высьветлілася, што ягоны раман з партнэркай па гольфе ў самым разгары і ён даўно марыць пра развод з Агатай.

5 сьнежня пра таямнічае зьнікненьне Агаты Крысьці напісалі ўсе брытанскія газэты, а 6-га — «Нью-Ёрк Таймс». Малавядомая аўтарка дэтэктываў умомант зрабілася знакамітасьцю.

Бачачы такую справу, згаданы намі сэр Артур Конан Дойл таксама вырашыў узяць удзел у пошуках Агаты. Як водзіцца ў сышчыкаў, ён скарыстаў дэдуктыўны мэтад — магчыма, занадта дэдуктыўны для аўтара «Шэрлака Голмса». І пакуль грамадзяне прачэсвалі навакольныя лясы і бралі штурмам моргі, сэр Артур, даўні прыхільнік сьпірытызму, зьвярнуўся да знаёмага экстрасэнса, з парога паказаўшы яму пальчатку зьніклай пісьменьніцы.

Экстрасэнс прыняў Конана Дойла за вялікім сталом, заваленым газэтамі. «Гэтая рэч належыць Агаце Крысьці», — сказаў экстрасэнс, мімаходзь зірнуўшы на пальчатку. «Божа мой, як вы здагадаліся?» — ускрыкнуў уражаны Конан Дойл. «Я адчуваю флюіды, — суха адказаў экстрасэнс. — Уладальніца гэтай рэчы яшчэ жывая, стан у яе падаўлены, а на душы прыцемкі». Гэтай важнай інфармацыяй Конан Дойл адразу ж падзяліўся са Скотлэнд-Ярдам. А там ужо чакалі ордэру на арышт Арчыбальда Крысьці. Цягам апошніх дзён палкоўніку не давалі праходу журналісты, якія адчулі пах крыві, а калі містэр Крысьці выходзіў на вуліцу, дык чуў за сьпінай: «Дзе ты схаваў труп, Арчы? Прызнайся, мы нікому ня скажам!»

У сераду, 8 сьнежня, у доме Крысьці невядомыя пабілі ўсе шыбы, а ў горадзе Хэроўгэйт двое музыкаў прыйшлі ў паліцыю і заявілі, што надоечы бачылі ў адным з гатэляў жанчыну, падобную да Агаты. Паліцэйскія, прыхапіўшы з сабой беднага палкоўніка, пасьпяшаліся на месца. Арчыбальда пасадзілі ў рэстарацыі, замаскаваўшы нядзельнай газэтай, і загадалі разглядваць кожную даму, якая зьявіцца на парозе. Не мінула й гадзіны, як у залю ўвайшла Агата.

«Ня памятаю, — адмахнулася яна, калі апынулася перад паліцэйскімі і сваім перапалоханым мужам. — Няўжо я абавязаная ўсё памятаць? Мы жывем у свабоднай краіне!»

У гатэлі расказалі, што ўсе гэтыя дні іхная госьця гуляла ў більярд, танцавала, ела ад пуза, плавала ў басэйне і ні ў чым сабе не адмаўляла.

«Амнэзія», — пахітаў галавой тоўсты доктар.

«Амнэзія», — напісалі задаволеныя журналісты.

«Амнэзія», — з палёгкай уздыхнулі ў Скотлэнд-Ярдзе і здалі справу ў архіў.

«Амнэзія, — усьміхнулася Агата Крысьці, калі яны з мужам засталіся сам-насам. — Мой падарунак табе на Каляды, дарагі Арчы. А вось цяпер...»

Яна пяшчотна зірнула на яго.

«...цяпер можна пагаварыць і пра развод».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG