Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мірныя праэўрапейскія акцыі ў Кіеве і па ўсёй Украіне, якія ўлада хацела закончыць разгонам намётавага мястэчка на Майдане Незалежнасьці, выклікалі яшчэ больш шматлікія акцыі пратэсту і патрабаваньні адстаўкі ўраду і прэзыдэнта.

Да канца Віленскага саміту «Ўсходняга партнэрства» ўкраінскія ўлады асабліва не забаранялі людзям пратэставаць. Пасьля 120-тысячнай дэманстрацыі, якая адбылася 24 лістапада, на Майдане Незалежнасьці і Храшчаціку паўстала нямётавае мястэчка, якое «засяліла» пераважна студэнцкая моладзь. Як толькі Януковіч пакінуў Вільню, у мінулую пятніцу ўвечары сытуацыя на кіеўскім Майдане абвастрылася.

ЖЫВАЯ ВІДЭАТРАНСЬЛЯЦЫЯ З КІЕВА:


Студэнты, якіх у ноч з 29 на 30 лістапада заставалася каля 1000 чалавек, чакалі начных правакацый. І гэта здарылася.



А 4-й раніцы на студэнтаў напалі байцы спэцпадраздзяленьня «Беркут» і сілай разагналі пратэстоўцаў. Упершыню на такіх акцыях у сучаснай Украіне пралілася кроў.

Як потым высьветлілася, байцоў «Беркута» прывезьлі з Крыма і Данецку, бо кіеўскі спэцназ адмовіўся ўжываць сілу супраць мірных людзей. Студэнтаў зьбівалі дубінкамі і нагамі, білі дзяўчат і тых, хто ляжаў, рабілі зачыстку на прылеглых вуліцах.

Усё гэта вельмі нагадала падзеі страшнай ночы з 19 на 20 сьнежня 2010 года ў Менску.

У шпіталі Кіева зьвярнуліся 35 чалавек, сямёра былі шпіталізаваныя, але многія не зьвярталіся да мэдыкаў. Зьявілася інфармацыя, што адна зьбітая на Майдане памерла ў шпіталі, але мэдыкі гэта не пацьвердзілі.

Раніцай 30 лістапада Ўкраіна прыйшла ў жах — раней там здараліся сутычкі паміж дэманстрантамі і міліцыяй, але так жорстка мірных грамадзян за апошнія два дзесяцігодзьдзі яшчэ ня білі.

На гэтым падабенства зь Беларусьсю завяршаецца.





Украінскія ўлады дагэтуль знаходзяцца ў разгубленасьці. Ніхто так і не ўзяў на сябе адказнасьць за крывавы разгон, хіба што начальнік кіеўскай міліцыі папрасіўся ў адстаўку, але дасьведчаныя людзі разумеюць, што ён ня мог сам паслаць на разгром Эўрамайдану «Беркут» з Крыму і Данецку.

Прэзыдэнт Януковіч і прэм’ер-міністар Азараў асудзілі празьмернае ўжываньне сілы пры зачыстцы Майдану нібыта для ўсталяваньня навагодняй ялінкі. Міністар унутраных спраў Віталь Захарчанка абвясьціў, што пачынае ўнутранае расьсьледаваньне з нагоды злоўжываньня сілай падразьдзяленьнем спэцназу, не ўдакладніўшы аднак, як яно трапіла ў Кіеў і хто аддаў загад на ўжываньне сілы. Пракуратура таксама пачала расьсьледаваньне «неабгрунтаванага ўжываньня сілы» спэцназам у адказ на тое, што, як зазначыў начальнік кіеўскай міліцыі, студэнты кідалі ў «Беркут» бляшанкі з зялёным гарошкам.



Здранцьвеньне, у якім апынулася ўкраінскае грамадзтва, хутка прайшло і перарасло ў абурэньне. У нядзелю 1 сьнежня, апазыцыя склікала ў Кіеве Народнае веча.

На тэрыторыі залатаверхага Міхайлаўскага сабора Ўкраінская праваслаўная царква Кіеўскага патрыярхату дала магчымасьць разагнаным пратэстоўцам схавацца і сагрэцца, гэтая ж царква пазьней блаславіла правядзеньне Народнага веча.

Нядзельныя пратэсты значна перасягнулі папярэднія. Яны ўжо не былі апалітычнымі, не былі толькі праэўрапейскія, яны сталі адкрыта аныўрадавымі, і ўзначаліла іх парлямэнцкая апазыцыя. Людзі ўжо не патрабавалі інтэграцыі з Эўразьвязам, а скандавалі «Банду прэч!», «У адстаўку».



Калі ў цэнтры Кіева сабраліся больш за 300 тысяч чалавек, людзі зь лёгкасьцю вярнулі сабе Майдан Незалежнасьці, не сустрэўшы ніякага супраціву «Беркута».

Ялінку, якая паводле афіцыйнай вэрсіі і стала прычынай крывавага разгону, ўпрыгожылі сьцягамі Ўкраіны і Эўразьвязу. Паводле арганізатараў, да вечара нядзелі на Майдане Незалежнасьці і Хрэшчатыку было ўжо каля 500 тысяч чалавек, і людзі з рэгіёнаў працягвалі ехаць. Украінцы казалі на словах і прадэманстравалі сваімі дзеяньнямі, як ім абрыдла дзейная ўлада.

Пратэстоўцы захапілі будынак мэрыі Кіева і Дом прафсаюзаў, якія стаяць на Храшчаціку і Майдане незалежнасьці, дзе стварылі свае штабы і пункты абагрэву, як гэта было ў 2004 годзе пад час Аранжавай рэвалюцыі. Як і тады, апазыцыя стварыла Камітэт нацыянальнага выратаваньня і Штаб нацыянальнага супраціву.



Апазыцыя будуе на Майдане сцэну, заклікае людзей паводзіць сябе мірна, не паддавацца на правакацыі, не штурмаваць будынкаў адміністрацыі прэзыдэнта і Кабінэту міністраў — спробу штурму з бульдозэрам спынілі самі пратэстоўцы.

У Кіеве каля 200 лекараў ўтварылі сваю сетку і аказваюць цяпер пацярпелым дапамогу прыватным чынам, іх прадстаўнікоў можна вызначыць па белых майках з чырвоным крыжам.



Ажылі і майданы ў абласных цэнтрах. У Львове на плошчы каля помніка Тарасу Шаўчэнку 40 тысяч чалавек таксама патрабавалі адстаўкі прэзыдэнта і ўраду. З такімі ж лёзунгамі выступалі пратэстоўцы і ў іншых гарадах Украіны. Нават у Данецку запатрабавалі спаліць партрэт прэзыдэнта Януковіча.

Усё гэта вельмі падобна да Аранжавай рэвалюцыі 2004 года. Раней падавалася, што народ Украіны, расчараваны тым, як Віктар Юшчанка распарадзіўся той перамогай, не давярае ўжо нікому.

Але нічога не адбываецца марна. Прыклад той рэвалюцыі, той пераможны досьвед украінцы выкарыстоўваюць цяпер напоўніцу, хоць лідэры ў апазыцыі ў іх ужо іншыя і іншыя магчымасьці для самаарганізацыі.

Віталь Клічко, Арсень Яцанюк, Алег Цягнібок выказваюць агульнае патрабаваньне — улада павінна сысьці — урад, Вярхоўная Рада, прэзыдэнт, якія зьнішчылі эўрапейскую мару Ўкраіны і дапусьцілі зьбіцьцё людзей.



Лідэры апазыцыі ўжо заявілі, што «ва Ўкраіне пачалася рэвалюцыя», заклікалі людзей заставацца на Майдане Незалежнасьці, ўсталёўваць намёты, блякаваць будынкі ўраду і адміністрацыі прэзыдэнта, працягваць мірны пратэст да перамогі.

Зразумела, што ўлада не сьпяшаецца сыходзіць у адстаўку. Інфармацыя пра тое, што на знак пратэсту падаў у адстаўку кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Сяргей Лёвачкін, не пацьвердзілася. У рэзыдэнцыі Януковіча «Міжгор’е» ўвесь час адбываюцца нарады, але вынік іх няясны.

Яшчэ адно адрозьненьне ад беларускай Плошчы — тое, што ва ўкраінскай апазыцыі могуць зьявіцца рэальныя рычагі для ўплыву на сытуацыю і апрача Майдану.



У парлямэнце Ўкраіны большасьць складаюць фракцыі камуністаў і Партыі рэгіёнаў — 255 дэпутатаў з 450. З Партыі рэгіёнаў пачынаюць выходзіць дэпутаты, якія зьяўляюцца знакавымі фігурамі. Калі гэты працэс пойдзе далей, то цалкам можна будзе сабраць 226 галасоў за адстаўку Кабінэту міністраў.

За роспуск парлямэнту і адстаўку прэзыдэнта неабходна сабраць дзьве траціны галасоў.

Украінскія студэнты, якіх ў ноч на суботу зьбіваў спэцназ, у адказ на гвалт сьпявалі нацыянальны гімн «Ще не вмерла Україна».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG