Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Азараў перакананы, што ўкраінскую ўладу нехта «падстаўляе»


Украінскі прэм’ер-міністар Мікалай Азараў

Украінскі прэм’ер-міністар Мікалай Азараў

Прэм’ер-міністар Украіны назваў «правакацыяй» разгон мітынгоўцаў на Майдане. А мэр Львова заявіў, што калі паспрабуюць разагнаць тамтэйшы Майдан, выйдзе ўвесь горад.

Прэм’ер-міністар Украіны Мікалай Азараў назваў «правакацыяй» разгон мітынгоўцаў на Майдане і паабяцаў ўсебаковае расьсьледаваньне сытуацыі. Пра гэта ён зрабіў запіс на сваёй старонцы у Facebook’у:

«Я глыбока абураны тым, што адбылося ўначы на Майдане Незалежнасьці. Тыя зьвесткі з розных бакоў, якія ёсьць на дадзены момант, не дазваляюць зрабіць адназначныя высновы — хто нясе адказнасьць за гэту правакацыю? Я заклікаю ўсіх людзей у гэтай складанай, эмацыйна напаленай абстаноўцы ня верыць усялякім чуткам, цьвяроза і ўзважана ацэньваць факты, аддзяляючы іх ад домыслаў. Зараз зразумела адно: хто абсалютна не зацікаўлены ў такім сцэнары, які разгарнуўся, дык гэта ўлада. Наадварот, наша задача — захаваць спакой і стабільнасьць у краіне», — зазначыў Мікалай Азараў.

Варта нагадаць, што менавіта Азараў абвясьціў украінскаму народу пра тое, што дамова пра асацыяцыю з Эўразьвязам падпісвацца ня будзе. Гэтыя ды наступныя заявы якраз і справакавалі незадаволенасьць украінцаў.

Андрэй Садовы

Андрэй Садовы

Зусім іншыя настроі валадараць у сэрцы заходняй Украіны — Львове. Мэр гораду Андрэй Садовы праз той жа Facebook асудзіў сілавую акцыю спэцпадразьдзяленьня «Беркут» у Кіеве і запэўніў, што не дазволіць разгону львоўскага Эўрамайдану:

«Калі хтосьці мае намер паўтарыць пабоішча ў Львове, перад ім стануць ня толькі некалькі тысяч студэнтаў, якія зараз ёсьць на львоўскім Эўрамайдане. Увесь горад выйдзе!» — папярэдзіў спадар Садовы.

Як сьцьвярждаюць украінскія палітыкі, львоўскія сілавікі, адрозна ад кіеўскіх, адмовіліся разганяць мітынгоўцаў у сваім горадзе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG