Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія кнігі ў Каралеўскім замку ў Варшаве


Шэф-рэдактар “Архэ” Алесь Пашкевіч у Варшаве
Шэф-рэдактар “Архэ” Алесь Пашкевіч у Варшаве
У Варшаве адбываецца ХХІІ кірмаш гістарычнай літаратуры, у яго межах праходзіць Другі салён беларускай кнігі. Паўтара дзясятка недзяржаўных выдавецтваў змаглі прадставіць варшавянам свае выданьні на беларускай мове.

Марына Шыбко з выдавецтва «Лімарыюс» распавяла нашаму Радыё, што арганізавалі прыезд беларускіх выдаўцоў Польскі інстытут у Менску і Міністэрства замежных справаў Польшчы. Паводле яе, было прапанавана ўдзельнічаць і аднаму зь дзяржаўных выдавецтваў, але на кірмашы яно прадстаўнікоў чамусьці няма. Польскі бок напачатку правёў для беларусаў трохдзённую вучобу, пазнаёмілі са станам польскага кніжнага рынку, мэханізмамі яго дзеяньня.

У палякаў лепшая сытуацыя, сказала Марына Шыбко: на кніжную прадукцыю існуе падатак на дадатковаую вартасьць памерам пяць адсоткаў, у Беларусі ён у чатыры разы вышэйшы. Сёлета таксама пашырылася плошча беларускіх удзельнікаў: кніжныя стэнды займаюць дванаццаць пагонных мэтраў, зазначыла спадарыня Шыбко, летась займалі толькі шэсьць.

Шэф-рэдактар часопіса «Архэ» Алесь Пашкевіч таксама другі раз прыехаў на кніжны кірмаш у Варшаву. Ён кажа, што беларускай кнігай цікавяцца польскія навукоўцы, беларусы, якія жывуць у Варшаве, людзі, якія маюць сантымэнт да Беларусі, паходзяць зь яе ці маюць там сваякоў. Зьявіліся і першыя пастаянныя пакупнікі, яны цікавяцца — што новага прывезьлі беларусы.



Дырэктар выдавецтва «Галіяфы» Зьміцер Вішнёў першы раз на варшаўскім кірмашы. Ён кажа, што выдавецтва выпускае няшмат уласна гістарычных кніг, хаця яны ёсьць, таму «Галіяфы» прадстаўляюць таксама іншую літаратуру. Спадар Вішнёў кажа, што спадзяецца на кантакты з польскімі выдаўцамі, каб рабіць сумесныя праекты.

Нягледзячы на тое, што кірмаш прысьвечаны толькі гістарычнай літаратуры, яго маштаб уражвае беларускіх выдаўцоў. На жаль, у Менску такое люднае мерапрыемства, насычанае тысячамі кніг і запоўненае аматарамі літаратуры, пакуль уявіць цяжка. Але яны ўдзячныя польскаму боку за магчымасьць прадставіць свае кнігі ў Варшаве. Кніжны кірмаш у Каралеўскім замку скончыца ў нядзелю 1 сьнежня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG