Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мошас: Імклівы рух Януковіча ад Эўропы можа азначаць толькі рух у бок Расеі


Аркадзь Мошас

Аркадзь Мошас

Вынікі Віленскага саміту Ўсходняга партнэрства і разгон Эўрамайдану ў Кіеве мы папрасілі пракамэнтаваць дырэктара дасьледчых праграм Фінскага інстытуту міжнародных дачыненьняў Аркадзя Мошаса. Зь ім гутарыў Юры Дракахруст.

— Ці можна сказаць, што на саміце ў Вільні Расея была пераможцам ці, прынамсі, трэцім, які радуецца?

— Крэмль (будзем казаць усё ж не пра Расею, а пра Крэмль) дамогся рашэньня пэўных тактычных задачаў, якія ён перад сабой ставіў. Пасьля Вільні можна было яшчэ казаць, што Крамлю ўдалося захаваць status quo і не дапусьціць руху Ўкраіны на Захад. А падзеі сёньняшняй ночы, разгон Эўрамайдану ў Кіеве, сьведчаць аб імклівым руху Януковіча ад Эўропы, што ў дадзеных умовах можа азначаць толькі ў бок Расеі. Так што сур’ёзны тактычны выйгрыш Крамля можна канстатаваць. Што да стратэгічнайга выйгрышу, то пра яго рана гаварыць, на мой погляд, нічога не зьмянілася. Проста наступныя 15-16 месяцаў у рэгіёне агульнага суседзтва будуць вельмі напружаным пэрыядам.

— На ваш погляд, чаму Беларусь на Віленскім саміце нарэшце пагадзілася пачаць перамовы з ЭЗ аб спрашчэньні візавага рэжыму?
Нелібэралізаваны візавы рэжым паміж Беларусьсю і ЭЗ зьяўляецца вынікам няправільнай палітыкі беларускага ўраду

— Беларускі ўрад разумее, што такая мера будзе папулярнай. Я сам, калі шмат разоў быў у Вільні на розных мерапрыемствах, бачыў, як прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці Беларусі ўзьнімалі менавіта гэтае пытаньне. ЭЗ гатовы ісьці на пэўную лібэралізацыю візавага рэжыму, а як мы бачым на прыкладзе Малдовы, пры выкананьні пэўных умоваў нават на поўную адмену візаў. Так што праблема не ў ЭЗ. Нелібэралізаваны візавы рэжым паміж Беларусьсю і ЭЗ зьяўляецца вынікам няправільнай палітыкі беларускага ўраду. Гэта непапулярна, і больш немагчыма тлумачыць насельніцтву, што візавы рэжым застаецца жорсткім з прычыны таго, што на Захадзе акапаліся адны ворагі.

— Ці можна чакаць, што пасьля Віленскага саміту ЭЗ перагледзіць сваю палітыку адносна краінаў партнэрства? Калі раней афіцыйны Менск выглядаў enfant terrible партнэрства, то зараз высьвятляецца, што гэтыя самыя «энфаны» складаюць, выглядае, большую частку краін партнэрства.

— Мне так не падаецца. Я чуў перасьцярогі, пераважна прадстаўнікоў Грузіі і Малдовы, што з выпадзеньнем цэнтральнага і найбольш важнага зьвяна партнэрства — Украіны — Эўропа пачне сыходзіць з рэгіёну. Але і раней было разуменьне таго, што рэгіён надзвычай разнастайны. Ужо гады два, з дацкага старшыняваньня, Эўразьвяз пераходзіў да прынцыпу «больш за больш». Што мае на ўвазе і менш за менш, і нуль за нуль. Хаця Ўкраіна стала непрыемным момантам і нават шокам для тых людзей, якія асабіста ўклалі шмат высілкаў, каб дамагчыся посьпеху саміту, я бачу, што ёсьць жаданьне працягваць працаваць з тымі, хто гатовы працаваць.

Пакрокавая палітыка, скіраваная на фіксацыю дасягненьняў і прагрэсу, захаваецца, як мінімум да наступнага саміту Партнэрства ў Рызе.

— Мы бачылі, як жорстка ЭЗ зьвязваў падпісаньне пагадненьня аб асацыяцыі з Украінай зь лёсам Юліі Цімашэнкі. У свой час ЭЗ падпісваў пагадненьні аб асацыяцыі з такімі краінамі, як Альжыр, Марока, Туніс часоў Бэн Алі, Эгіпет Мубарака. Ці ня можа прастора Партнэрства пасьля Віленскага саміту трактавацца як своеасаблівы Магрыб, толькі на ўсходзе?

— Мне здаецца, што пакуль не, ня можа. Пакуль ёсьць разуменьне, што паўднёвыя і ўсходнія суседзі — гэта прынцыпова розныя рэгіёны. І ўпартасьць у справе Цімашэнкі паказвае, што Эўразьвяз не пайшоў на тое, каб гэтыя рэгіёны канцэптуальна атаясамляць. Усё ж ёсьць рух — ён марудны, ён упіраецца ў нежаданьне эўрапейцаў нават задумвацца аб пэрспэктыве сяброўства ўсходніх суседзяў у Эўразьвязе. Але ёсьць разуменьне таго, што ёсьць суседзі Эўропы, і ёсьць эўрапейскія суседзі.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG