Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тавар, які баранілі прадпрымальнікі на Ждановічах, канфіскавалі


Ждановіцкі рынак
Ждановіцкі рынак

Прадпрымальнікі, якія ад 11 гадзіны баранілі ад падаткавікоў кропку на Ждановічах, пад канец працоўнага дня разышліся. У выніку тавар быў канфіскаваны.

Так скончыўся канфлікт на рынку «Ждановічы», які пачаўся 29 лістапада аб 11 гадзіне. Да аднаго з прадпрымальнікаў, які гандлюе джынсамі насупраць «Дому моды-4», прыйшлі супрацоўнікі падатковай інспэкцыі і пачалі канфіскоўваць тавар.

Іншыя прадпрымальнікі, якія гандлююць па суседзтве, зачынілі свае кропкі і накіраваліся бараніць калегу. Агулам сабралася каля 200 чалавек. Падчас канфлікту нават дайшло да рукапашнай, паламалі сталы, на якіх былі раскладзеныя рэчы.

Неўзабаве да падаткавікоў далучыліся супрацоўнікі міліцыі і АМАП.

Пра падрабязнасьці інцыдэнту Радыё Свабода апавёў прадпрымальнік Вячаслаў Піліпук, сябра РГА «Перспэктыва»:

Вячаслаў Піліпук
Вячаслаў Піліпук
«Падаткавікі дачакаліся „перамогі“. З чатырох павільёнаў, на якія яны „напалі“, тавар канфіскавалі з двух. Нейкія падставы ў падаткавікаў да канфіскацыі тавару былі. У прадпрымальніка, да якога прыйшлі з праверкай, на рынку 30 кропак. І падаткавікі хацелі з усіх канфіскаваць тавар. Таму супрацьстаяньне вельмі яму дапамагло — толькі з двух канфіскавалі. А іншы тавар прыбраны з-пад удару».

Па словах Піліпука, супраць прадпрымальнікаў прыгналі некалькі аўтобусаў АМАПу, а таксама міліцэйскія ўазікі, аўтазак і некалькі цывільных аўтамабіляў. «Ніхто ня ўмешваўся, стаялі ўбаку. З АМАПу былі высокія досыць чыны — ад сяржантаў да падпалкоўнікаў», — кажа Піліпук.

Ён лічыць, што прадпрымальнікаў «узялі зморам» — людзі сталі разыходзіцца, каб завяршыць працоўны дзень, закрыць павільёны.

«Для падаткавікаў „Ждановічы“ — гэта ласы кавалак. На жаль, прадпрымальнікі адвыклі ад праверак, бо быў пэўны „мараторый“. Шмат хто расслабіўся, ня маюць ужо ўсіх дакумантаў. І падаткавікі пабачылі, што ёсьць слабыя месцы — накінуліся, як грыфы на здабычу».

Масавыя праверкі прадпрымальнікаў пачаліся ў лістападзе. Зь 1 сьнежня прадпрымальнікі ўжо ня змогуць прадаваць тавары, на якія ня маюць адпаведных дакумантаў. Такія новаўвядзеньні зьвязаныя з патрабаваньнямі тэхнічнага рэглямэнту Мытнага саюзу «Пра бясьпеку прадукцыі лёгкай прамысловасьці».

«Абклалі нас з усіх бакоў, — кажа Піліпук. — Кожны ж разумее, што цяпер можна і да слупа дачапіцца. Бывае такое, што прыходзіць правяральнік, сядае на крэсла і кажа: „Мы ж усё адно нешта знойдзем. Давайце мінімальны штраф, 10 базавых, і разыдземся“. І прадпрымальнік, як ня роспачна, з палёгкай уздыхае і пагаджаецца».

Паводле слоў Піліпука, «Пэрспэктыве» паведамілі пра тое, што цяпер і Транспартная міліцыя правярае аўтобусы прадпрымальнікаў на расейска-беларускай мяжы. На гэтых аўтобусах дробныя прадпрымальнікі едуць у Маскву за таварам. «Цяпер па вяртаньні гэты тавар можа быць канфіскаваны, калі на яго няма патрэбных дакумантаў», — кажа Піліпук.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG