Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журы «Эўрафэсту» забракавала беларускамоўных


Віталь Гуркоў цяпер можа спакойна рыхтавацца да баёў на рынгу

Віталь Гуркоў цяпер можа спакойна рыхтавацца да баёў на рынгу

У студыі Белтэлерадыёкампаніі завяршыўся першы этап адбору выканаўцаў на міжнародны конкурс «Эўрабачаньне», які ў траўні наступнага году адбудзецца ў Даніі.

Журы ў складзе кіраўніка БТ Генадзя Давыдзькі і культурнага аглядальніка Міхася Равуцкага, былых удзельнікаў ВІА «Верасы» Аляксандра Ціхановіча і Васіля Раінчыка, сёлетняй прадстаўніцы на «Эўрабачаньні» ад Беларусі Алёны Ланской ды іншых праслухалі больш за сто прэтэндэнтаў.

Калектыўным рашэньнем былі пакінутыя паўтара дзясятка артыстаў, якія пазмагаюцца за адзіную пуцёўку ў Капэнгаген. Фінал «Эўрафэсту» пройдзе ў студзені наступнага году.

Адметна, што ў лік 15 абраных ня трапіў ніводзін з выканаўцаў, якія падрыхтавалі беларускамоўныя нумары. Зрэшты, іх і без таго можна было пералічыць на пальцах адной рукі, аднак менскай камандзе HandmadE пад кіраўніцтвам Яўгена Валошына зь песьняй «Бег па канатах» крытыкі дружна прарочылі выхад прынамсі ў наступны раўнд.

Інтрыгі дадавала тое, што да запісу быў далучаны адзін з мацнейшых беларускіх тайбаксёраў, шматразовы чэмпіён сьвету Віталь Гуркоў. Аднак тое, што спадабалася слухачам, ня ўразіла экспэртаў.

Як кажа Віталь Гуркоў, у такой разьвязцы ёсьць свой пазытыў — прынамсі цяпер ён можа спакойна рыхтавацца да баёў на рынгу:

«Справа ў тым, што я ж не сьпявак, мне ёсьць чым займацца. Калі б лёс так склаўся, то трэба было б ужо ісьці да канца, а як не — дык чаго ўжо лішні раз перажываць? У мяне свая справа, свая праца, я ж не магу ў адзін момант усё кінуць. У гэтым выпадку можна хіба што пажартаваць: як аказалася, Яўген Валошын — не Білан, а я — ня Плюшчанка. Відаць, фармат ня той. І дзякуй богу, што гэта ня так, бо ўсё ж я дзейны спартовец, трэба ў сваёй галіне разьвівацца далей. А музыкі сваё шчасьце яшчэ паспытаюць».

Такім чынам, пасьля двухдзённага праслухоўвання канкурсантаў, журы абрала 15 прэтэндэнтаў. У фінал выйшлі як мала вядомыя выканаўцы — Мацьвей Бандарэнка, Юрый Вашчук, Дарыя, Анастасія Малашкевіч, Арцём Міхаленка, Натальля Адзінцова, Алена Сіняўская, Аліна Мошчанка — так і тыя, хто пасьпеў дзесьці засьвяціцца: Аляксей Грос, Жанэт, Макс Лорэнс& ДзіДзюЛя, NAPOLI, Nuteki, Натальля Тамела, Switter boys.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG