Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенцы атрымалі другі «Новы Замак»


Другі нумар “Новага Замка”, аўтар вокладкі — Яраслаў Мальдзіс
Другі нумар “Новага Замка”, аўтар вокладкі — Яраслаў Мальдзіс

Выйшаў другі нумар альманаху «Новы Замак», які выпускае гарадзенская філія Саюзу беларускіх пісьменьнікаў.

Як паведаміў Свабодзе дырэктар выдавецтва «Кнігазбор» Генадзь Вінярскі, альманах выходзіць раз на год, наклад застаўся ранейшы — дзьвесьце асобнікаў. Але важна, што першы нумар замовілі бібліятэкі Горадні, і альманах даступны чытачам, зазначыў Генадзь Вінярскі.

Другі нумар, паводле дырэктара «Кнігазбору», атрымаўся яшчэ больш цікавым. У разьдзеле «Са спадчыны» «Новага Замка» друкуецца драматычная паэма Міколы Арочкі «Каранацыя Міндоўга». Паэт памёр сёлета, твор ён скончыў дзесяць гадоў таму, але пры жыцьці аўтара друкаваўся толькі ўрывак. Публікацыю падрыхтаваў зямляк Міколы Арочкі пісьменьнік са Слоніма Сяргей Чыгрын.

Гарадзенская паэтка Ала Петрушкевіч напісала пра адметных людзей сваёй роднай вёскі ў Карэліцкім раёне «Шчонаўскія абразкі». Аўтар зазначае: «У кожнай вёсцы, ды і ў кожнай сям’і, знойдзецца нямала гісторыяў, смутных і сьмешных, але заўсёды цікавых для людзей неабыякавых, што хочуць ведаць пра мінулае, пра тое, чым жылі людзі раней. Гэтыя гісторыі зьнікаюць, нібы пясок, што сыплецца з далоняў часу».

Сярод прозы таксама апавяданьне, дасланае са Злучаных Штатаў Стасам Ільліным, які скончыў школу ў Горадні, але цяпер працуе амэрыканскім шафёрам-«дальнабойшчыкам». Віктар Сазонаў прадстаўляе нізку апавяданьняў, якія дагэтуль выходзілі толькі ў польскім перакладзе асобнай кнігай.

У «сучасных мэмуарах» Мечыслава Курыловіча распавядаецца, між іншым, пра альбарутэнаў, якімі ён называе сваіх родных з ваколіц вёскі Гожа пад Горадняй. Гэта шчырыя ўспаміны сталага чалавека, хірурга паводле прафэсіі, а таксама паэта. Ён распавядае пра тое, як жылі за польскім часам, пад нямецкай акупацыяй і потым — у сталінскія і хрушчоўскія часы, у прыватнасьці. Напрыклад, ён піша, як хлопчыкам вяртаўся аднойчы вечарам дахаты да бацькоў, гэта быў 1949 год:

«Пачуўшы ў хаце аўтаматную страляніну, схаваўся ў зарасьніках бэзу, які рос каля самага ганку. Як пазьней выясьнілася, гэта нкусаўцы шукалі ў кладоўцы бандытаў і рашэцілі кавалак сала. Празь нейкі час адзін нкусавец павёў бацьку на дарогу, а двое затрымаліся на сьцежцы каля бэзу і курылі. „Товарищ капитан, а чего вы не забрали эту суку?“ — пачуў я голас. » Ты что совсем озверел, она же беременная" — адказаў капітан«. Вось такія дзіцячыя ўспаміны захоўваюць некаторыя гарадзенцы. Мечыслаў Курыловіч вырашыў падзяліцца імі з чытачамі «Новага Замка».

У альманаху надрукаваны «замежны дзёньнік» Сяргея Астраўца, у якім уражаньні ад Готлянда, Мальёркі і Локрума — невялікага вострава ў Адрыятычным моры побач з Дуброўнікам. Яны напісаныя напалову вершам, напалову прозай.

У «Новым Замку» 256 старонак. Як паведаміў Генадзь Вінярскі, нядаўна выйшаў таксама першы нумар альманаха магілёўскага абласнога аддзяленьня СБП, які называецца «Брама».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG