Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што думаюць у Беларусі пра ўкраінскую рэвалюцыю?


Кіеў, 1 сьнежня 2013 г.
Кіеў, 1 сьнежня 2013 г.

Што думаюць беларускія палітыкі і палітолягі пра падзеі ў Кіеве, якія адрозьненьні і падабенствы зь Беларусьсю, што гэта значыць для бліжэйшай і доўгатэрміновай пэрспэктывы

Што думаюць беларускія палітыкі і палітолягі пра падзеі ў Кіеве, якія адрозьненьні і падабенствы зь Беларусьсю, што гэта значыць для Ўкраіны, Беларусі і цэлага рэгіёну.

Чаму ў Кіеве ўсё адбываецца не так як у Менску ў 2010-м? Палітоляг Дзяніс Мельянцоў перакананы, што сытуацыю ва Ўкраіне цяжка параўнаць зь беларускай, калі адбыўся разгон Плошчы ў Менску пасьля выбараў 2010 году.


Дзяніс Мельянцоў
Дзяніс Мельянцоў
«Па-першае, пасьля Аранжавай рэвалюцыі ва Ўкраіне пануе такая сыстэма палітычнай улады, пры якой няма цэнтралізацыі, няма канцэнтрацыі ўлады ў руках прэзыдэнта. Па-другое, на працягу 10 гадоў міліцыя не дапускала ўжываньня грубай сілы ў дачыненьні мірных да мітынгоўцаў. І па-трэцяе, тыя людзі, якія выйшлі на Эўрамайдан, ведаюць, што ў краіне ёсьць даволі моцная апазыцыя, на якую можна абаперціся, а таксама ёсьць людзі, нават у адміністрацыі прэзыдэнта, якія падтрымліваюць эўрапейскі шлях для Ўкраіны.

Таму так адбылося, што брутальны разгон Майдану выклікаў адваротную рэакцыю — кансалідацыю і мабілізацыю ўкраінцаў», — зазначыў Свабодзе палітоляг Дзяніс Мельянцоў.



Кароль: Украінцаў скарыць не ўдалося

Аляксей Кароль
Аляксей Кароль

Менскі палітоляг Аляксей Кароль тлумачыць, чаму ўкраінскім уладам, якія разагналі ўчора Майдан, не ўдалося скарыць усіх грамадзян, чаму пратэставаць і патрабаваць зьмены ўлады выйшлі сотні тысяч чалавек.

«Ще не вмерла демократична Україна! Я лічу, што паўмільёна ўкраінцаў выйшлі на вуліцу таму, што ва Ўкраіне дэмакратычныя перамены ўвайшлі глыбей і захапілі больш прасторы. Таму назіраем такую актыўнасьць, якая не чакалася і не прагназавалася.

Таксама важна тое, што ва Ўкраіне ёсьць арганізаваная апазыцыя ня толькі па-за сыстэмай, як у Беларусі, а таксама як у цэнтральных, так і ў мясцовых органах улады.
Другі чыньнік — гэта тое, што маладое пакаленьне, якое складае большасьць на Эўрамайдане, ужо цалкам скіраванае на Эўропу. На вуліцу выйшла вялікая колькасьць студэнтаў. Фактычна, тое, што мы назіраем, — арганізаваны выхад студэнтаў. Таксама важна тое, што ва Ўкраіне ёсьць арганізаваная апазыцыя ня толькі па-за сыстэмай, як у Беларусі, а таксама як у цэнтральных, так і ў мясцовых органах улады.

І яшчэ агульнавядомы факт падзелу Ўкраіны на усходнюю з прарасейскай арыентацыяй і заходнюю з эўрапейскай арыентацыяй. Менавіта заходняя частка краіны — засталася нескаронаю.

Вось і адбылася непрадказальная актывізацыя, якая не дазволіла ўкраінскім ўладам задушыць пратэст такім чынам, які гэта было зроблена ў Менску ў 2010 годзе»,— пракамэнтаваў Свабодзе апошнія падзеі ў Кіеве палітоляг і гісторык Аляксей Кароль.


Вячорка: Майдан пасароміў палітыкаў, што заклікалі супрацоўнічаць з дыктатарамі


Вінцук Вячорка
Вінцук Вячорка
Камэнтуючы падзеі ў Кіеве, палітык, сустаршыня «Беларускага руху» Вінцук Вячорка лічыць, што Януковіч не ўлічыў галоўнага фактару палітыкі — ўкраінскага народу:

«Ані Януковіч і ягоная група, ані аб’яднаная Эўропа не ўлічылі галоўнага фактару — украінскага народу. Усходняе Партнэрства, само па сабе выдатная і нават крыху запозьненая ініцыятыва, на практыцы аказалася скіраванае на дзяржаўныя ўлады постсавецкіх краінаў. А не на грамадзтва, не на народ. Патрэбныя карэктывы.
Галоўнае — украінцы адчулі, што іх зацягваюць назад у саўковую мінуўшчыну і ў расейскае нэаімпэрскае поле.

Ня мае сэнсу дыскутаваць, ці сапраўды кожны з удзельнікаў ЭўраМайдану ўсьведамляе канкрэтныя цяжкасьці пераходу да эўрапейскага працавітага жыцьця, заходніх эканамічных і праўных стандартаў. Галоўнае — украінцы адчулі, што іх зацягваюць назад у саўковую мінуўшчыну і ў расейскае нэаімпэрскае поле.

Кажуць: замала паабяцалі заплаціць Януковічу, Пуцін прапанаваў больш. Але такое мысьленьне хібнае. „Торг тут недарэчы“. Без дэмакратыі любыя фінансавыя рэсурсы раскрадаюцца клікай ды ідуць на сілавы апарат.

Немагчыма ўцягнуць у эўрапейскую цывілізацыйную прастору заведама неэўрапейскіх валадароў накшталт Лукашэнкі ці (хай сабе і хітрэйшага за яго) Януковіча. Затое гэтыя валадары выдатна сумяшчальныя зь іншаю — постсавецкаю імпэрскаю прастораю на ўсходзе. Каб не атрымалася, што Эўропа аплочвае Януковічу лепшыя ўмовы або даўжэйшы тэрмін зацягваньня ў расейскую арбіту. Гэта і пра Лукашэнку. Майдан пасароміў усіх тых палітыкаў-аналітыкаў, што заклікалі мякка слаць перад постсавецкімі дыктатарамі. Геапалітычных праблемаў ня вырашыш, адмовіўшыся ад каштоўнасьцяў. Толькі свабодны народ — гарант незалежнасьці».

Лябедзька: Падзеі ў Кіеве — добры знак для Беларусі

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Беларусі Анатоль Лябедзька шчыра радуецца сёньняшнім падзеям у Кіеве.

Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька
«Пад час Аранжавай рэвалюцыі я быў ва Ўкраіне і меў магчымасьць выступаць на Майдане ад імя дэмакратычнай Беларусі. Але пасьля падзеяў, якія адбыліся пазьней, было пэўнае расчараваньне. Таму цяпер, калі пачаўся Эўрамайдан, была ў мяне думка пра тое, што нельга ўвайсьці ў адну і тую ж ваду двойчы. Аднак цяпер я вельмі рады, што прагнозы не заўсёды спраўджваюцца.

Тое, што творыцца цяпер у Кіеве, а таксама на Эўрамайданах у іншых украінскіх гарадах, паказвае нам, што шанец ёсьць заўжды. Для нас, беларусаў, гэта важна найперш.
У тым, што людзі не спалохаліся брутальных разгонаў і выйшлі на вуліцу ў яшчэ большай колькасьці, ёсьць моцны фактар асабістай матывацыі.

У тым, што людзі не спалохаліся брутальных разгонаў і выйшлі на вуліцу ў яшчэ большай колькасьці, ёсьць моцны фактар асабістай матывацыі. Раней Эўрамайдан стаяў за агульную ідэю — за эўраінтэграцыю. Цяпер — гэта ўжо не акцыя за агульную ідэю, цяпер людзі ведаюць, што кожны асабіста можа атрымаць па галаве дубінкай.

Я вельмі моцна ўсьцешаны навінам з Украіны і перакананы, што гэта вельмі пазытыўны знак для дэмакратычнай Беларусі»,— заявіў Свабодзе Анатоль Лябедзька.


Янукевіч: У Кіеве вырашаецца лёс нашага рэгіёна

Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч

Лідэр Партыі БНФ Аляксей Янукевіч заявіў Свабодзе, што ён пільна сочыць за падзеямі ва Ўкраіне.

«У мяне шмат сяброў у Ківе, таму атрымліваю ад іх інфармацыю зь першых рук.

Я вельмі рады за нашых братоў-украінцаў, што яны здолелі аб’яднацца і мабілізавацца для абароны сваёй свабоды і эўрапейскага выбару Ўкраіны. Тыя, хто прымаў рашэньне пра брутальны разгон Майдану, вельмі моцна пралічыліся. Я перакананы, што прадугледжваўся беларускі сцэнар узору 2010 году. Разьлік рабіўся на тое, што расчараваньне пасьля безвыніковага для Ўкраіны віленскага саміту Ўсходняга партнэрства паралізуе людзей, а рэзкая рэакцыя Захаду на разгон адштурхне Ўкраіну ў бок Масквы і дазволіць абгрунтаваць эўразійскую інтэграцыю ізаляцыяй з боку Эўропы.

Сёньня ў Кіеве вырашаецца ня толькі лёс самой Украіны, але і лёс усёй Усходняй Эўропы

Аднак украінскі народ вырашыў па-іншаму і сёньня на парадку дня стаіць адстаўка ўкраінскага прэзыдэнта і ўраду.

Сёньня ў Кіеве вырашаецца ня толькі лёс самой Украіны, але і лёс усёй Усходняй Эўропы».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG