Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар Ежэль: Я не бачу ніякіх падставаў падаваць у адстаўку


 Міхаіл Ежэль

Міхаіл Ежэль

Амбасадар Украіны ў Беларусі Міхаіл Ежэль распавёў карэспандэнту Свабоды, што ва ўкраінскай амбасадзе ніхто з дыпляматаў не падаў у адстаўку у знак пратэсту супраць сілавога разгону Эўрамайдану 30 лістапада ў Кіеве.

На пытаньне, ці выйшлі сёньня на працу дыпляматы, калі ва Ўкраіне аб’яўлены агульнанацыянальны страйк, амбасадар Ежэль адказаў, што амбасада працуе.
Амбасадар Міхаіл Ежэль так выказаўся адносна разгону Эўрамайдану 30 лістапада:

«Ёсьць афіцыйны пункт гледжаньня нашай дзяржавы. Прэзыдэнт сказаў, што ён абураны падзеямі, якія адбыліся ў ноч з 29 на 30-га лістапада, прэм’ер-міністар. Ёсьць адпаведная заява Міністэрства замежных спраў. І маё такое ж стаўленьне, што гэта сытуацыя, якая выйшла з-пад кантролю, павінна быць дасканала расьсьледаваная, вінаватыя пакараны. Трэба вельмі ўважліва разабрацца ў гэтай сытуацыі, бо ідзе прамое парушэньне Канстытуцыі Ўкраіны, калі мірных грамадзянаў сілавым мэтадам разагналі».

Карэспандэнт: «У некаторых амбасадах Украіны дыпляматы падалі ў адстаўку ў знак пратэсту, у Вашай амбасадзе ніхто не падаў?»

Ежэль: «У нас усё спакойна. Падаць у знак пратэсту супраць чаго? Чаму амбасада ці дыпсупрацоўнікі павінны падаваць у адстаўку? У нас ідзе праца, мы працуем. Мы прадстаўляем сваю дзяржаву, абараняем сваіх грамадзян у Беларусі. Таму я не бачу ніякіх падставаў падаваць у адстаўку».

Карэспандэнт: «Якім Вы бачыце далейшае разьвіцьцё сытуацыі ва Ўкраіне?»

Ежэль: «Я не прадказацель, цяжка казаць. Я думаю, што гэта працэс, дыялёг. Учора была заява старшыні Вярхоўнай рады Ўкраіны Ўладзімера Рыбака, што павінен быць круглы стол, па першае, павінны пачуць адзін аднаго. Гэта самае галоўнае. Калі пачуюць, то ўсё будзе добра. Калі ж будуць нейкія радыкальныя захады, сытуацыя можа выйсьці з-пад кантролю».

Карэспандэнт: «Наколькі магчымая адстаўка ўраду і парлямэнцкія выбары ва Ўкраіне?»

Ежэль: «Пра гэта цяпер цяжка казаць. Гэта ўжо палітыка, пайшлі палітычныя лёзунгі і заклікі. Трэба рэальна ацаніць сытуацыю, якая ўзьнікла пасьля непадпісаньня дамовы пра асацыяцыю з ЭЗ. Гэта няпростае пытаньне. Я ўпэўнены, што прэзыдэнту, які пастаянна прапаведаваў гэта і рабіў усё для эўраінтэграцыі, прыняць такое рашэньне было вельмі нялёгка. Значыць, там былі вельмі паважныя прычыны. Мы іх ведаем, гэтыя прычыны. Гэта эканамічны стан дзяржавы. Таму, калі такое падпісаньне магло пацягнуць за сабой мільёны беспрацоўных і падзеньне краіны у бездань, гэта вельмі складана».
XS
SM
MD
LG