Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ноч на Майдане ў Кіеве прайшла спакойна


У Кіеве працягваюцца пратэсты супраць улады, якія ўжо назвалі Эўрарэвалюцыяй.

Дэманстранты захапілі галоўныя плошчы Кіева, будынак гарадзкой мэрыі, Дом прафсаюзаў, пікетуюць Кабінэт міністраў. Яны патрабуюць адстаўкі ўраду, які адмовіўся ад асацыяцыі з Эўразьвязам, і патрабуюць датэрміновых парлямэнцкіх ды прэзыдэнцкіх выбараў.

Калёна з некалькіх тысяч пратэстуючых накіравалася да будынка ўрада Ўкраіны, каб зноў запатрабаваць адстаўкі кабінэта міністраў Мікалая Азарава. Рэзалюцыя аб недаверы ўраду была перададзена ў Вярхоўную Раду на мінулым тыдні.

На Майдане Незалежнасьці ўсю ноч заставаліся каля пяці тысяч чалавек. Яны ўмацоўвалі і пашыралі барыкады па пэрымэтры плошчы. Паводле відавочцаў, ад самай раніцы да Майдана сьцягваюцца аўтобусы з міліцыяй.

Кіеўская гарадзкая адміністрацыя і Дом прафсаюзаў застаюцца ў руках дэманстрантаў. Начальнік кіеўскага гарадзкога ўпраўленьня МУС Валерый Карак, учора адхілены ад пасады, запэўніў, што штурму мэрыі ў бліжэйшы час ня будзе,. Аднак ён зноў зьвярнуўся да пратэстоўцаў з просьбай вызваліць будынак. Паводле «Інтэрфакса», удзельнікі пратэстаў пакідаюць мэрыю і выходзяць на Майдан Незалежнасьці.

Учора міліцэйскі спэцназ разагнаў радыкальна наладжаную частку мітынгоўцаў, якая спрабавала сілай з дапамогай бульдозэра захапіць адміністрацыю прэзыдэнта. Лідэры апазыцыі заявілі, што лічаць спробу штурму правакацыяй з боку прэзыдэнта Віктара Януковіча.

Паводле мэрыі Кіева, у сутыкненьнях зь міліцыяй у Кіеве пацярпелі 165 чалавек, 109 зь іх шпіталізаваныя. У МУС паведамляюць пра больш за сто пацярпелых супрацоўнікаў міліцыі.

Сёньня ўдзельнікі агульнанацыянальнага ўкраінскага страйку пачнуць блякаваць адміністрацыйныя будынкі. Створаны штабы нацыянальнага супраціву ва ўсіх абласьцях Украіны. Раней лідэр фракцыі «Бацькаўшчына» Арсень Яцанюк заклікаў грамадзян краіны з розных рэгіёнаў прыехаць у Кіеў для ўдзелу ў акцыі пратэсту. Учора ўвечары ў Днепрапятроўску былі зьбітыя больш за дзьвесьце актывістаў апазыцыі, якія накіроўваліся ва ўкраінскую сталіцу.

Акцыі супраць уладаў і ў падтрымку «Эўрамайдана» ў Кіеве, удзельнікі якога былі жорстка разагнаныя міліцэйскім спэцназам рана раніцай у суботу, прайшлі і ў іншых гарадах Украіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG